Дом майстроў

З 31 жніўня ў Ганцавіцкім доме рамёстваў пачала працаваць Ганна Аўсеева, сюды дзяўчына размеркавалася адразу пасля заканчэння Віцебскага мастацкага каледжа.
З 31 жніўня ў Ганцавіцкім доме рамёстваў пачала працаваць Ганна Аўсеева, сюды дзяўчына размеркавалася адразу пасля заканчэння Віцебскага мастацкага каледжа. Ёй усяго дваццаць, а маленькіх вучняў у майстра ўжо пяць. Сваім падапечным маладая настаўніца раскрывае амаль усе таямніцы ткацтва і, між іншым, вучыцца сама. На заняткі два разы ў тыдзень прыходзяць і дзяўчаткі, і хлопчыкі. Дарэчы, апошнія за ручны драўляны станок (іх у Доме рамёстваў два) садзяцца з не меншым задавальненнем, чым будучыя гаспадыні. Для дзятвы, якую ткацтва не вабіць, у Доме рамёстваў адкрыты групы вышыўкі, разьбы па дрэве, лозапляцення і саломкі. У хуткiм часе з’явяцца тут гурткі і для дарослых (дарэчы, пры Доме рамёстваў працуе клуб майстроў “Багач”). Займацца тыя будуць за грошы — так культурная ўстанова спадзяецца паправіць сваё матэрыяльнае становішча. Плошча дома рамёстваў – гэта ўсяго сорак два квадратныя метры. Але інакш як скарбніцай народнай гэта месца і не назавеш. Некалькі невялікіх пакояў – і безліч дзіўных экспанатаў, у большасці – паясы, ручнікі, абрусы. Гэта і нядзіўна: у Ганцавіцкім раёне цэлыя пасёлкі – ткацкія, у кожнай хаце – станок. — У гэты будынак мы заехалі сем гадоў таму, — расказвае дырэктар дома рамёстваў Марыя Муха. – Амаль усё рабілі самі, хіба толькі печку не клалі. Адкуль экспанаты? Час ад часу мы выязджаем у вёску. Дзіўна, але самыя лепшыя экзэмпляры нашы метадысты знаходзілі ледзь не выпадкова. З гэтых старажытных ручнікоў-вышыванак і бяруць узор майстры Дома рамёстваў, і даволі ўдала. Афіцыйныя ганцавіцкія хлеб-соль без іх вырабаў не абыходзяцца. На выстаўках ад мясцовых стэндаў гледачы не адыходзяць. Купляюць ткацкія шэдэўры на вяселле, да святаў. Як гаворыць Марыя Іванаўна, абрусы нават на месяц наперад распісаны. Адзінае, кошт за ручную працу невялікі: за ручнік, на які затрачваецца каля двух тыдняў, трэба аддаць пятнаццаць тысяч рублёў. На здымках: майстар-метадыст па ткацтве Ганцавіцкага дома рамёстваў Ганна АЎСЕЕВА; дырэктар Ганцавіцкага дома рамёстваў Марыя Муха (у цэнтры) і яе майстры: Вольга Паніна – па вышыўцы і Юлія Бачкарова – па саломцы дэманструюць ганцавіцкі ручнік.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter