Дом масонаў, завулак музычны

Гэты будынак у Мінску па адрасе: Музычны завулак, 5 шмат гадоў называлі Домам масонаў
Гэты будынак у Мінску па адрасе: Музычны завулак, 5 шмат гадоў называлі Домам масонаў. Праўда, сучасныя даследчыкі запэўніваюць, што няма ніякіх дакументаў, якія б пацвярджалі, што менавіта тут адбываліся пасяджэнні ложы. Але легенда так трывала замацавалася, што новую славу будынак атрымаў толькі з пераездам у яго ў пачатку гэтага стагоддзя Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі. І зараз людзі ўжо ідуць у госці не да масонаў, а да Ларысы Александроўскай, Стэфаніі Станюты і іншых выдатных дзеячаў культуры, якія «суседнічаюць» тут ужо больш за дзесяць гадоў.

Вядучы навуковы супрацоўнік музея Марыя ГАНЧАРЫК запрашае ў батлеечны тэатр

— Мы ўжо не аддзяляем сябе ад гэтага будынка, — сустракае нас дырэктар Зінаіда Кучар. — Музею сёлета 25, а так званаму Дому масонаў — 205. Калі мы сюды ўпершыню ўвайшлі, то нас ахапіў жах: вокны, вокны і зусім мала экспазіцыйнай плошчы. Але выйсце знайшлі, у выніку атрымалі ўтульныя залы. А з часам зразумелі, што нашых наведвальнікаў цікавяць не толькі экспазіцыі, але і гісторыя будынка, таму і зрабілі адпаведную выставу.

Да юбілею ў музеі сапраўды падрыхтаваліся. Экскурсавод паказвае нам апошнія набыткі: тэлевізар, на якім дэманструюць дакументальныя фільмы пра выдатных беларускіх дзеячаў, і інфакіёск: яго ўнікальнасць не толькі ў інфармацыйнай начынцы, ён нават можа вырабляць паштоўкі з фотаздымкамі наведвальнікаў.

Вядома ж, з’явіліся і новыя экспанаты. Адзін з самых значных набыткаў — кантрабас XVII стагоддзя майстра П’етра Антоніа Ландольфі — падарунак Акадэміі музыкі. Інструмент некалі належаў Ігнацію Салодчанку, які, па легендзе, набыў яго ў Кіславодску за шапку сухароў. Некалькі гадоў ён быў схаваны ад вачэй наведвальнікаў, бо патрабавалася рэстаўрацыя. За няпростую справу ўзяўся Дзяніс Ключнікаў, і сёння дзякуючы гэтаму майстру наведвальнікі нават могуць пачуць цудоўны голас кантрабаса.

А любімымі інструментамі ўсіх наведвальнікаў сталі трашчотка, бразготка, бубен, дуда, дакладней, іх аналагі. Стагадовыя экспанаты беражліва захоўваюць за шклом, а вось іх «дублікаты» можна не толькі браць у рукі, але нават іграць на іх. 

— Вы б бачылі, як гараць у дзяцей вочы, узнімаецца настрой, калі яны ствараюць тут сапраўдны ансамбль, — гаворыць Зінаіда Лявонцьеўна. — Любяць малыя і батлеечныя спектаклі. Дарослыя таксама з захапленнем глядзяць «Цара Ірада» і іншыя інтэрмедыі: днямі ў нас на экскурсіі былі супрацоўнікі Нацбанка, засталіся вельмі задаволенымі.


Зінаіда КУЧАР дэманструе музычныя інструменты

Але ж большую цікавасць для дарослых наведвальнікаў прадстаўляюць мемарыяльныя пакоі, дзе захоўваюцца асабістыя рэчы вядомых беларускіх дзеячаў мастацтва. Да ідэі іх стварэння спачатку нашчадкі адносіліся вельмі насцярожана, але хутка зразумелі, што лепшага прытулку для асабістых рэчаў майстроў не знайсці.

— Памятаю, як упершыню ў мемарыяльны пакой сям’і Яроменка зайшла Галіна Аляксандраўна Арлова. Першыя некалькі хвілін маўчала, потым падняла вочы ўверх і гаворыць: «Яромы, калі вы мяне чуеце! Мне тут добра, значыць, падабаецца і вам!» Гэта было вельмі прыемна чуць. Значыць, мы ўсё робім правільна.

Гітара Яўгена Глебава, раяль Ларысы Александроўскай, паходны грымёрны столік Мікалая Яроменкі-старэйшага — гэта не проста ўнікальныя прадметы, гэта сапраўдны скарб. Усяго ж фонд музея складае каля трыццаці тысяч адзінак захоўвання. І штогод ён папаўняецца. Акцёры, рэжысёры, артысты, у гонар якіх арганізуюцца юбілейныя вечарыны, або іх нашчадкі ніколі не прыходзяць у музей з пустымі рукамі, заўсёды пакідаюць цікавыя прадметы. 

Але рэчавыя экспанаты ў гэтых сценах, можна сказаць, другарадныя, дадатковыя, галоўнае — музыка, спектаклі, словы саміх творцаў. У музеі выдатная калекцыя тэатральных пастановак, ёсць і багатая музычная анталогія. Некалькі гадоў таму запісалі здабыткі XX стагоддзя: восем дыскаў са ста твораў пяцідзесяці кампазітараў. Потым «капалі» глыбей і глыбей. У хуткім часе будзе прэзентавана калекцыя музыкі XVI стагоддзя, прычым ужо на найноўшых інфармацыйных носьбітах. Пасля перавыдання анталогіі, спадзяецца Зінаіда Кучар, кожны жадаючы зможа набыць яе, пакуль жа прапануюць слухаць старадаўнія творы  толькі ў музеі.

Скарбам гэтай установы зайздросцяць нават за межамі краіны. Штогод некаторыя экспанаты вывозяць у Еўропу: нядаўна выстаўка Міхала Клеафаса Агінскага вярнулася з Польшчы, а архіў сцэнографа Аскара Марыкса — са Славакіі. Хутка некаторыя музейныя экспанаты адправяцца ў Маскву. 

Экспазіцыі змяняюць адна адну, наведвальнікі сыходзяць, святы канчаюцца, а музыка ў гэтых сценах гучыць заўсёды: яна тут не ў гасцях, яна тут гаспадыня. У гэтым і ёсць каштоўнасць будынка ў Музычным завулку, 5.

Наталля СЦЯПУРА

stepuro@rambler.ru

Фота Юрыя МАЗАЛЕЎСКАГА
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter