Дом ля возера

Ці бывае такое, каб у гасцях адчуваць сябе, як дома? Не, не як дома, а нібыта ў хаце твайго роду, дзе пражылі светлае жыццё некалькі пакаленняў сям’і, дзе адчуваецца подых пазамінулага стагоддзя. Людзі ў той час не спяшаліся зарабляць грошы, не мітусіліся і не беглі кудысьці. Доўгімі зімовымі вечарамі жанчыны збіраліся ў вялікай хаце і займаліся рукадзеллем. Такую атмасферу я застала ў браслаўскім музеі традыцыйнай культуры, створаным на базе Дома рамёстваў. І гэта сапраўды больш хата, чым музей: фіранкі на вокнах, самаробныя драўляныя лаўкі, сцены з бутавага каменю і чырвонай цэглы, некалькі кросен, з-за якіх, здаецца, майстрыхі толькі-толькі адышлі на хвілінку... Па каскадах лесвіц падымаюся на трэці паверх і дзіўлюся прыгажосці балюстрад і жырандоляў кавальскай работы. У доме на беразе Дрывятаў — будынку былога млына, помніка архітэктуры пачатку XX стагоддзя, гасцей любяць і чакаюць. Асабліва пад Новы год, калі ладзіцца выстава “Калядныя ўзоры” клуба майстроў народнай творчасці і самадзейных мастакоў “Ля возера”. А талентаў на Браслаўшчыне — процьма!

Над вялікім рабочым сталом браслаўчанкі Марыі Дворскай — пано з выявай Маці Божай. Гэта адна з работ жанчын, што прыходзяць на курсы па “пэчворку”, або шыццю з абрэзкаў. Крыху больш чым год назад Марыя Арсеньеўна таксама прыйшла на заняткі, а зараз ужо вучыць іншых. “Выйшла на пенсію, паспрабавала шыць і зразумела, што зусім не тым у жыцці займалася”, — расказвае майстрыха. У час размовы Марыя Арсеньеўна працягвае выкладваць з кавалкаў матэрыі покрыва. Розныя колеры, якія на першы погляд здаюцца несумяшчальнымі,  пераліваюцца і складваюцца ў надзвычай стройны ўзор. “Нібы мазаіку складваю, — тлумачыць рукадзельніца. — Хоць назва і англійская — “пэчворк”, узор традыцыйны, сімвалізуе калодзеж або хату — чатыры куты, адзін светлы, адзін больш цёмны”. Праз гэты ўзор у госці да мяне прыходзяць  бабулі з мінулых вякоў, у словах Марыі Арсеньеўны гучыць рэха іх галасоў: “ І жанчынам я кажу: не спяшайцеся, ад такой працы трэба атрымаць асалоду...” Зробленыя рукамі майстрыхі рэчы нібы свецяцца знутры, захоўваюць часцінку яе.  І ў хаце жанчыны яны не затрымліваюцца — дорыць гасцям. І гэта таксама ёсць традыцыйна наша, беларускае — не пакідаць добрага госця без падарунка.
Кіраўнік клуба і дырэктар музея Наталля Парахневіч, пачуўшы просьбу расказаць пра лепшыя работы браслаўскіх майстроў на сёлетняй выставе, крыху бянтэжыцца. У кожнага з больш чым трыццаці ўдзельнікаў выставы “Калядныя ўзоры” — своеасаблівая манера, тэхніка, погляд на жыццё. Вядомы майстар саломапляцення Міхаіл Чаркас стварыў з саломкі батлейку. У Аляксандра Малашэнкі было натхненне зрабіць некалькі дэкаратыўных скульптур з металу на марскую тэматыку.  Сёлета далучыўся да ўжо вядомых майстроў лозапляцення бацькі Уладзіміра і сына Сяргея Лук’янцаў і ўнук Андрэй! Можна тут убачыць і разнастайныя вырабы ткачых Браслаўшчыны: посцілкі (дымкі, кілімы, наборкі, паласавікі), ручнікі, дарожкі, паясы.
І калі лёс падорыць вам вандроўку на Браслаўшчыну, то не ўпусціце магчымасці “пагасцяваць” у цёплым доме, які захоўвае часцінку нашай спрадвечнай  агульнабеларускай душы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter