Дом, дзе збіраюцца сябры

У Дзелавым і культурным комплексе, што адкрыўся нядаўна пры Пасольстве Беларусі ў Маскве, ёсць і ўтульная Зала дыяспары
Яшчэ ў маі, калі ў Маскве праходзіў шосты з’езд Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі”, супляменнікі былі гасцямі ў Пасольстве. І хоць афіцыйна Дзелавы і культурны комплекс тады яшчэ не адкрыўся, аднак экскурсію па ім дэлегатам і гасцям з’езду наладзілі. І ўрачыстае ўручэнне ўзнагарод актывістам дыяспары з розных рэгіёнаў Расіі праходзіла ў новых сценах. Нам расказалі: у глядзельнай зале ўжо далі святочны канцэрт да Дня Перамогі, апрабавалі сцэну артысты з Віцебска, з Нацыянальнага акадэмічнага драмтэатр імя Якуба Коласа. Праходзіла ў ДКК і першая мастацкая выстава: гэта былі яркія, гуллівыя, напоўненыя тонкім гумарам творы вядомай мінскай мастачкі Ганны Селівончык. А якая ўтульная зала для пасяджэнняў, канферэнцый, творчых сустрэч —  яе, дарэчы, дырэктар ДКК Сяргей Шарамецьеў назваў: Зала дыяспары. Менавіта ў ёй, напрыклад, нядаўна праходзіла публічная лекцыя для студэнтаў маскоўскіх ВНУ і расійскай беларускай дыяспары, якую чытаў Сяргей Ходзін, дэкан гістфака Беларускага дзяржуніверсітэта. 


Дзелавы і культурны комплекс размясціўся на тэрыторыі Пасольства

Афіцыйнае адкрыццё ДКК прайшло 29 верасня на высокім узроўні: чырвоную стужку перад уваходам у будынак пераразалі Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў і Спікер Дзярждумы Расіі Сяргей Нарышкін. Андрэй Кабякоў назваў падзею знакавай і доўгачаканай. Ён нагадаў: ідэя стварыць у расійскай сталіцы яшчэ адзін пункт апоры для Беларусі ў Расіі, месца прэзентацыі беларускай культуры, традыцый, навуковага і эканамічнага патэнцыялаў, выспявала даўно. Задумаў ідэю комплексу Пасол Уладзімір Грыгор’еў, ён жа і стварыў умовы для рэалізацыі праекта. Канчатковую форму праект здабыў, калі Паслом быў Васіль Далгалёў, а паспяхова завяршыў будаўніцтва цяперашні кіраўнік дыпмісіі Ігар Петрышэнка.

Такая паслядоўнасць, пераемнасць традыцый у рэалізацыі задуманага, безумоўна, заслугоўвае павагі. Знакавым мне бачыцца і тое, што ўзводзіў складаны аб’ект калектыў Будтрэста №8 з Брэста. І менавіта яго гендырэктар Міхаіл Водчыц уручыў Паслу Беларусі ў Расіі Ігару Петрышэнку сімвалічны ключ ад Дзелавога і культурнага комплексу. Як бачым, пракладзена яшчэ адна вельмі важная “траса дзелавога супрацоўніцтва” ад Масквы да Брэста. Цяпер нашы будаўнікі маюць магчымасць любому расійскаму заказчыку паказаць свой “товар лицом”: на што здатныя. Спадзяюся, у экспазіцыях, якія актыўна ладзяцца ў ДКК, знойдзецца месца, каб адлюстраваць не толькі працу будаўнікоў з Брэста. Як вядома, многія храмы, іншыя шэдэўры архітэктуры ў Маскве ў свой час узводзілі менавіта нашы супляменнікі. І пра тое варта памятаць.

Новы ДКК — пляцоўка шматфункцыянальная. У прыватнасці, Андрэй Кабякоў лічыць, што яна павінна стаць “перадавой пляцоўкай для прэзентацый інвестыцыйнага і экспартнага патэнцыялу Беларусі, традыцыйным месцам сустрэч для дзелавых колаў нашых краін, пунктам прыцягнення для беларуска-расійскага ўзаемадзеяння ў самых розных галінах”. Важна, што магчымасці ДКК адпавядаюць усім сучасным патрабаванням для правядзення шматлікіх мерапрыемстваў: ад дзяржаўных урачыстасцяў, дзелавых кансультацый і перагавораў да арганізацыі прэм’ерных пастановак, канцэртных выступленняў зорак класічнай і эстраднай музыкі, міжнародных выстаў, сімпозіумаў, брыфінгаў і прэс-канферэнцый.

Пад час афіцыйнага адкрыцця ДКК на яго сцэне выступаў вядомы ансамбль “Песняры”. А на пачатку кастрычніка там урачыста ўшанавана вядомая беларуска Масквы, кіраўніца гурта “Кірмаш” Ірына Капчынская: ёй уручаны медаль Францыска Скарыны. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter