Доктар, які дорыць надзею

Першыя ў Беларусі аперацыі па перасадцы сэрца могуць быць праведзены ўжо ў будучым годзе
Першыя ў Беларусі аперацыі па перасадцы сэрца могуць быць праведзены ўжо ў будучым годзе.

Хірург Алег Румо — пачынальнік у Беларусі унікальных аперацый па трансплантацыі печані Айчынныя хірургі бліскуча даказалі, што ўзровень іх прафесіяналізму дае магчымасць праводзіць самыя складаныя з тэхнічнага боку аперацыі па трансплантацыі органаў. Як вядома, зусім нядаўна ў Мінску паспяхова праведзены унікальныя аперацыі па перасадцы печані. “Трэба аддаць належнае калектыву 9-й сталічнай клінічнай бальніцы, які вельмі сур’ёзна рыхтаваўся да гэтых аперацый, — адзначыў віцэ-прэм’ер Аляксандр Косінец. — Забяспечана ўсё неабходнае для правядзення трансплантацыі печані”.

Развіццё транспланталогіі — адзін з асноўных напрамкаў дзяржаўнай праграмы аховы здароўя. Плануецца, што Рэспубліканскі цэнтр трансплантацыі і клетачных біятэхналогій пачне функцыянаванне ў поўным аб’ёме ўжо ў будучым годзе. Цяпер жа на аб’екце поўным ходам ідуць будаўніча-мантажныя работы.

Віцэ-прэм’ер Аляксандр Косінец, які ва ўрадзе курыруе сацыяльныя пытанні, высока ацэньвае нацыянальнае заканадаўства аб трансплантацыі: “Створаная ў краіне нарматыўная база адпавядае сусветнаму ўзроўню, што дае магчымасць эфектыўна працаваць у гэтым напрамку, дзейнічаючы выключна на карысць пацыента і ў імя развіцця айчыннай медыцыны”.

Нагадаем, што ў ліпені 2007 года ў Беларусі ўступілі ў сілу папраўкі ў закон аб трансплантацыі органаў і тканак чалавека. Прыняцце паправак абумоўлена неабходнасцю ўкаранення новых падыходаў у арганізацыю работы па забеспячэнні насельніцта высокатэхнічнымі метадамі лячэння, да якіх адносяцца і аперацыі па трансплантацыі органаў і тканак чалавека.

Іван Цыганкоў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter