Добрыя весткі на крылах вясны

Благавешчанне, якое праваслаўныя адзначаюць 7 красавіка, у народным асяроддзі лічылася адным з галоўных святаў года. Ахоўніцтва і заступніцтва Боскай Маці распаўсюджваецца на ўсе работы, якія распачынаюцца пасля Благавешчання на кожным сялянскім падворку, на палях і на агародах. Адсюль і шэраг абрадавых дзеянняў і забарон гэтага дня:

· Паўсюдна лічылася, што працаваць у дзень Благавешчання вялікі грэх: «На Благавешчанне птушка гнязда не ўе, дзеўка косу не пляце.
·  “Як Благавешчанне правядзеш, так і будзеш цэлы год жыць. Калі ў гэты дзень будзеш здаровы, сыты, апрануты і з грашыма, то ўсё гэта будзе разам з табой на працягу года” -- сведчыць народная мудрасць.
· Прадказаннем таго, што дачка выйдзе замуж у гэтым годзе, была прысутнасць дома ўсіх членаў сям’і; асаблівай забаронай было запрашэнне ў гэты дзень дадому старонніх дзяўчат і жанчын.
· «Хто на Благавешчанне з раніцы да ночы назаве мужа сорак разоў “мілы”, увесь год для яго любімай будзе” -- такімі дзеяннямі імкнуліся захаваць і выправіць сямейныя ўзаемаадносіны.
· На Благавешчанне забаранялася месці падлогу ў хаце і паліць у печы.
· Нельга на Благавешчанне прасіць пазыкі. Лічылася, што штосьці аддаўшы з хаты ў гэты дзень (не абавязкова грошы), аддасі спакой, і здароўе.
· Паляўнічыя цвёрда ведалі, што ў гэты дзень нават нельга дакранацца да зброі, інакш цэлы год на паляванні не пашчасціць.
· На Благавешчанне забаранялася ставіць плот, месці вуліцу, кранаць зямлю. Аднавяскоўцы пільна сачылі за гэтым, бо лічылі, што такія парушэнні выклікаюць халодную вясну і сухое лета.
· Прыкмячалі: “Калі на Благавешчанне курыца або гуска знясуць яйка, то з яго атрымаецца калека”. Таму ў гэты дзень птушку не саджалі на яйкі.
· Каб куры не знікалі з падворка, на Благавешчанне вешалі на плоце рэшата, а потым з яго іх кармілі.
· Каб бульба добра захоўвалася на працягу зімы, ведалі, што засыпаць яго ў склеп неабходна ў той дзень тыдня, на які ў гэтым годзе прыпадала Благавешчанне.
· У той жа час у той дзень, на які прыпадала Благавешчанне, нельга першы раз выганяць жывёлу ў поле, вывозіць гной на поле, першы раз араць зямлю, сеяць.
· На Беларусі паўсюдна гэты дзень лічыцца днём прылёту буслоў. Абавязкова пяклі “галёпы” -- пшанічныя караваі ў выглядзе бусла.
· У паўднёвых рэгіёнах гаспадыні ў гэты дзень раніцай саджалі некалькі кустоў ранняй расады. Такі “пачатак” у гэты дзень абяцаў добры ўраджай агародніны.
· У гэты дзень трэба было абавязкова абкурыць цыбулю для пасадкі. У такім выпадку яна не дасць стрэлаў і не будзе гнісці.
Якое надвор’е на Благавешчанне, такое і на Вялікдзень.
Грымоты на Благавешчанне -- да цёплага лета і ўраджаю арэхаў.
Дождж на Благавешчанне прадказвае грыбное лета.
Благавешчанне без ластавак -- халодная вясна.
Калі перад Дабравешчаннем вылеціць пчала -- будзе мокрая вясна.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter