У канцы мая адбыўся VI Міжнародны кангрэс беларусістаў.

Добрым гасцям заўжды рады

У канцы мая адбыўся VI Міжнародны кангрэс беларусістаў
У канцы мая адбыўся VI Міжнародны кангрэс беларусістаў. Падзея  асвятлялася рознымі СМІ. І штомесячнік “Беларус” змясціў артыкул Ганны Сурмач “Кангрэс Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў”. Там гаворыцца, што пасяджэнні форума “наведалі даследчыкі з 14 краінаў”, “зоркаю кангрэса” называецца японка з Цукубскага ўніверсітэта Сіёры Кіёсава. Далей названы адказныя асобы, якія выступілі з прывітаннямі. Здавалася б, усё правільна, але…

Далей — абзац, з якім я як адзін з сузаснавальнікаў МАБ і цяперашні яе ганаровы старшыня не магу пагадзіцца. Гэта беспадстаўныя папрокі ў адрас асацыяцыі і яе новага старшыні Аляксандра Сушы: “Сёлетні кангрэс, як выглядае, праходзіў пад патранатам дзяржаўных структураў. Абранне новым старшынём МАБ намесніка дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі ў сучаснай  сітуацыі сведчыць пра тое, што дзяржава бярэ пад свой кантроль дзейнасць гэтага раней незалежнага аб’яднання. Доказам таму ёсць той факт, што на сёлетні кангрэс не былі запрошаныя знаныя беларусісты з Амэрыкі і Канады. Вядома, што ў гэтых краінах доўгі час дзейнічаюць Інстытуты беларускай навукі і мастацтва, якія шмат зрабілі ў галіне беларусістыкі ў замежжы. Аднак на гэтым кангрэсе іх прадстаўнікі сталіся непажаданымі”.

Зробім удакладненні. Першае: “пад патранатам дзяржаўных структураў” МАБ была заўсёды, з часу арганізацыі. І я адразу ж пасля выбрання кіраўніком МАБ пастараўся ў адпаведнасці з заканадаўствам і нашым статутам, каб асацыяцыю зарэгістравалі ў Мінюсце. Ганна Сурмач тое добра ведае: яна тады кіраваліа “Бацькаўшчынай”, нашы арганізацыі працавалі ў адным будынку па вул. Рэвалюцыйнай, 15.

Па-другое: ні на пяпярэдні, ні на шосты кангрэс МАБ ніхто нікога загадзя не запрашаў. Аргкамітэт абмеркаваў тэматыку форума, змясцілі яе на старонках сайта, у рассылцы асацыяцыі. І толькі пасля прысланай нам канкрэтнай заяўкі з названай тэмай дасылалі запрашэнні. Так прыехалі, скажам, з Англіі прафесары Джым Дынглі і Арнольд Макмілін, а таксама немцы і палякі, японка Сіёры Кіёсава. Што да калег са ЗША і Канады, то мы маглі толькі патужыць, што іх няма. Па іх жа свабоднай волі... І навошта шукаць нейкае дзяржаўна-палітычнае умяшанне там, дзе яго не было?!

Што да Аляксандра Сушы, то я толькі баяўся, што ён адмовіцца ад грамадскага даручэння. Але ён даў згоду, і яго абралі адзінагалосна. Веру: гэта толькі на карысць справе!

P. S. А за прысылку газеты Ганне Сурмач шчыра дзякую. Яе матэрыялы, асабліва гістарычнага характару, часта выкарыстоўваюцца (са спасылкамі) не толькі мной, але і маімі калегамі.

Адам Мальдзіс, ганаровы старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter