У Полацку археолагі знайшлі ўнікальную пячатку

Добры знак ад Еўфрасінні

У Полацку археолагі знайшлі ўнікальную пячатку


Неацэнная знаходка — пячатка Еўфрасінні Полацкай — праляжала ў зямлі больш за 800 гадоў. Яе знайшлі на тэрыторыі Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра.

“Экспедыцыя ўніверсітэта займалася раскопкамі, — расказаў іх кіраўнік, прарэктар Полацкага дзяржуніверсітэта Дзяніс Дук. — У працах удзельнічалі і расійскія вучоныя. Вывучалі стан падмурка помніка архітэктуры ХІІ стагоддзя. Актавую пячатку знайшлі ля сцен храма. На адным баку яе бачым выяву святога, на другой — надпіс, якая сведчыць: належала яна Еўфрасінні Полацкай. Такой свінцовай, ці віслай пячаткай раней змацоўвалі дакументы, каб засведчыць іх сапраўднасць”.

Пад час святкавання Дня горада з 4 да 7 чэрвеня многія змаглі пабачыць знаходку ў экспазіцыі Мастацкай галерэі Полацкага музея-запаведніка. Свята прысвячалася Еўфрасінні Полацкай. Хутка знаходка вернецца ў ПДУ: будуць спецпрацэдуры рэстаўрацыі, кансервацыі, даследаванне фізікамі. Унікальная пячатка — доказ таго, што манастыр у ХІІ стагоддзі быў буйным як духоўным і культурным, так і грамадска-палітычным цэнтрам. Пэўна, там актыўна вялася перапіска, і прападобная Еўфрасіння змацоўвала важныя дакументы ўласнай пячаткай.

Алена Бегунова
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter