Добры вечар вашай хаце!

Украінцы з мінскай суполкі “Заповіт” песнямі сустракалі Новы год па старым стылі ды яшчэ і трошкі калядавалі ў Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культурУсё ж здорава, што жыве яшчэ традыцыя сустракаць Новы год як па новым, так і па старым стылі. Хто не паспеў ці забыўся зрабіць-сказаць нешта ў ноч з 31-га на 1-га, можна падправіць праз два тыдні. І беларускія ўкраінцы сустрэліся на “стары Новы год”, каб сказаць адзін аднаму “Хрыстос народывся”, каб пакалядаваць ды песень паспяваць. Зрэшты, увечары 13 студзеня для тых, хто быў у святочна прыбранай зале Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур, спявала “Ватра”. Унікальны фальклорны гурт, пра які яго прыхільнікі так жартуюць: “Колы співае “Ватра” — рыдае Фрэнк Сінатра!” І сапраўды, гучалі такія прыгожыя песні! Сам расчуліўся, маючы ў сэрцы часцінку нэнькі-Украіны, і не пабаюся назваць гурт так: гэта ўкраінскія “Песняры” ў Беларусі.
Украінцы з мінскай суполкі “Заповіт” песнямі сустракалі Новы год па старым стылі ды яшчэ і трошкі калядавалі ў Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур

Усё ж здорава, што жыве яшчэ традыцыя сустракаць Новы год як па новым, так і па старым стылі. Хто не паспеў ці забыўся зрабіць-сказаць нешта ў ноч з 31-га на 1-га, можна падправіць праз два тыдні. І беларускія ўкраінцы сустрэліся на “стары Новы год”, каб сказаць адзін аднаму “Хрыстос народывся”, каб пакалядаваць ды песень паспяваць. Зрэшты, увечары 13 студзеня для тых, хто быў у святочна прыбранай зале Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур, спявала “Ватра”. Унікальны фальклорны гурт, пра які яго прыхільнікі так жартуюць: “Колы співае “Ватра” — рыдае Фрэнк Сінатра!” І сапраўды, гучалі такія прыгожыя песні! Сам расчуліўся, маючы ў сэрцы часцінку нэнькі-Украіны, і не пабаюся назваць гурт так: гэта ўкраінскія “Песняры” ў Беларусі.
А ўкраінцы беларускія не толькі песні спяваюць, але і шмат карыснага робяць для ўмацавання сувязяў паміж Украінай і Беларуссю. Як распавяла старшыня суполкі “Заповіт” Галіна Калюжная, летась ладзіліся дзясяткі культурна-асветніцкіх імпрэз, дзякуючы якім беларусы больш даведаліся пра культуру, нацыянальныя традыцыі братняга народа. Прыкладам, сумесна з таварыствам дружбы “Беларусь—Україна” ладзілася вечарына да 21-х угодкаў незалежнасці Украіны, добры розгалас мела і дастасаваная да гэтай даты выстава “Вышыўка роднага дома” ў Мастацкай галерэі Інстытута тэалогіі БДУ. Стваралі “запаветаўцы” кніжныя выставы, праводзілі вечарыны, канцэрты, творчыя конкурсы, арганізавалі адпачынак дзяцей у Ровенскай вобласці. А яшчэ летась беларусы і ўкраінцы сумесна адзначалі 340-я ўгодкі легендарнага казацкага атамана Піліпа Орліка: ён, як вядома, нарадзіўся ў вёсцы Касута цяперашняга Вілейскага раёна Міншчыны, а жыццё прысвяціў украінскага казацтву.
Што ў планах суполкі на новы год? У дзень Святога Валянціна ў Доме дружбы пройдзе вечарына паэзіі Уладзіміра Сасюры. Творчасць гэтага “спевака кахання”, чуйнага перакладчыка, можа, і не шырока вядома ў Беларусі, а для ўкраінцаў ён — паэт вельмі паважаны.
Вернемся, аднак, да ўкраінскіх Калядаў. Помніцца, у дзяцінстве мы з нецярплівасцю чакалі Калядкі. А ў святы хадзілі па суседзях, сваяках, да хросных мамаў-татаў ды спявалі “Добры вечар вашай хаце!”, іншыя Калядныя песні, вось як такая: “Калядую-калядую, чарку-скварку носам чую!..” Віншавалі гаспадароў з Раством, жадалі ў здароўі ды радасці пражыць новы год, а нас адорвалі цукеркамі, іншымі пачастункамі, грашыма. Прычым самыя настойлівыя і ўпартыя прымудраліся “накалядаваць” гэтулькі, што хапала на новы ровар. А колькі жартаў у калядную пару, у працяг гогалеўскіх традыцый! І ў новай украінскай гісторыі, смяяліся мінскія ўкраінцы, Каляды спалучыліся з забаўнай гісторыяй нейкага “суддзі Зварыча”. Кажуць, да яго ў кабінет прыйшлі супрацоўнікі міліцыі, а гэта было ў першыя дні студзеня, і знайшлі прыхаваны мільён ці то грыўняў, ці то долараў. На пытанне ж, адкуль такія вялізныя грошы, той суддзя, не міргнуўшы вокам, адказаў: “Наколядовал!” Не ведаю, ці ўнеслі імя таго “калядоўшчыка” ў Кнігу рэкордаў Гінеса…
А вось вясёлая гурма захавальнікаў народных традыцый з “Заповіта” ўвечар 13 студзеня добра павесяліла народ, а потым зладзіла святочны стол. І я там быў, мёд-піва піў…

Яўген Дарэнскі
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter