Актрыса Вераніка Пляшкевіч гатова здымацца ў кіно бясплатна

Добры дзень, я ваша нянька

Тэатр, кіно, тэлебачанне. Менавіта ў такой паслядоўнасці расстаўляе свае прыярытэты актрыса Вераніка Пляшкевіч. Пакуль так, але як будзе далей, нікому не вядома. Яшчэ год-два таму Вераніка расказвала, што не бачыць сябе на тэлебачанні. Але літаральна на днях яна з’явілася ў «Калыханцы» ў ролі нянькі Палінкі. Што б гэта значыла? Гэта было першым пытаннем да актрысы.


— Калі шчыра, пакуль не адчуваю сябе паўнавартасным членам тэлевізійнай каманды. Мне прапанавалі паспрабавацца, я паўдзельнічала ў кастынгу,  але абсалютна не была ўпэўненая, што зацвердзяць менавіта мяне, чаканне было вельмі доўгім і марудным. Не ведаю, як бу­дзе складвацца далей, але зараз мне гэта вельмі цікава. Перада мною адчыніліся новыя дзверы, і я паспрабавала туды ўвайсці. На тэлебачанні зусім іншая спецыфіка, чым у кіно. І мне цікава сябе спрабаваць, шукаць новыя грані.

— Вельмі дзіўная сітуацыя ў «Калыханцы», палова яе герояў — вашы калегі па  Горкаўскім тэатры. Гэта выпадковасць?

— Я ведаю, што стваральнікі праграмы раіліся з Эміліяй Пранскутэ і Сярожам Жбанковым. Думаю, што яны абапіраліся на меркаванне маіх калег, магчыма, яно і стала вызначальным. У рэшце рэшт, мы шмат гадоў у тэатры поплеч, і нам не патрабуецца прыцірка ў кадры. Сяргей наогул вельмі тонкі і спагадлівы партнёр, мы з ім знаёмыя тысячу гадоў, і здаецца, што разумеем адзін аднаго з паўпогляду. Але дакладныя прычыны, чаму абралі менавіта мяне, я не ведаю.

— За апошнія гады змянілася шмат лялек у праграме. Вы з імі былі дагэтуль знаёмыя?

— У дзяцінстве я, як і ўсе дзеці, штовечар садзілася на канапу і глядзела гэтую перадачу. Не буду ўтойваць, з узростам я перастала гэта рабіць, тым больш, што пакуль у мяне няма дзяцей. Таму бу­дзе несумленна, калі я скажу, што кожны вечар уключаю тэлевізар менавіта ў чаканні гэтай праграмы. Але я вельмі люблю мультфіль­мы. Пры гэтым рэдка гляджу іх у кінатэатрах або інтэрнэце, але заўсёды спыняюся на іх, калі пераключаю каналы тэлевізара. Так я шмат разоў і натыкалася на «Калыханку», таму, у прынцыпе, знаёма з ўсімі яе героямі. Ведаеце, гэта як у дзяцінстве: убачыў мульцік па тэлевізары, паглядзеў дзесяць-пятнаццаць хвілін, і ты такі шчаслівы!

— Ваша Палінка вельмі прыемная дзяўчына, яна імпануе тым, што не саромеецца быць смешнай. А вы якая ў жыцці?

— Я таксама гэтага не саромеюся. Ведаеце, уменне смяяцца над сабой, на мой погляд, гэта хутчэй чалавечая годнасць, чым недахоп. Хаця, безумоўна, акцёр павінен быць нашпігаваны комплексамі. Таму што калі ў яго ўнутры ўсё добра, у гармоніі, то будзе складана «даставаць» адтуль персанажаў, якія ты павінен увасабляць на сцэне. Напрыклад, дзіўных, са зламанай душой, як у Дастаеўскага. Калі на душы шмат чаго, тады ёсць за што чапляцца, тады персанаж атрымаецца сумленным, сапраўдным.

— Адкрыйце сакрэт, як стаць такой запатрабаванай кінаактрысай, як вы?

— Я не ведаю гэтага сакрэту. Проста, як мне здаецца, я трапляю ў ролі, якія мне прапануюць. Напэўна, яшчэ справа ў тыпажы, яго пакуль ніхто ў кіно, як і ў тэатры, не адмяняў. Фактараў можа быць шмат, і, як правіла, тут вельмі мала залежыць ад таленту цi акцёрскіх здольнасцей. Проста камусьці шанцуе больш, камусьці менш.

— Зараз модна спрачацца наконт якасці фільмаў, серыялаў. Як часта вы адмаўляецеся ад роляў?

— Рэдка. Калі такое і адбываецца, то менавіта з-за таго, што я занята ў іншых праектах. Зараз вельмі складаны час для ўсіх, і акцёры тут не выключэнне. Есці хочацца ўсім. Таму лічу, што цяпер нават у рэкламе здымацца не сорамна. Я, як і любая маладая дзяўчына, хачу добра і з густам апранацца, наведваць кафэ, харчавацца добрымі прадуктамі і, у рэшце рэшт, фінансава дапамагаць сваім блізкім. Для гэтага трэба шмат працаваць, а гэтая патрэба жыве ўва мне пастаянна. Я люблю тое, чым займаюся, таму не бачу сэнсу адмаўляцца ад любых эксперыментаў.

— Вас пазнаюць на вуліцы?

— Так. Прычым у Беларусі гэта заўсёды адбываецца вельмі пацешна. Людзі ў нас вельмі сарамлівыя. Часцей здагадваюся пра тое, што мяне пазналі, па нейкіх нечаканых поглядах, максімум могуць сказаць: «А, гэта  вы?..» Адказваю: «Так, тая самая». А ў Расіі, дзе мы зусім нядаўна былі на гастролях з тэатрам, людзі на вуліцах падбягалі без усялякай сарамлівасці: «Мы вас ведаем, бачылі ў кіно!» Уласна кажучы, гэта і нядзіўна. Фільмы, у якіх я здымаюся, часцей паказваюць у Расіі.

— Дзе вас можна будзе ўбачыць у бліжэйшы час?

— З нецярпеннем чакаю прэм`еры фільма, рабочая назва якога «Любімы горад». Гэта ваеннае кіно, якое зняў наш Аляксандр Яфрэмаў. У галоўнай ролі — Аляксей Чадаў, зорка расійскага кінематографа. Гэта кранальная гісторыя, у якой я іграю адну з галоўных жаночых роляў. Таксама нядаўна знялася ў беларускім фільме «Сляды на вадзе». Мне падаецца, павінна атрымацца нядрэнная стужка. Думаю, што яе мы ўбачым  бліжэй да Дня міліцыі, паколькі фільм прысвечаны якраз стагоддзю стварэння беларускіх праваахоўных органаў.

— Пра якое кіно марыце?

— Мне вельмі падабаецца, як людзі жылі два стагоддзі таму. З гэтай прычыны з задавальненнем знялася б у гістарычным кіно. Гэта можа быць што-небудзь па нейкім творы выдатнага англій­скага аўтара. Вось у такім касцю­міраваным, якасным фільме з задавальненнем нават бясплатна сыграла б.

— Калі ўжо паспыталі тэле­візійны хлеб, можа, замахнуцца на яшчэ які-небудзь тэлепраект?

— Наўрад ці. У «Калыханцы» я — актрыса, якая выконвае ролю нянькі Палінкі. Гэта значыць, я ў сваёй стыхіі. Прычым гэта такі светлы, даўно ўпадабаны ўсімі праект. Быць тэлевядучай — ужо іншая прафесія, якую мне давя­дзецца асвойваць.

stepuro@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter