Добры дзень усім, хто не любіць сумаваць!

Сёння прыпевачнікі “Народнай газеты” зноў сабраліся, каб паспяваць. Прыемна, што фантазія аматараў самага папулярнага жанру народнай творчасці не згасае, і з кожным разам выпускі нашай пастаяннай рубрыкі становяцца ўсё больш цікавымі. Жадаю натхнення надалей і прапаную наступным разам дасылаць прыпеўкі на тэму “У вёсцы хораша жывецца...”. Тэмы кахання і надзённых праблем жыцця таксама застаюцца адкрытымі.Пішыце! З нецярпеннем чакаю!

Я газеты палучаю,
І чытаць я іх люблю.
А цікавей за “Народную”
Нідзе не знайду!

Яна і палечыць,
І раскажа, як жыць.
Адзіноту развее,
Мастак Папоў развесяліць!

Гелена СТРАШЫНСКАЯ, в.Сукневічы Смаргонскага раёна

Рэаліі жыцця

Не хваліцеся, панове,
Пра адданасць роднай мове,
Не шануючы пры гэтым
Беларускія газеты.

Добра час нам вольны бавіць,
Дзякуй, гумар існуе!
І ад суму ён пазбавіць,
І настрой не сапсуе.

Увесь час вядуць гамонку,
Эканомней як нам жыць,
Мо завесці эканомку,
Каб выдаткі скараціць?

Калі з выпіўкай гуляць —
Гэта вам не цацкі.
Зранку грудачкі баляць
І не маеш жвачкі.

Захварэў як, — адны здзекі:
Дарагія надта лекі,
Дзе ўзяць танных, невядома,
Вось і “жмеш” да гастранома.

Ой, чаму ж нам не гудзець:
Цэны знізяцца на трэць —
Ад гарэлкі да цвіка...
Першага красавіка.

Мікола КАМАРОЎ, г.Мінск

“Ой, вазьміце, хлопцы, замуж!”

У шлюбе хочацца спакою? 
Тады выходзь за агранома.
Атрымоўвае зарплату
І хутчэй бяжыць дахаты.

Клічу мужа я мядзведзем.
Што яшчэ тут гаварыць?
Лета бегае па полі,
А зімою толькі спіць.

Для каго любоў — зладзейка,
Для каго — наадварот.
Хтосьці ўсё жыццё кахае,
Хтось разводзіцца праз год.

Хлопец сватаецца брыдкі,
Хітры, слізкі, як мянтуз.
Для такіх сватоў нядбайных
Под сталом ляжыць гарбуз.

Ходзяць хлопцы-лайдакі,
Хоць пара й жаніцца.
Згодны толькі ехаць у сваты,
Каб дарма напіцца.

Жыць узяла прымака,
Усвяжыла парсюка.
А як мяса ўсё ён з’еў —
Да суседкі паляцеў.

Ну навошта сарафан,
Стары ды зашыты?
Ну навошта кавалер
Сто гадоў нямыты?

Хлопец сватацца прыходзіў,
Кляўся, што зусім не п’е.
Я гляджу: ідзе дадому,
Зямлю носам дастае.

Кажуць, што я — гаспадыня,
Нікуды нягожая.
Кіло золата на шыі,
Кажуць — непрыгожая.

Нашла ў мілага “заначку”
І “Лато” купіла пачку.
А ён выйграў мільёны,
Кажа, што мы незнаёмы.

Мужа “прысушыць” няцяжка,
Толькі добра накармі.
Пірагамі год карміла —
Вісіць пуза да зямлі.

Купіла сукенку ад Ларана
І пайшла на танцы.
Хлопцаў годных мне няма,
Адны абарванцы.

Мая ЮСІКАВА, в.Янава, Сенненскі раён


Вядучая рубрыкі Марына КУЗЬМІЧ,“НГ”
e-mail: Kuzmich@ng.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter