Добры дзень у хату!

Ці як вучоныя могуць дапагчы стваральнікам аграсядзіб-- Больш так не магу! Надакучыла! Праца-дом-дзеці, -- здавалася, яшчэ хвілінка -- і Кацярына расплачацца. -- Стамілася я ўжо ад гарадскога рытму. Ад гэтай людской мітусні, гвалту аўтамабіляў… Усё жыццё імкнулася ў Мінск да так званай цывілізацыі. І што атрымала? Суквецце неўрозаў і дэпрэсій. У мяне цяпер адно жаданне: хачу тыдзень пажыць у глухой лясной вёсачцы. А яшчэ лепш -- два. І каб нікога. Я ды лес, ды свежае паветра, ды якое-небудзь азярцо.

“Старое” і “новае” -- гэта не народнае!
Ажыццявіць антыурбаністычную мару знаёмай сёння не складае аніякіх турбот. Агратурызм -- модны кірунак. “Зялёным” турызмам займаюцца і простыя сяляне, і крутыя бізнесмены. Шматлікія прадпрымальнікі запрашаюць на свае сядзібы як заморскіх турыстаў, так і змучаных гарадской цывілізацыяй беларусаў. Здаецца, такому раскладу трэба толькі радавацца. Але ў вучоных свой погляд на гэту з’яву. Яны  занепакоены: ні адна беларуская турыстычная сядзіба не адпавядае гістарычным традыцыям.
-- Забудовы сядзіб агратурызму эклектычныя, недакладныя, сваім выглядам яны толькі скажаюць рэчаіснасць, знявечваюць архітэктурныя формы, якія выпрацоўваліся вякамі, -- заклапочана расказвае дырэктар Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі, член-карэспандэнт, доктар архітэктуры, доктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр Іванавіч Лакотка. -- Ненатуральныя колеры сцен, фабрычныя посцілкі, фіранкі суседнічаюць з квяцістымі дыванамі, вышыванымі ручнікамі, льнянымі абрусамі. Так безгустоўнае спалучэнне “старога” і “новага” выдаецца за народнае. Але ж сёння нікога не падманеш. Турысты цяпер адукаваныя. Японцы падарожнічаюць літаральна з лінейкай у руках -- параметры старажытных аб’ектаў, на іх погляд, павінны быць захаваны. Увогуле за мяжой выключныя адносіны да аўтэнтычнасці. Неяк у мяне быў госць з Англіі, якому ў спадчыну засталася сядзіба шаснаццатага стагоддзя. Дык ён гатовы аб’ездзіць палову свету толькі для таго, каб папоўніць сваю калекцыю сапраўднымі антыкварнымі рэчамі. Чаму б і нашым бізнесменам не стварыць традыцыйнае беларускае жытло з характэрным для яго абсталяваннем?.. Калі б знайшліся такія людзі, я згадзіўся ім дапамагчы. Праектныя матэрыялы ёсць. Было б толькі жаданне.
Спецыяльна для чытачоў “НГ” Аляксандр Іванавіч пагадзіўся наладзіць імправізаваны майстар-класс і расказаў, што сабою ўяўляе традыцыйнае беларускае жытло.
Духі жылі ў гаршчках
Раней беларусы вельмі скрупулёзна выбіралі месца пад будаўніцтва хаты. Дрэнным знакам лічылася, калі на будаўнічай пляцоўцы з’яўляўся заяц -- чакай пажараў. Лес для забудовы выбіралі ў Піліпаўку (перыяд ад 28 лістапада да Раства), калі наступалі самыя лютыя дні снежня.
-- Для розных рэгіёнаў Беларусі характэрны свае тыпы сядзіб, -- заўважае цікавую асаблівасць Аляксандр Лакотка. -- Напрыклад, у паўднёва-заходняй частцы краіны вылучаюцца двары лінейнай планіроўкі (усе жылыя гаспадарчыя пабудовы размяшчаюцца ў адзін рад), а ў паўночна-ўсходняй наадварот -- перыметрычнай, альбо замкнутай.
Славяне па-асабліваму “абыходзіліся” з жылой прасторай. Воссю арыентацыі іх жытла была дыяганаль “чырвоны кут -- печ”, якая з’яўлялася сімвалам супрацьпастаўлення “свет-цемра”. Печ была галоўным абярэгам унутры дома. Акрамя таго, нашы продкі былі цвёрда ўпэўнены, што яна была злучальным каналам з памерлымі. Каля печы давалі клятвы, заключалі дагаворы, у пячурцы хавалі малочныя зубы дзяцей, у падпечку жыў абаронца дома -- дамавік.
Кожнае месца ў старых традыцыйных хатах мела свае значэнне, але ж самым пачэсным лічыўся чырвоны кут. Менавіта тут стаяў стол, віселі іконы. У святы, а часам і ў будні сцены “прывілеяванага” кута аздаблялі тканымі і вышыванымі ручнікамі, а пазней -- літаграфіямі, кветкамі. Пад абразамі заўсёды сядзелі старэйшыя мужчыны сям’і, а падчас вясельнага абраду гэта месца займалі маладыя.
-- Насупраць чырвонага кута размяшчалася зона адпачынку, -- зазначае Аляксандр Іванавіч, -- дзе былі насцілы (пол) і палаці. На палацях спалі пажылыя члены сям’і, а на насцілах покатам усе астатнія. Маладыя звычайна адпачывалі ў клецях, незамужнія дзяўчаты -- у каморах. Раскажу гісторыю. У сямідзесятых гадах у вёсцы Садавічы Капыльскага раёна намі была выяўлена сядзіба канца дзевятнаццатага -- пачатку дваццатага стагоддзя, дзе знаўцы знайшлі два цікавыя памяшканні. Першае знаходзілася ў сенях, дзе была выгараджана невялічкая камора, з драўляным ложкам. У дзвярным вушаку былі шматлікія палічкі і… грабеньчык з люстэркам. Колькі год прайшло, а мы і сёння можам уявіць, як дачка гаспадара глядзелася ў люстэрка, прычэсвала свае доўгія валасы і марыла пра суджаным… У гэтым жа двары даследчыкаў здзівіла яшчэ адно памяшканне -- свіран. Там стаяў вялікі шырокі ложак годны архаікі часоў Гамера. Такія шэдэўры выраблялі мясцовыя рамеснікі, якіх  было багата ў тыя далёкія часы. На ложку спалі ўлетку маладажоны.
Дом у дыяганальнай мадэлі ўмоўна падзяляўся на жаночую і мужчынскую палавіну. “Жаночым месцам” лічылася тэрыторыя насупраць печы, якую называлі “бабіным кутом”. Чаго толькі не было ў гэтым куце! На палічках стаялі збаночкі, гладышы, гаршчочкі з накрыўкамі, глячкі, спарышы, слоікі, кубкі, талеркі -- галоўнае багацце любой гаспадыні. Заўважым, амаль кожная рэч несла ў сабе нейкі ўнутраны сімвал. Так, круглая форма посуду заключала ідэю сонейка. Найбольш рытуалізаванымі прадметамі былі гаршчкі і збаны. Нашымі продкамі яны асэнсоўваліся як сасуды для душы і духаў. У Гомельскай вобласці існавала цікавае павер’е: калі ганчар праедзе па вёсцы на Каляды, дзяўчат не будуць браць замуж, таму яны выкрадалі ў майстра посуд і білі яго, “каб не сядзелі дзеўкі, як гаршчкі”.
Змяя супраць “нячысцікаў”
Вялікія светлыя вокны (часам нават пластыкавыя) у дамах агратурыстычнай сядзібы нярэдкасць. Прыгожа, нічога не скажаш. Але гістарычнай дасканаласці тут ні каліва. Ранейшыя вокны былі меншымі (і, безумоўна, шклопакеты нашы дзяды-прадзеды не ставілі). Дарэчы, першае акно з’явілася акурат насупраць печы. Да таго светлага часу былі земляныя пабудовы, дзе функцыю акна выконвалі дзверы. Беларусы былі ўпэўнены: іх дом --  мяжа паміж чалавекам і знешнім светам, дзе акно з дзвярамі выступаюць сродкамі сувязі. У фальклорных крыніцах часта сустракаюцца ўспаміны пра акно і дзверы. Даўней жанчыны, нараджаючы, глядзелі ў акно. Лічылася, што як толькі народзіцца дзіця, у тое ж імгненне на акне будзе напісана, які лёс чакае немаўлятка. Таксама ва ўсходнеславянскім фальклоры існуе павер’е: птушкі, якія садзяцца на акенца і стукаюцца ў яго, прыносяць весткі з таго свету.
-- Трэба зазначыць, што і парогу заўжды прыпісвалі магічныя ўласцівасці. Нездарма пасля нараджэння дзіцяці пад парогам закопвалі паслед, а калі выносілі дамавіну з памерлым чалавекам, то стукалі ёю аб парог, -- расказвае Аляксандр Лакотка.
Свае дамы людзі імкнуліся абараніць ад усялякіх “злых сіл” пры дапамозе абярэгаў. Так, вільчакі дахаў выразалі ў выглядзе галавы вужа. Змяю лічылі прадказальніцай будучага, ахоўніцай дома, сям’і, кожнага чалавека ад нячыстай сілы, таму яна была найбольш цэнным і моцным абярэгам. Цікава, што ў арнаментыцы балканскага светабачання месяц, зямля, агонь і змяя разглядаліся як чатыры элементы крыніцы жыцця Космасу. Шырока распаўсюджаныя дэкаратыўныя і архітэктурныя аздабленні -- кругі, разеткі, зоркі, крыжы, ромбы, квадраты -- служылі сімваламі агню і сонца і таксама выконвалі магічную ролю абярэгаў.
Згадзіцеся, калі б людзі, якія займаюцца агратурызмам (ці яшчэ толькі плануюць папоўніць рады “зялёных бізнесменаў”), паспрабавалі стварыць сапраўднае беларускае жытло, то яны засталіся б у выйгрышы. Бо змаглі б прапанаваць прыдзірлівым турыстам не толькі адпачынак у маляўнічых мясцінах, але і паказаць яе вялікасць Гісторыю.

Даведка

Як самастойная з’ява вясковы турызм сфарміраваўся ў 80-я гады ХХ стагоддзя. Сёння агратурызм вельмі папулярны сярод еўрапейцаў, якія ўжо даўно стаміліся ад урбаністычнай цывілізацыі. У некаторых рэгіёнах Паўночнай Еўропы гэта сфера дае каля 40—60 працэнтаў грошай, працуючых у мясцовай эканоміцы. Праўда, эксперты адзначаюць: сельскі турызм нельга назваць прыбытковым бізнесам — хутчэй гэта спосаб паменшыць сацыяльную напружанасць і знізіць узровень беднасці.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter