Беларусы — гасцінная нацыя. Добразычліва сустрэнуць, ад душы стол накрыюць... Пра гэта ў іншых краінах ведаюць. Як ведаюць і пра беларускі посуд — любога стала ўпрыгажэнне.
Вытанчаны і маляўнічы фарфор з Добруша сёння можна ўбачыць, бадай, у кожным нашым доме. І гэта не дзіўна. На ўнутраным рынку прадпрыемства «Добрушскі фарфоравы завод» ужо больш за трыццаць гадоў. Слава яго пачалася яшчэ ў часы былога СССР.
Сёння ж прадукцыя завода дастойна прадстаўлена і на знешнім рынку, карыстаецца вялікім попытам у Расіі, Азербайджане, Украіне. На экспарт ідзе 55,6 працэнта беларускага фарфору. Ад звычайнага, бытавога прызначэння да прэміум-класа.
Таленавітыя мастакі захоплена працуюць над дэкаратыўным афармленнем чайных і сталовых сервізаў, кубкаў, талерак, сувеніраў... Штодня завод выпускае каля 21 тоны фарфору, гэта прыкладна 2,2 мільёна адзінак посуду.
Аптымальныя суадносіны кошту і якасці — адна са складальных поспеху. На канкурэнтаздольнасць беларускага фарфору ўплывае і тэхнічнае пераўзбраенне — планамерная мадэрнізацыя вытворчасці, пра якую па-гаспадарску клапоціцца кіраўніцтва знакамітага прадпрыемства ў невялікім, але такім прыгожым у любую пару года горадзе з пяшчотнай назвай Добруш.
На здымку: на «Добрушскім фарфоравым заводзе».
Фото: БЕЛТА