Добрая духоўная традыцыя

Патрыярх Кірыл упершыню наведае Беларусь
Патрыярх Кірыл упершыню наведае Беларусь.

Духоўныя зносіны з адзінаверцамі, сумесныя малітвы, сустрэчы і гутаркі з грамадскасцю і найперш з моладдзю Беларусі — такія асноўныя мэты вераснёўскага візіту ў Беларусь Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла. Ён наведае Мінск, а таксама Полацк і Віцебск. “Гэта будзе вялікае для ўсяго беларускага народа свята, і таму мы ўсе рыхтуемся да яго з асаблівым стараннем”, — сказаў на прэс-канферэнцыі для журналістаў напярэдадні падзеі мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Ён нагадаў, што гэта ўжо сёмы візіт такога высокага ўзроўню ў Беларусь: шэсць папярэдніх здзейсніў Патрыярх Алексій II. Дарэчы, і цяперашні Патрыярх ужо бываў на нашай зямлі падчас некаторых рэлігійна-духоўных мерапрыемстваў.

“Варта нагадаць, што праваслаўных у Беларусі каля 82 працэнтаў ад усіх вернікаў, — удакладніў Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка. — Да візіту высокага госця рыхтуюцца як прыходы, так і дзяржаўная ўлада. Мы ўсю праграму наведвання робім разам і спадзяемся, што сустрэчы, гутаркі Патрыярха Кірыла на беларускай зямлі будуць змястоўнымі і ўзаемакарыснымі”. Кіраўнік каардынацыйнага савета знешніх сувязяў Беларускага экзархата протаіерэй Фёдар Поўны паведаміў, што цяпер ва Усіхсвяцкім прыходзе Мінска, якім ён кіруе, праходзіць духоўная акцыя “Сям’я. Яднанне. Любоў”, завяршэнне якой супадзе з візітам Патрыярха. Госць, дарэчы, наведае храм-помнік у гонар Усіх Святых, які цяпер будуецца, азнаёміцца з багатым беларускім вопытам узаемадзеяння царквы і дзяржавы ў сацыяльнай сферы.

Сакраментальным жа момантам візіту, па словах уладыкі Філарэта, стане ўдзел Патрыярха Кірыла ў чыне Узвіжання Крыжа, які новаствораны на ўзор страчанага Крыжа прападобнай Ефрасінні. Святочная малітва і чын пройдуць у Свята-Крыжа-Узвіжанскім саборы Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку.

Іван Ждановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter