Добрае слова выкладчыку

Учора ў Інстытуце журналістыкі БДУ віншавалі з 75-гадовым юбілеем аднаго са старэйшых выкладчыкаў журфака Івана Іванавіча Сачанку.

Учора ў Інстытуце журналістыкі БДУ віншавалі з 75-гадовым юбілеем аднаго са старэйшых выкладчыкаў журфака Івана Іванавіча Сачанку.

Зараз сярод журналістаў некалькіх пакаленняў складана знайсці таго, хто б не вучыўся ў прафесара Сачанкі — праз кафедру замежнай журналістыкі і літаратуры, створаную трыццаць гадоў таму па ініцыятыве Івана Іванавіча, прайшлі ўсе студэнты журфака. Усім запомніліся яго лекцыі па замежнай журналістыцы, падчас якіх знаходзілася месца і цікавай патрэбнай інфармацыі, і прыкладам з жыцця, і дасціпным жартам.

Іван Іванавіч рэдка гаварыў пра нешта асабістае, але, здаралася, успамінаў дзяцінства, і ад аднаго толькі слова — “Дахау” — аўдыторыя прыгаломшана сціхала. Мы ведалі, што наш выкладчык два з паловай гады разам з сям’ёй правёў у гэтым фашысцкім канцлагеры і што самыя першыя ўспаміны жыцця ў яго звязаныя з гэтым жудасным месцам. Магчыма, менавіта адтуль ён вынес разуменне каштоўнасці кожнага імгнення жыцця і простых чалавечых адносінаў: на журфаку і сёння Івана Іванавіча ведаюць як жыццялюба і выкладчыка, які прыязна ставіцца да калег і да студэнтаў.

Добрым словам прафесара Сачанку ўспамінаюць не толькі айчынныя журналісты. Пад кіраўніцтвам Івана Іванавіча грамадзяне іншых дзяржаў абаранілі пятнаццаць кандыдацкіх дысертацый.

Выкладчык і сёння працягвае працаваць, яго па-ранейшаму любяць журфакаўцы, аб чым сведчыць сюрпрыз, які яны яму падрыхтавалі да юбілею: знялі цэлае кіно. Мы ж, віншуючы Івана Сачанку, пажадалі прафесару здароўя, душэўнага спакою, творчага натхнення і плёну яшчэ на доўгія гады.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter