Добра, каб усе снапы былі важкімі
23.07.2013 16:20:42
Надзея ПАЛТАРАЧАНКА, Ганна ВАЛАДЗЬКО і Яўгенія КЛАПАЎШЧАК жывуць у вёсцы Бор Каменскага сельсавета
Без гэтых жанчын не абыходзяцца ні адны «Зажынкі» ў іх родным сельгаспрадпрыемстве ААТ «Чарэйшчына». Сёлета ж іх запрасілі пачаць жніво ўсяго раёна.
На стваральную справу блаславіў і камбайнераў, і ўсіх прысутных дабрачынны Лепельскага раёна святар Адам Каляда. Песнямі праводзілі хлебаробаў у поле артысты з ансамбля «Грымзолі».
Камбайны запусцілі рухавікі і адзін за адным рушылі ў масіў спелай збажыны.
Пачатак жніва ў раёне пракаменціраваў старшыня райвыканкама Барыс Яфрэмаў:
— Настрой у людзей пазітыўны, баявы — гэта самае галоўнае. Сваіх камбайнераў не ўсім сельгасарганізацыям хапае. З іншых прадпрыемстваў скамплектавалі 20 экіпажаў. Людзі адгукнуліся на просьбы, прыйшлі на дапамогу ў самую гарачую пару. Азімы рапс у раёне ўжо зжаты.
Зараз самым слабым звяном можа аказацца забеспячэнне палівам. На правядзенне жніва патрабуецца яго каля 700 тон. Сельгасарганізацыі забяспечваюцца ім з трох крыніц: за кошт уласных сродкаў, за сродкі абласнога бюджэту і крэдытныя рэсурсы. Банк пакуль не прафінансаваў шэсць мільярдаў рублёў на гэтыя мэты. Трэба спадзявацца, у бліжэйшы час справа вырашыцца, і палівам гаспадаркі будуць забяспечаны пад патрэбу.
НА ЗДЫМКАХ: старшыня Лепельскага райвыканкама Барыс ЯФРЭМАЎ, дырэктар КУВСГП «Лепельскае» Раман МІСНІК, галоўны інжынер Анатоль РУДЭНКА, прараб Анатоль ЛІТВІНЕЦ абмяркоўваюць тэмпы ўборкі; зажынаюць жыта Надзея ПАЛТАРАЧАНКА і Ганна ВАЛАДЗЬКО.
Фота аўтара