Добра, каб усе снапы былі важкімі

Без гэтых жанчын не абыходзяцца ні адны «Зажынкі» ў іх родным сельгаспрадпрыемстве ААТ «Чарэйшчына». Сёлета ж іх запрасілі пачаць жніво ўсяго раёна.

Надзея ПАЛТАРАЧАНКА, Ганна ВАЛАДЗЬКО і Яўгенія КЛАПАЎШЧАК жывуць у вёсцы Бор Каменскага сельсавета

Без гэтых жанчын не абыходзяцца ні адны «Зажынкі» ў іх родным сельгаспрадпрыемстве ААТ «Чарэйшчына». Сёлета ж іх запрасілі пачаць жніво ўсяго раёна.

Неўзабаве пад’ехалі пяць камбайнаў КУВСГП «Лепельскае». Па традыцыі першымі за справу ўзяліся жнеі. Першыя снапы былі ўручаны старшыні Лепельскага райвыканкама Барысу Яфрэмаву, старшыні раённага Савета дэпутатаў Мікалаю Місюру, начальніку райсельгасхарча Васілю Чарэдніку.

На стваральную справу блаславіў і камбайнераў, і ўсіх прысутных дабрачынны Лепельскага раёна святар Адам Каляда. Песнямі праводзілі хлебаробаў у поле артысты з ансамбля «Грымзолі».

Камбайны запусцілі рухавікі і адзін за адным рушылі ў масіў спелай збажыны.

Пачатак жніва ў раёне пракаменціраваў старшыня райвыканкама Барыс Яфрэмаў:

— Настрой у людзей пазітыўны, баявы — гэта самае галоўнае. Сваіх камбайнераў не ўсім сельгасарганізацыям хапае. З іншых прадпрыемстваў скамплектавалі 20 экіпажаў. Людзі адгукнуліся на просьбы, прыйшлі на дапамогу ў самую гарачую пару. Азімы рапс у раёне ўжо зжаты.

Летась намалацілі 40060 тон збожжа, на палях вызначыліся 11 «тысячнікаў». Паводле папярэдніх падлікаў, спадзяёмся атрымаць валавы намалот не меншы за леташні, а калі спрацуем аператыўна, то і перавысіць. Аптымальныя тэрміны завяршэння масавага жніва — 14—15 жніўня.

Зараз самым слабым звяном можа аказацца забеспячэнне палівам. На правядзенне жніва патрабуецца яго каля 700 тон. Сельгасарганізацыі забяспечваюцца ім з трох крыніц: за кошт уласных сродкаў, за сродкі абласнога бюджэту і крэдытныя рэсурсы. Банк пакуль не прафінансаваў шэсць мільярдаў рублёў на гэтыя мэты. Трэба спадзявацца, у бліжэйшы час справа вырашыцца, і палівам гаспадаркі будуць забяспечаны пад патрэбу.

НА ЗДЫМКАХ: старшыня Лепельскага райвыканкама Барыс ЯФРЭМАЎ, дырэктар КУВСГП «Лепельскае» Раман МІСНІК, галоўны інжынер Анатоль РУДЭНКА, прараб Анатоль ЛІТВІНЕЦ абмяркоўваюць тэмпы ўборкі; зажынаюць жыта Надзея ПАЛТАРАЧАНКА і Ганна ВАЛАДЗЬКО.

Васіль МАТЫРКА

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter