
У Беларусi 118 раёнаў, i Вадзiм Лакiза, намеснiк дырэктара па навуковай рабоце Iнстытута гiсторыi НАН, бываў у большасцi — дзе праездам, дзе праводзiў археалагiчныя даследаваннi, дзе выступаў на канферэнцыях. Пры гэтым ён працягвае лiчыць, што прыгажэйшага за родны Дзятлаўскi раён Гродзенскай вобласцi — няма. Нёман, Шчара, Моўчадзь, Лiпiчанская пушча, раўнiны i ўзгоркi, шмат сакральных аб'ектаў, накшталт валуноў каля вёскi Горка, якiя, згодна з паданнямi, здольныя лячыць... У вёсцы Явар, дзе Вадзiм Лакiза нарадзiўся, — старажытная царква, рэшткi маёнтка Радзiвiлаў: у дзяцiнстве з сябрамi шукалi тут падземныя хады, старажытнасцi. Той выпадак, калi месца паўплывала на прафесiйны выбар. Таму i пытання, куды ў Год малой радзiмы накiравацца на пошукi археалагiчных артэфактаў, не ўзнікла. Тым больш што ў Дзятлава яшчэ i юбiлей.

— З сучасных — гэта i знакаміты скульптар i керамiст Мiкалай Несцярэўскi; акадэмiк, гiсторык, архiтэктар Аляксандр Лакотка; акадэмiк, бiёлаг, заолаг i эколаг Мiхаiл Нiкiфараў; Мiхаiл Орда, кiраўнiк Федэрацыi прафсаюзаў Беларусi. Мы запросiм iх на канферэнцыю. Родам з Дзятлаўшчыны такiя славутыя людзi, як Томаш Жэброўскi, Iгнат Дамейка, Iгнат Дварчанiн. Калi мы гаворым пра сярэдневяковую гiсторыю, гэта i Канстанцiн Астрожскi, гетман Вялiкага Княства Лiтоўскага, i Леў Сапега, канцлер ВКЛ, прадстаўнiкi родаў Радзiвiлаў, Солтанаў. Шэраг вядомых прозвiшчаў, якiя аказалi значны ўплыў на гiстарычны ход нашай краiны.
— Новыя археалагiчныя даследаваннi сталi вашым укладам у гiсторыю роднага краю?
— Зразумела, у Год малой радзiмы мы не маглi не зрабiць нешта для яе. Сумесна з дзятлаўскай гiмназiяй № 1, якая арганiзавала летнi лагер «Юныя археолагi-2018», правялi навуковыя даследаванні на паселiшчы «Пархуты-2» на правабярэжжы ракi Шчара. Гэта вельмi прыгожыя мясцiны. Шырокая пойма, абрывiстыя берагi, векавыя дубы ў некалькi абхватаў... Само паселiшча — вядомы ў гiсторыяграфii Беларусi археалагiчны помнiк эпохi неалiту i бронзавага веку. Я яго знайшоў таксама са школьнiкамi Дзятлава — але яны ўжо дарослыя — у 1994 годзе. Пасля заканчэння ўнiверсiтэта я два гады працаваў тут настаўнiкам гiсторыi. Перыяд iснавання паселiшча — 5—2-е тысячагоддзi да нашай эры. Практычна ўвесь гэты час яно было амаль бесперапынна заселена. Лес i рака давалi жыхарам асноўныя прадукты для харчавання. I на працягу тысяч гадоў фармiраваўся магутны культурны пласт. Сёння, на глыбiні 80 см, а часам i каля метра, вучнi выяўлялi археалагiчныя артэфакты. У гэтым годзе мы не рабiлi вялiкi раскоп — даследавалi 16 кв. м, але важна, што школьнiкi вучылiся методыцы археалагiчных доследаў: як рабiць разбiўку раскопу на квадраты, фiксацыю артэфактаў, весцi зачыстку аб'ектаў. Яны ўбачылi адносiны археолагаў да навукова-даследчай работы — у адрозненне ад таго, як працуюць «чорныя капальнiкi», якiя зафiксуюць на металадэтэктары адпаведны гук i затым варварскiм метадам дастаюць з культурнага пласта артэфакт. Паралельна дзецi здымалi вiдэа, i ўжо некалькi сюжэтаў выкладзены на YouTube.
— Якiя знаходкi найбольш уразiлi?
— Мы знайшлi фрагменты керамiкi, якiя паказваюць ход гiстарычнага развiцця насельнiцтва ў Пархутах i ў цэлым на Дзятлаўшчыне. Пачынаючы з прыпяцка-нёманскай ранненеалiтычнай культуры — знойдзена керамiка з арганiчнымi дамешкамi. Затым матэрыялы нёманскай неалiтычнай культуры, з арнаментам, i кола культур шнуравой керамiкi. Дарэчы, апошнiя — iндаеўрапейцы, нашы далёкiя продкi, з 3—2 тысячагоддзя да н.э., пачынаюць рассяляцца на тэрыторыi Еўропы i Беларусi. I мы знайшлi непасрэдныя сведчаннi iх распаўсюджвання — керамiку, трохвугольныя наканечнiкi стрэл. Менавiта iндаеўрапейцы, якiя вандравалi па ўсёй тэрыторыi i нападалi ў тым лiку на мясцовых жыхароў, пачалi выкарыстоўваць трохвугольныя стрэлы, з «зазубрынкамi i шыпамi» — зброю i каменныя свiдраваныя баявыя сякеры. Яшчэ з цiкавых знаходак — крамянёвы наканечнiк дзiды, у добрай захаванасцi, з выемкай, якая дапамагала прывязаць яго да драўлянай дзяржальнi. I крамянёвая, яшчэ не зашлiфаваная сякерка — адна з самых раннiх па храналогii знаходак. Iх выкарыстоўвала насельнiцтва прыпяцка-нёманскай неалiтычнай культуры.

— Такiм чынам правесцi час летам пашанцавала толькi гiмназiстам з Дзятлава?
— Сумесныя даследаваннi са школьнiкамi нашы археолагi ў гэты год праводзяць у шэрагу мясцін краiны — Ашмянах, Iўі, Зэльве, Свiслачы, Слонiме i iншых. Важна, што захапілiся i настаўнiкi, а толькi так можна зацiкавiць дзяцей. На мяне, напрыклад, у школе — я вучыўся ў вёсцы Хвiнявiчы — аказаў моцны ўплыў мой класны кiраўнiк, гiсторык Аляксандр Васiльевiч Канюшкевiч. Ён быў ветэранам вайны, мы вельмi шмат хадзiлi ў розныя паходы па мясцінах партызанскай славы... Аднойчы, калi я ўжо вучыўся на гiстфаку ў Гродне i займаўся гiсторыяй Дзятлава, вяртаўся дамоў i сустрэў яго ў аўтобусе. Разгаварылiся аб маёй працы. I ён у размове кажа: а вось цiкавая навука археалогiя... I ведаеце, усё склалася так, што ўжо блiжэйшым летам я адправiўся на два месяцы на археалагiчныя раскопкi.

— Падаецца, што аб родным краi вы ведаеце амаль усё. Цi засталiся «белыя плямы»?
— Падчас сёлетняй экспедыцыi, у якой са мной былi мае калегi i вучнi Сяргей Лiневiч i Станiслаў Юрэцкi, у нас стаяла яшчэ адна задача — знайсцi лодку эпохi Сярэднявечча, якая была на прыкмеце яшчэ з канца 1990-х гадоў. Тады жыхары паказалi нам месца, дзе з берага ракi Шчары вытыркалася лодка—даўбёнка цi човен, зроблены з аднаго камля дрэва. Была арганiзавана экспедыцыя з падводнiкамi, падключылi раённыя арганiзацыi, прыгналi фуру з Мiнска. Але месца аказалася вельмi складаным для пад'езду тэхнiкi i арганiзацыi работ, мы не змаглi яе падняць. Лодка знаходзілася пад магутным пластом зямлi, з-за частых змен рэчышча Шчары — нібыта на мiнi-востраве... Пасля гэтага мы некалькi гадоў сачылi за ёй. А затым моцная паводка размыла бераг ракi i лодку паклала на дно. Зараз у Iнстытуце гiсторыi НАН арганiзавалася група падводнай археалогii, i мы вырашылi правесцi новыя пошукавыя работы. На жаль, пакуль яны не прынеслi вынiкаў. Але мы не губляем надзеі.
vasilishina@sb.by