Доўгае рэха вайны

Пашанай і клопатам акружаны ў Беларусі ветэраны Вялікай Айчыннай. Але час няўмольны, і яны адзін за другім адыходзяць з жыцця. Іх магілы наведваюць родныя, якія з любоўю ўзгадваюць пра бацькоў і дзядоў. Аднак не ўсе могуць пакласці кветкі, пакланіцца, бо дагэтуль не ведаюць, дзе знайшоў апошні прытулак дарагі чалавек. Таму мы з калегамі з Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і шматлікімі добраахвотнымі памочнікамі ў рамках праекта “Помні імя сваё” самую пільную ўвагу ўдзяляем пісьмам і пошукам тых, хто аддаў жыццё за перамогу.

Пашанай і клопатам акружаны ў Беларусі ветэраны Вялікай Айчыннай. Але час няўмольны, і яны адзін за другім адыходзяць з жыцця. Іх магілы наведваюць родныя, якія з любоўю ўзгадваюць пра бацькоў і дзядоў. Аднак не ўсе могуць пакласці кветкі, пакланіцца, бо дагэтуль не ведаюць, дзе знайшоў апошні прытулак дарагі чалавек. Таму мы з калегамі з Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і шматлікімі добраахвотнымі памочнікамі ў рамках праекта “Помні імя сваё” самую пільную ўвагу ўдзяляем пісьмам і пошукам тых, хто аддаў жыццё за перамогу.

“Мой бацька Міхаіл Васільевіч ШУРПІК, 1916 года нараджэння, жыў у вёсцы Карабы Глыбоцкага раёна. У час Вялікай Айчыннай быў накіраваны на фронт, нумар палявой пошты 31 806. Прапаў без вестак у маі 1945-га. Леанід Міхайлавіч Шурпік, Глыбокае”.

“Мой брат Фёдар Міхайлавіч ГЕЛЕЖА, 1923 года нараджэння, ураджэнец вёскі Авечыцы Зэльвенскага раёна. Ў час вайны быў забраны фашыстамі на прымусовыя работы ў Германію. Пасля вызвалення ўступіў у рады Чырвонай Арміі, быў накіраваны ў 146-ты запасны стралковы полк, затым у 194-ю стралковую дывізію. 9 лютага 1945 года паслаў дадому ліст, у якім паведамляў, што вывучае ваенную справу. Але ў родных памяняўся адрас, і пісьмо яны атрымалі з вялікім спазненнем. Не сталі пісаць Фёдару, чакалі, што хутка вернецца. Але ён не вярнуўся. Мікалай Міхайлавіч Хвясько, Ваўкавыскі раён”.

“Шукаю месца пахавання бацькі Георгія Сямёнавіча МАРУШКІ. У час Вялікай Айчыннай ён быў накіраваны на фронт і дадому не вярнуўся. Маці ў 1947 годзе атрымала паведамленне, што наш дарагі чалавек у студзені 1945-га прапаў без вестак. Нядаўна пры дапамозе Інтэрнэта даведаліся, што ён памёр ад ран. Валянціна Георгіеўна Касцюк, Навагрудак”.

“Павел Іванавіч ШЧАПКО (або Шчэпка), прыкладна 1918—1920 года нараджэння, служыў у авіяцыі. З першых і да апошніх дзён вайны ад яго не атрымалі ніводнай вестачкі. Дадому не вярнуўся. Яшчэ хочам даведацца пра лёс Івана Іванавіча ШЧАПКО (Шчэпкі), прыкладна 1920—1922 года нараджэння. У час вайны ён трапіў у варожы палон, уцёк з яго і змагаўся ў партызанскім атрадзе. Пасля вызвалення Беларусі ўступіў у рады Чырвонай Арміі. Мы даведаліся, што дарагі чалавек памёр ад ран 25 лютага 1945 года і пахаваны ў Польшчы. Хочам знайсці яго магілу, пакласці кветкі. Сям’я Анісовічаў, Дзяржынскі раён”.

“Шукаю месца пахавання дзядзькі Мікалая Сяргеевіча БАРАДАЎКІНА, 1919 года нараджэння. У 1939-м ён быў прызваны ў Чырвоную Армію, служыў у горадзе Кейданы, у Літве. Апошні ліст ад яго атрымалі ў сакавіку 1941 года. Пасля вайны родным паведамілі, што дзядзька памёр у варожым палоне. Зінаіда Пятроўна Вашацькова, Талачынскі раён”.

“Шукаем звесткі пра дзядзьку Фёдара Кузьміча РУДЗЯНКОВА, 1919—1920 года нараджэння, ураджэнца вёскі Забалацце Буда-Кашалёўскага раёна. Ён вучыўся ў ваенным вучылішчы ў Літве. Калі пачалася вайна, быў накіраваны на фронт. Атрымалі паведамленне, што прапаў без вестак. Мая стрыечная сястра А.І.Міхалкова хоча даведацца пра бацьку Івана Іосіфавіча КАВАЛЁВА, 1910 года нараджэння. Ён таксама з Буда-Кашалёўскага раёна, працаваў настаўнікам. У 1941-м быў накіраваны на фронт. У сакавіку 1944-га атрымалі паведамленне, што прапаў без вестак. Людміла Сяргееўна Раманава, Гомель”.

“Мой дзядзька Міхаіл Васільевіч ВАРАХОБКА, 1923 года нараджэння, не вярнуўся з фронту. Яго маці, якая жыла ў вёсцы Варахобкі Бешанковіцкага раёна, 31 сакавіка 1945 года атрымала паведамленне, што сын прапаў без вестак на тэрыторыі Польшчы. Я веру, што знойдуцца звесткі пра ваенны лёс дзядзькі. Можа, адгукнуцца ўдзельнікі тых далёкіх падзей, якія былі разам з нашым дарагім чалавекам. Галіна Андрэеўна Буевіч, Віцебск”.

Мікалай Гаўрылавіч Наркевіч з Дзяржынскага раёна ведае, дзе пахаваны партызан Іван ШАБУРНІКАЎ, які быў родам з Расіі, змагаўся ў партызанскім атрадзе імя Фрунзе на тэрыторыі Беларусі. Мікалай Гаўрылавіч хоча знайсці родных партызана Шабурнікава, паказаць ім яго магілу. Гэтую просьбу дапамогуць выканаць супрацоўнікі Упраўлення па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Зінаіда Пятроўна Керэз-Макрэцкая з Верхнядзвінскага раёна хоча, каб яе прызналі ўдзельніцай партызанскага руху ў час Вялікай Айчыннай вайны. Жанчына сцвярджае, што была сувязной 1-й Дрысенскай партызанскай брыгады Калінінскага атрада, дзе добра ведала начальніка разведкі Аляксея Бялова, заданні якога выконвала. Зінаідзе Пятроўне 84 гады і знайсці баявых сяброў, вядома, зараз няпроста. Але будзем спадзявацца, што хтосьці адгукнецца.

“Мой бацька Дзмітрый Сцяпанавіч ТРАЦЦЯКОЎ, 1921 года нараджэння, ураджэнец вёскі Нача Крупскага раёна. У канцы 1940-га яго прызвалі на тэрміновую службу. Прайшоў сяржанцкую школу. Пісаў маёй маці пісьмы. Прасіў, каб мяне сфатаграфавалі і прыслалі яму здымак. Але не паспелі гэта зрабіць, бо пачалася вайна. Бацька не вярнуўся з фронту. Пасля перамогі нам прыйшоў ліст ад аднапалчаніна бацькі. Ён пісаў, што ў адным з баёў Дзмітрый Сцяпанавіч загінуў і ён ведае, дзе знаходзіцца яго магіла. Яна недзе ў Смаленскай вобласці. Валянціна Дзмітрыеўна Ліцвінава, Барысаў”.

“Мой бацька Мікалай Паўлавіч БІРУКОЎ, 1907 года нараджэння, ураджэнец вёскі Рудня Смаленскай вобласці. У 1929 годзе адтуль быў прызваны на службу. З 1938-га служыў у званні капітана ў вайсковай часці пад Мінскам, непадалёку ад Заслаўя. У красавіку 1941 года пераведзены ў Брэст камандзірам 18-га асобнага кулямётна-артылерыйскага батальёна ў складзе 62-га Брэсцкага ўмацаванага раёна, якім камандаваў маёр Пузыроў. У маі 1941-га бацьку было прысвоена званне маёр. Наша сям’я жыла ў Брэсце. Калі пачалася вайна, бацька вярнуўся ў свой батальён і больш мы яго не бачылі. Ёсць звесткі, што ён пахаваны ў брацкай магіле ў вёсцы Орля Камянецкага раёна. Яшчэ хачу паведаміць, што ў вёсцы Рачкі Жабінкаўскага раёна ёсць тры безыменныя магілы. У дзвюх з іх пахаваны ў 1942 годзе чырвонаармейцы, якія ўцяклі з эшалона з ваеннапалоннымі, што ішоў праз Жабінку. Адзін з іх малады, родам з-пад Мінска, а другі, гадоў трыццаці, са Смаленшчыны. Магілы даглядае мясцовая жыхарка. Інеса Мікалаеўна Іванова, Магілёў”.

“У газеце “Віцебскі рабочы” быў змешчаны спіс салдат Віцебскай вобласці, што не вярнуліся з вайны. У ім я знайшла прозвішча свайго брата Канстанціна Антонавіча ЛЕПЕШАВА. Усе даныя сыходзяцца, але там напісана, што ён рускі, і не пазначана, дзе загінуў (падчас бою ці ў палоне) і пахаваны. Загінуў ён у жніўні 1942 года. Перад вайной яго забралі ў армію. Служыў у Баку. Пісаў, што вучыць азбуку Морзе. Другі мой брат Іван Антонавіч ЛЕПЕШАЎ, 1912 года нараджэння, у пачатку вайны пайшоў на фронт і пра яго нічога невядома. Дапамажыце даведацца, дзе знаходзіцца магіла Івана, а таксама дзе і калі загінуў ці памёр. Кацярына Антонаўна Маркаменка, Дубровенскі раён”.

“Мая бабуля Ганна Андрэеўна Платонава шукае свайго брата Пятра Андрэевіча ПЛАТОНАВА, 1920 года нараджэння, ураджэнца вёскі Рэчыца Чэрыкаўскага раёна, які прапаў без вестак у час вайны. У 1939 годзе ён паступіў у Лепельскае ваеннае вучылішча. У 1941-м яно эвакуіравана ў горад Барнаул Алтайскага краю. У кастрычніку атрымаў званне лейтэнанта і яго накіравалі ў 54-ю ці 154-ю армію на абарону Масквы. Апошні раз брата бачылі на вакзале ў Барнауле ў кастрычніку 1941-га. У 1945 годзе маці прыйшло паведамленне, што Пётр прапаў без вестак. А пазней да яго сястры дайшлі чуткі, што ён жывы і не хоча вяртацца да родных, бо інвалід. Таксама бабуля хоча даведацца пра лёс сваёй стрыечнай сястры Антаніны Рыгораўны БЛАГАДАРЫНАЙ, прыкладна 1940—1943 года нараджэння, ураджэнкі вёскі Міхалін Чэрыкаўскага раёна. Дзесьці ў 1963—1965 гадах паехала з маці ў горад Львоў і сувязь з імі абарвалася. А.Ларыёнава, Чэрыкаў”.

Не сышліся характарамі

“Дапамажыце знайсці Галіну Уладзіміраўну УШКОВУ. З-за таго, што яны не сышліся характарамі з маёй маці, Галіна пайшла з дому. Я не ведаю, дзе яна. Можа, паехала да стрыечных сясцёр у горад Быхаў ці вёску Лучыцы Магілёўскай вобласці. Я вельмі за яе турбуюся і спадзяюся на хуткую сустрэчу. Сяргей Аляксеевіч, Нараўлянскі раён”.

Дарагія сябры

“У 1979 годзе мы з Раісай Сяргееўнай ІВАНОВАЙ закончылі планава-эканамічны факультэт завочнага аддзялення інстытута народнай гаспадаркі імя Куйбышава ў Мінску. Хутка пасля гэтага і ў яе, і ў мяне памяняліся адрасы, і мы страцілі сувязь. Увесь гэты час я памятаю сяброўку і буду рада ўбачыць яе. Ала Іванаўна Кісліцкая (Нямковіч), Мінск”. Жыхар Беразіно Анатоль Андрэеевіч Комар у 1953 годзе закончыў Мінскае педвучылішча імя Н.К.Крупскай. Ён шукае былых аднакурснікаў. “Хаця мінула шмат часу, хачу даведацца пра лёсы сяброў маладосці. Абодва служылі ў ваенным гарадку ў Асіповічах. Юрый АБАСАЎ быў з Таліна. Мікалай ХЛЯБАЕЎ — ураджэнец Беларусі. Было гэта ў 1965—1966 гадах. Алена Адамаўна Паўлоўская (Гарадзецкая), Асіповічы”.

Блізкія людзі

“Прашу адгукнуцца дачок Ірыны Канстанцінаўны Пяцько, ураджэнкі вёскі Варанчукі Віцебскай вобласці. Па некаторых звестках, жывуць яны ў Віцебску і Магілёве. Сама І.К.Пяцько памерла прыкладна ў 1980 годзе. Уладзімір Антонавіч Корзан, Шаркоўшчынскі раён”.
 “Шукаю родных, сувязь з якімі страчана даўно. Гэта сваякі па лініі маці Вольгі Мінаўны Жук, 1907 года нараджэння. У матулі былі сястра Надзея Мінаўна Жук і брат Іван Мінавіч Жук. Жылі яны ў вёсцы Жукі Капыльскага раёна. Хачу знайсці іх дзяцей, маіх стрыечных сясцёр Ніну Іванаўну, Галіну Васільеўну і іншых. Аляксандра Апанасаўна Стрыхар, Баранавічы”.
“Дапамажыце адшукаць маю пляменніцу Любоў Аляксееўну БРЫЦІКАВУ (Лагуценка), 1953 года нараджэння. Яна нарадзілася і жыла да 1993 года ў Мсціслаўлі. Паліна Ігнацьеўна Дуброўская, Клімавічы”.
 “Да вайны наша сям’я жыла ў вёсцы Кашалёва Буда-Кашалёўскага раёна. У час вайны маці, я і два браты былі ва Украіне. У жніўні 1945-га мы вярталіся  на радзіму. Даехалі да станцыі Белая Царква Кіеўскай вобласці. Там быў вялікі базар. Маці загадала, каб з вагона мы не выходзілі, а яна пайшла купіць нам ежу. Міхаіл (Міхаіл Кандратавіч НІКАЛАЕЎ, 1938 года нараджэння) не паслухаўся і пайшоў з вагона. Калі прыбегла маці, цягнік паехаў. Яна ледзь паспела ўскочыць у вагон, а брата не было. Ён застаўся на платформе. Таццяна Кандратаўна Гушчына (Нікалаева), Гродна”.
“Прашу адгукнуцца Аляксандру Міхайлаўну ЕМЕЦ, прыкладна 1954—1956 года нараджэння, якая разам з мужам паехала да дзяцей у горад Гукава (Расія). Ганна Міхайлаўна Ліпніцкая (Слонская), Мінск”.
“Шукаю стрыечных сястру і брата Валянціну Рыгораўну, 1936-га, і Ігара ці Сашу (дакладна не памятаю) ТРАЦЭЎСКІХ, 1938 гада нараджэння. У 1930-я гады мой дзядуля Аляксандр Станіслававіч Трацэўскі быў раскулачаны і высланы з вёскі Продзвіна ў Свярдлоўскую вобласць. Разам з ім былі бабуля Юлія Трацэўская, два сыны (Рыгор і Віня) і дзве дачкі. Пазней вярнулася на радзіму бабуля, потым — дочкі. Дзядуля падчас голаду памёр у Сібіры. Яго сын Рыгор працаваў на заводзе ў Свярдлоўску. Ажаніўся. У 1938 годзе прыязджаў падчас водпуску да нас. Паказваў фота сваёй сям’і. На ім жонка Марыя і дзеці. У час вайны адрас дзядзькі згубіўся. Алена Феліксаўна Сверж, Бабруйскі раён”.

Радасць сустрэчы

  • Іна Максімава (Саўчанка)  з горада Барань Віцебскай вобласці шукала сяброў юнацтва  Ганну Яфімаўну Васілёнак, Зінаіду Паўлаўну Паўлючык (Конанаву), Аляксея Забаронка. Яны разам вучыліся ў Мінскім радыётэхнічным тэхнікуме. Адгукнулася Зінаіда Паўлаўна Паўлючык. Пошук астатніх сяброў працягваецца.
  • Сваіх пляменнікаў Аляксандра Іванавіча і Святлану Іванаўну Воранавых шукала Надзея Ягораўна Шалоніна з Оршы. Адгукнуўся Аляксандр Іванавіч, які паведаміў каардынаты свае і Святланы. 
  • Аляксандр Уладзіміравіч Крукоўскі з Віцебска ўспомніў сваю маладосць і знаёмую Жанну Завадскую з вёскі Бярозкі Докшыцкага раёна. Лёс развёў маладых рознымі жыццёвымі дарогамі. Жанна, прозвішча якой цяпер Грыгаровіч, адгукнулася і паабяцала патэлефанаваць сябру.

Гора маці

“Мой муж Казімір Браніслававіч Камінскі памёр у 1996 годзе. Я з дзецьмі жыла ў вёсцы Верхалессе Баранавіцкага раёна. Часта па стану здароўя знаходжуся ў бальніцы ў вёсцы Крывошын Ляхавіцкага раёна. Аднойчы, калі была на лячэнні, муж сястры, якая памерла, Валерый Уладзіміравіч Клявец з горада Ганцавічы завёз некуды маіх дзетак Марыну Казіміраўну КАМІНСКУЮ, 1995-га, і Ганну Казіміраўну КАМІНСКУЮ, 1994-га гадоў нараджэння. Дапамажыце знайсці маіх дачок Людміла Міронаўна Камінская”.

Агеньчык кахання

“Усё жыццё мне не дае спакою думка, дзе зараз мой былы каханы Міхаіл Іванавіч КІТАЕЎ, 1949 года нараджэння, як склаўся яго лёс. Родам ён з горада Камянец-Падольскі Хмяльніцкай вобласці (Украіна). Пасля заканчэння тэхнікума Міхаіла накіравалі працаваць у Оршу на сілікатны завод. Я там таксама працавала. Жылі мы ў адным інтэрнаце, дзе і пазнаёміліся. Доўгі час сустракаліся. Але ў 1971 годзе яго прызвалі на тэрміновую службу. Накіравалі ў горад Дзяржынск Горкаўскай вобласці. Перапісваліся, але ў хуткім часе сувязь абарвалася. Паліна Архіпаўна  Новікава,  Аршанскі раён”.
 “Хачу даведацца пра лёс Міхаіла Міхайлавіча СВІРЫДЗЕНКІ. У 1970—1972 гадах я вучылася ў Магілёўскім педвучылішчы. Мяне разам з сяброўкамі накіравалі на летнюю практыку: іх на аздараўленчыя пляцоўкі ў школы Шклоўскага раёна, а мяне, як выдатніцу, замяніць на час водпуску выхавальніцу ў дзіцячы садок у вёску Гарадзец. Там мы і пазнаёміліся. Міхаіл у той час вучыўся на трэцім ці чацвёртым курсе Горацкай сельгасакадэміі. Сустракаліся, пакахалі адно аднаго. Пазней, калі скончылася практыка і былі канікулы, ён хацеў прыехаць у госці да мяне дадому. Але я не магла яму дазволіць: у мяне былі вельмі строгія бацькі, не ведала, як ім пра гэта сказаць. Калі вярнуліся на заняткі, то некалькі разоў сустракаліся. Аднойчы я захварэла і атрымала ад Міхаіла пісьмо. Але на канверце стаяла адна дата, а ў лісце на два дні пазней. Не ведаю чаму, але пакрыўдзілася, і наша сувязь абарвалася. Пасля заканчэння вучылішча паехала працаваць у Івацэвіцкі раён, а ён — невядома куды. Праз некаторы час яму пасылала віншавальную паштоўку на дамашні адрас у вёску Перарост Добрушскага раёна, але адказу не было. Часта думаю пра яго, узгадваю з цеплынёй сваё першае прыгожае каханне. Хачу ведаць, як склаўся лёс Міхаіла, папрасіць у яго прабачэння. Доўга захоўвала яго фотаздымак, дзе рукой сябра напісана: “Не забудзь і ты гэтыя летнія гарадзецкія вечары”. Я пра іх успамінаю ўвесь час. Шукаю таксама сяброўку, з якой разам вучылася і жыла, Таісу Іванаўну ХАНЕВІЧ (прозвішча дзявочае), 1954 года нараджэння, з горада Ветка. Таццяна Міхайлаўна Шыманчык, Івацэвіцкі раён”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter