Доўгае рэха вайны

Улетку, знаходзячыся ў камандзіроўцы ў Белгарадзе, мы разважалі пра тое, як важна, каб з гэтым рэгіёнам Расіі ўмацоўваліся і памнажаліся сувязі
Улетку, знаходзячыся ў камандзіроўцы ў Белгарадзе, мы разважалі пра тое, як важна, каб з гэтым рэгіёнам Расіі ўмацоўваліся і памнажаліся сувязі. Калі прыгадаць, там, на Прохараўскім полі, 3 мая 2000 года напярэдадні 55-й гадавіны Перамогі адкрылася капліца — сімвал яднання трох славянскіх народаў. І ў звон “Яднання” адначасова ўдарылі прэзідэнты Беларусі, Расіі ды Украіны. Яны сустракаліся на легендарнай зямлі Белгарадчыны і для таго, каб ідэі яднання, міру, згоды ўвасабляліся ў жыццё.


Званіца ў Прохараўцы ўстаноўлена на тым месцы, дзе адбылася танкавая бітва

Тая пазітыўная сустрэча сёння — гісторыя. І хіба мог нехта пятнаццаць гадоў назад падумаць аб тым, што ва Украіне настануць цяжкія часы…

“Любоўю і Яднаннем выратуемся” — гэтыя словы Прападобнага Сергія Раданежскага, высечаныя па перыметры звана, і цяпер, у год 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, гучаць як напамін: заваяваны такой вялікай цаной мір — найвялікшая з каштоўнасцяў. Таму нам так зразумелыя пачуцці тых нашых супляменнікаў, якія, маючы зносіны з намі, паўтаралі: толькі б не было вайны…

Сёння ўражанні пра камандзіроўку адстаяліся, а дзённікавыя і дыктафонныя запісы дапамагаюць выбудаваць карціну зносінаў з беларусамі, якія даўно аселі ў гэтым “прыфрантавым” горадзе. Так яны яго сёння называюць: да мяжы з Украінай рукой падаць, нейкіх 50 км па трасе…

Белгарад, які раскінуўся на ўзгорках, уразіў сваёй чысцінёй і якасцю аўтадарог. Едзем з аэрапорта па горадзе. За рулём — Юрый, мой пляменнік. Асфальт вельмі роўны, разметка свежая. Кідаем фразу: чысціня, як у нас у Мінску. І тут жа чуем: губернатар вобласці Саўчанка строга сочыць за парадкам і ў горадзе.

А вось пры дарозе рэкламны банер: мэбля з Беларусі. Аказваецца, яе сюды вязуць з Пінска, Бабруйска і ад іншых вытворцаў. У Белгарадзе вялікай папулярнасцю карыстаюцца беларускія кухні на заказ. “І прадукты мы вашы купляем”, — гаворыць мой стрыечны брат Алег Іванавіч Лугаўскі, былы ваенны лётчык. Што і гаварыць, чуць гэта прыемна.

Выбар месца пражывання мы, вядома ж, зрабілі на карысць яго гарадской кватэры, а не гасцініцы: радня ўсё-такі. Ды і карціну жыцця лягчэй скласці, знаходзячыся, як гаворыцца, сярод народа. Калі за вячэрай агучваем мэту камандзіроўкі, брат ажыўляецца. Ды поўна тут беларусаў! Вунь у двары з адным з былых лётчыкаў сустракаемся, мае баявыя ўзнагароды. Нявестка брата Марына ўспамінае калегу-настаўніцу з 57-га ліцэя, якая штогод возіць дзяцей у Брэст на алімпіяды па рускай мове і літаратуры і сваякоў заадно сваіх наведвае.

У залах музея “У гонар герояў Курскай бітвы”

Курская дуга і Прохараўка     


Назаўтра ў калег з “Белгородской правды”, якія дапамагалі з арганізацыяй камандзіроўкі, выхадны дзень, таму сваякі прапаноўваюць нам з’ездзіць разам на Курскую дугу і ў Прохараўку. Дарэчы, незадоўга да паездкі ў Белгарад мы прачыталі артыкул калегі пра жыхара аграгарадка Гародзькі Валожынскага раёна Івана Станкевіча. Праз гады пасля Вялікай Айчыннай гэты беларус-сапёр, якім ганарымся, абясшкодзіў больш за 10 тысяч мін, снарадаў і гранат на Курскай дузе, пра што і расказваем у машыне.

Радня ажыўляецца: так, яны чулі, што сапёры розных нацыянальнасцяў ачышчалі гэтыя месцы ад смяротных слядоў вайны.

Там ваяваў і мой бацька, гвардыі радавы, музыкант Міхаіл Чаркашын. Пра яго я пісала ў артыкуле “Бацькава вайна” (№5-2015). Таму, накіроўваючыся на Курскую дугу, адчуваю зразумелае хваляванне.

Ад Белгарада да мемарыяла хвілін 40-45 на машыне. На павароце трасы Белгарад-Курск у бок Прохараўкі нас сустракае легендарная “Кацюша”. Непадалёк на плошчы і мемарыял-музей “У гонар герояў Курскай бітвы”. Цэнтральнае месца перад музеем займае танк на пастаменце, далей на доўгай бетоннай сцяне стаяць і гарматы. Адразу ж у музей і накіроўваемся, ведаючы, што тут нам раскажуць і пра беларусаў, якія прымалі ўдзел у гістарычнай бітве. Чакаючы навуковага супрацоўніка музея Таццяну Баканаву, аглядаем экспазіцыю. Зброя, часткі танкавх матораў і кавалкі тоўстай танкавай броні — усё гэта можна пакратаць рукамі. А каскі, кацялкі, планшэты, лётчыцкія шлемы, плашч-палаткі, абмундзіраванне, параднае і будзённае, прадметы побыту і многія другія рэліквіі за шклом стэлажоў. Там жа і арыгіналы газетных нумароў, зводак аб баях і пісьмы салдат і афіцэраў родным. На сценах мноства фотаздымкаў… Сувязісты, танкісты, лётчыкі, пехацінцы… Сутыкаючыся з трагедыяй былой вайны, адчуваеш, што час тут як бы спыніўся. Урачыстая цішыня абавязвае прыглушаць галасы, асцярожна ісці па бетоннай падлозе, не рабіць рэзкіх рухаў. Нават рэдкае цоканне дамскіх абцасікаў успрымаецца як дысананс. Балазе, у той дзень мы ў музеі — адны. Бачу, як брат разглядае стэнд, прысвечаны лётчыкам. Падыходжу да яго і ўспамінаю, як у дзяцінстве сама прымярала яго лётчыцкі шлем, якраз такі ж, як нечы пад шклом. Іван фатаграфуе адзін са стэндаў. Накіроўваюся і я да экспанатаў пра Аляксандра Гараўца, ураджэнца вёскі Машканы Сенненскага раёна Віцебскай вобласці, Героя Савецкага Саюза.

Сянно… Дзіўна, што Гаравец родам якраз з тых месцаў, дзе яшчэ ў ліпені 41-га адбылася гераічная бітва, вядомая ў гісторыі як Лепельскі контрудар. Цяпер яе называюць Бітвай пад Сянно. Перагаворваемся з Іванам: вось бы добра было, калі б у мясцовым музеі супрацоўнікі арганізавалі невялікую экспазіцыю, прысвечаную той бітве. І сходзімся на тым, што трэба будзе накіраваць іх да навуковага супрацоўніка гістарычна-краязнаўчага музея ў Сянно Васіля Бандарэвіча, які даўно займаецца вывучэннем ліпеньскіх баёў 1941 года і разам з калегамі сабраў шмат матэрыялаў пра не ўсім пакуль вядомую танкавую бітву.


Аляксандр Гаравец — Герой Савецкага Саюза
Ад Таццяны Баканавай даведваемся, што Гаравец — савецкі лётчык, які атрымаў у адным баі больш за ўсіх паветраных перамог: 6 ліпеня 1943 года уступіў у бой з 20 варожымі бамбардзіроўшчыкамі і 9 з іх збіў. Аказваецца, доўгі час ён лічыўся без весткі прапаўшым, але ў кастрычніку 1957 года жыхары вёскі Зорынскія Двары Белгарадскай вобласці выявілі самалёт з астанкамі лётчыка. Знайшлі яшчэ і пісталет ТТ, партбілет Гараўца, планшэт з картай, а таксама пасведчанне яго асобы. Па дакументах і ўстанавілі, хто загінуў. У той вёсцы Гараўца і пахавалі з ушанаваннямі, а на месцы яго гібелі ўстанавілі бронзавы бюст. Дарэчы, у Цэнтральным музеі Узброеных Сіл СССР у Маскве Аляксандру Гараўцу прысвечаны цэлы стэнд. Выстаўлены знойдзены самалёт Ла-5, гарматы і кулямёты — без адзінага снарада і патрона, якія ўсе былі расстраляны ў тым паветраным баі.

Расказвае Таццяна і пра хірурга 5-й гвардзейскай танкавай арміі Вольгу Барысенку з Гомеля, у замужжы Шкурдалаву, і яе мужа Яўгена Шкурдалава, якому Вольга выратавала жыццё. Іх звалі Рамэа і Джульетай Курскай дугі. Шкурдалаў пасля шпіталя за здзейснены на Курскай дузе подзвіг быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Пра некаторых Герояў — ураджэнцаў Беларусі, якія загінулі і ваявалі на Курскай дузе, а іх было шасцёра, у музеі расказваюць наведвальнікам падчас экскурсій. “Вядома, калі задаюць пытанні, — гаворыць Бакалава, — мы акцэнтуем увагу на тым або іншым подзвігу. А чаго не ведаем, шукаем, каб пасля адказваць тым, каму гэта цікава”. Вось і мы, ужо ў Мінску, атрымалі ліст ад Таццяны, якая займаецца гісторыяй 51-й гвардзейскай стралковай дывізіі. У яе планах — стварыць выставу пра баявы шлях дывізіі, а калі будзе матэрыял, то і пра асобных байцоў, а таксама пра ролю духавых аркестраў ва ўзняцці баявога духу байцоў перад пачаткам бітваў.

“Вам, напэўна, будзе прыемна, што праз экспазіцыю нашы наведвальнікі даведаюцца і пра вашага бацьку, — чытаем у пісьме. — Абяцаю тады зрабіць фотасправаздачу аб выставе і вам адправіць. Цікавыя былі б і вашы ўспаміны пра бацьку, напісаныя вашай рукой, у тым ліку і пра бітву на Курскай дузе… У літаратуры я не сустракала інфармацыі пра дывізіённыя духавыя аркестры…”. Вядома ж, я выканаю яе просьбу. Думаю, з такой захопленасцю сваёй справай Таццяне пад сілу стварыць і экспазіцыю пра танкавую бітву пад беларускім горадам Сянно.

Далей едзем у Прохараўку. Ад музея да яе кіламетраў 5. Цяжка паверыць, што з 5 ліпеня па 23 жніўня 1943 года на гэтым участку, дзе цяпер шумяць прыгажуні-бярозы, зелянее пышная трава, ішлі кровапралітныя баі. А яшчэ цяжэй уявіць, як мой бацька разам з таварышамі-музыкантамі, адыграўшы перад пачаткам бою марш, адкладваў свой барытон і чакаў каманды: наперад, на поле бою, падбіраць параненых… Як я ўжо пісала, ён, калі не трэба было іграць, станавіўся і санітарам, і лінейным павозчыкам, і кухарыў, калі трэба было …

Пра тое, што тут адбылася гістарычная бітва, якая кардынальна змяніла ход вайны, нагадвае Званіца. Яна ўсталяваная там, дзе 12 ліпеня 1943 года знаходзіўся эпіцэнтр Прохараўскай танкавай бітвы. Помнік — высачэзны, аж 59 метраў. На вяршыні сяміметровая скульптура Прасвятой Багародзіцы. Ніжэй — пазалочаны лаўровы вянок: сімвал незгасальнай славы ўсіх загінулых на гэтым полі. Унутры Званіцы — звон вагой тры з паловай тоны. Ён звоніць кожныя дваццаць хвілін, аддаючы даніну памяці героям трох палёў — Кулікоўскага, Барадзіно і Прохараўскага. Зусім непадалёк ад Званіцы — выстава бронетэхнікі часоў вайны. Там шматлюдна. Многія фатаграфуюцца, залазячы на танкі. Свеціць сонца, смяюцца дзеці, чуваць бацькоўскае “асцярожней, не зваліся”… Вось яно, блаславёнае мірнае жыццё. Праз 70 гадоў пасля страшнай вайны ёсць месца для радасці і на Прохараўскім полі…

А памаліцца за загінулых можна ў храме, які збудаваны ў гонар святых апосталаў Пятра і Паўла: рашаючая бітва адбылася якраз 12 ліпеня, у іх дзень па святцах. Храм нагадвае запаленую свечку, а белы колер надае асаблівую ўрачыстасць. Унутры на беламармуровых плітах высечаны імёны сямі тысяч воінаў, загінулых пад Прохараўкай. Злева ад Вялікага храма ўсталяваны “Памятны знак” з вобразамі Пятра і Паўла. На ім — прозвішчы Герояў Савецкага Саюза, спіс армій, часцей і злучэнняў, якія прымалі ўдзел у Курскай бітве. Знаходзім і імёны беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі: Аляксандр Гаравец; Анатоль Волах, беларус родам з Мінска; Павел Шпетны, украінец з вёскі Гдзень Брагінскага раёна Гомельскай вобласці; Міхаіл Антонаў, беларус з пасёлка Касцюковічы Магілёўскай вобласці; Майсей Співак, яўрэй з Нароўлі Гомельскай вобласці ды Сямён Чубукоў, беларус з вёскі Кузьмінічы Чавускага раёна Магілёўскай вобласці. Кожны з іх здзейсніў подзвіг. Да прыкладу, артылерыст Павел Шпетны падчас баёў на Курскай дузе асабіста падбіў некалькі варожых танкаў, а калі скончыліся патроны, са звязкай супрацьтанкавых гранат кінуўся пад танк і падарваў яго…

Як потым даведаліся, на тэрыторыі запаведніка ёсць і “Поле Шпетнага”, названае іменем нашага земляка,там усталявана мемарыяльная дошка ў памяць пра ўсіх загінулых воінаў-бранябойшчыкаў узвода ПТР, якім Павел Шпетны, гвардыі старшы лейтэнант, камандаваў.

У той дзень, вярнуўшыся ў Белгарад, мы шмат гаварылі. І пра майго бацьку, і пра бацьку брата Івана Лугаўскога, камандзіра Чырвонай Арміі, які спачатку прапаў без весткі ў красавіку 1942-га, а потым яшчэ ваяваў… Успамінаў брат і “сваю” вайну, і чаму сам вырашыў стаць ваенным лётчыкам. І як служыў доўгі час на ўсходзе, у Прыморскім краі, ахоўваючы неба СССР… Расказваў, як па жыцці сустракаў многіх беларусаў і як курсантам бываў у ваенным гарадку ў Мачулішчах, што пад Мінскам, і ўдзельнічаў у спаборніцтвах па гандболе. І як добрую жонку Машу (яна, пэўна з этнічных беларусак!) сабе знайшоў у горадку Пачынак, што пад Смаленскам…


Алег Лугаўскі (злева) на сустрэчы былых курсантаў

З успамінаў Алега Лугаўскога


Вайна для мяне, 6-гадовага, пачалася ў Заходняй Украіне, у Камянец-Падольску. Добра памятаю казармы, дзе стаяў 66-ы кавалерыйскі полк бацькі. Мы з сястрой часта туды бегалі і гля­дзелі, як бацька-афіцэр ездзіць на кані. Памятаю і бамбёжку…. Яна пачалася ўранку, яшчэ да аб’яўлення вайны. Паўгорада было разбурана за лічаныя гадзіны…

А потым мы праводзілі бацьку на фронт. Ён быў малодшым палітруком. Я бачыў, як маці зашывала касцяную капсулу — дадзеныя пра бацьку. Запіску трэба было ўставіць у патрон і ўшыць у штаны. Чуў, як праз час нехта гаварыў: маўляў, дрэнная прыкмета, прыкмета хуткай смерці…


Алег Лугаўскі ў маладосці
Памятаю, як нас эвакуіравалі. Спачатку ехалі на аўтобусе, нас, “палкавых” сем’яў, было 20. А потым на цягніку ў Кіеў. Мне — 6 гадоў. На адной са стаянак, падаецца, у Праскураве (з 1954 года — Хмяльніцкі. — Аўт.), мы з сястрой ідзём да палявой кухні. Як цяпер бачу сябе з кацялком: цягну за руку за сабою двухгадовую сястру Валю. І мне салдат — плюх! — чарпаком прасяной кашы, якую мы потым у цягніку елі, калі ён крануўся. І чаму мы апынуліся ў санітарным цягніку, набітым параненымі, не ведаю. Можа, маці, як і астатнім афіцэрскім жонкам, удалося туды папрасіцца. Або распарадзіўся хто…

А потым нас бамбілі… Уранку наляцелі самалёты, сталі бамбіць эшалон. Я бачыў, як параненыя, выбягаючы з вагонаў, адразу ж, як скошаныя, падалі ад кулямётнай чаргі: стралялі адразу з 5-6 “ястрабаў”. Памятаю горы целаў… Маці схапіла нас, і мы пабеглі ды нейкім цудам апынуліся ў лесе. Яна нас на зямлю паваліла і коўдрай накрыла. Былі там і параненыя…Як потым апынуліся ў Кіеве, у Батанічным садзе, не памятаю.

Батанічны сад запоўнены бежанцамі. Такое адчуванне, што людзей у ім больш, чым дрэў: хто сядзіць, хто ляжыць. Чую, як скрозь цішыню прабіваюцца аддаленыя гукі зенітак. Ляжу на траве і гляджу ў неба. Бачу, як ляціць самалёт з крыжамі. І раптам чую: раздаецца адзін выстрал, і самалёт пачынае падаць. І раскрываецца парашут. І я думаю: лётчык паспеў выпрыгнуць. Народ вакол радуецца, чуваць радасныя воклічы, маўляў, нікуды не дзенешся, упадзеш на нашу тэрыторыю. Хто тады мог падумаць, што і Кіеў мы аддадзім…

І яшчэ фрагмент. Да нашай групы, а мы, “палкавыя”, трымаліся разам, набліжаецца камандзір палка і бачыць сваю сям’ю. Ён, здаецца, думаў, што мы аўтобусам ужо далёка ад’ехалі, але дзе там. Схапіўся за галаву… І пайшоў. А ўвечары з’яўляецца яго, напэўна, памочнік і зачытвае спіс, у якім і мы, Лугаўскія, ёсць разам з астатнімі жонкамі афіцэраў і іх дзецьмі. У паўтаратонку месціцца сем’яў 6-7. І мы паехалі... Едзем і едзем, два разы стралялі ў нас з самалёта, чатырох забіла — пахавалі ў нейкай вёсцы. Ехалі да Варонежа, немцы туды не зайшлі, а былі потым толькі на подступах. Я запомніў, што жылі мы ў дзеда-старавера ў вёсцы Вараб’ёўка, там прама пасярод вёскі была вялікая сажалка. Маці хацела была дабірацца дадому, у Ваўчанск (Харкаўская вобласць — Аўт.), але той напрамак яшчэ быў закрыты.

А потым, калі немцы дайшлі да Дона, мы апынуліся ў грузавым цягніку: ехалі ў Чкалаў, цяперашні Арэнбург. Ярка запомніўся станцыйны гадзіннік, якога ніколі раней не бачыў. Гэта быў вялікі цуд, ды яшчэ на высокім слупе! Пазней мы апынуліся ў горадзе Меднагорску за Уралам. Гэта быў горад збройнікаў і металургаў, куды эвакуяваны былі і тульскія заводы. Прама на станцыі нам далі пакой у бараку на чатыры сям’і. Так мы і жылі ў куце аднаго пакоя. Ніколі не забуду, як раніцай рабочыя ішлі на завод: я прачынаўся ад стуку драўляных падэшваў …

Маці ўзялі працаваць у палявую брыгаду ў калгас. Памятаю, як на полі падняў моркву і хацеў з’есці, за што маці далі страшны наганяй.

У Меднагорску пайшоў у школу, ісці цэлы кіламетр, праз тунэль і пустку. Пісаць вучыўся на газетнай паперы… Памятаю, як з хлапчукамі кралі тэхнічную соль з платформ, якую везлі на заводы. І гэтая соль ішла ў ежу. Мыла з мылаварных велізарных бочак таксама цягалі, адзін раз я ў бочку нават зваліўся…

Што елі? Запомнілася прасяная каша, якая часам запраўлялася яйкам. У эвакуацыі я перахварэў на брушны тыф, потым на сыпны, але выкарабкаўся. А калі Харкаўшчыну вызвалілі, маці атрымала пропуск на ўезд — дадому, да яе маці, бабы Каці. Ехалі на грузавым цягніку, потым на таварняку. Памятаю, ішлі па Ваўчанску праз увесь горад, худыя, замучаныя… Але жывыя! І ў цэнтры сустрэлі цёцю Марусю (жонка роднага дзядзькі Аліка і мая мама — Аўт.), якая бегла ў банк на працу. Прыйшлі на вуліцу Падгорную і сталі жыць. Усе ў адным маленькім пакойчыку ўпяцёх: я і сястра з маці і цёця Маруся з маім стрыечным братам Юркам. А баба Каця спала на кухні. Франтавік дзядзька Міша пасля цяжкага ранення вярнуўся дадому ў красавіку 45-га.

З Юркам мы бегалі ў ярок, да якога прымыкаў сад сям’і Чаркашыных, там было два бліндажы, дзе знаходзілі ўсякую драбязу, пакінутую немцамі. Знайшлі нават гранаты, парабелум, які дзядзька Міша здаў у міліцыю.

Жылі ў той час бедна, надгаладзь. У 46-м у Ваўчанску голад быў страшэнны: птушачкі нават не чырыкалі. Памятаю, увесь час хацелася есці. А калі дзядзька Міша стаў на алейным заводзе працаваць, грузіць макуху (прадукт, які атрымліваецца з семечак сланечніка пасля адціскання расліннага алею. — Аўт.), мы ўсе павесялелі. Макуха для мяне была смачнейшая за шакалад. А Юрка гаварыў, што нават саладзейшая за “брыке­цік” какавы, які ён аднойчы, забраўшыся ў нямецкі танк, сцягнуў і згрыз за сараем (гэта частка сямейнай гісторыі пра тое, як майго старэйшага брата Юрыя немцы, якія кватаравалі ў нас, за дробны крадзеж не пакаралі. — Аўт.).

У 47-м маці далі пакой у дамах начальніцкага саставу, а крыху пазней і маленькую аднапакаёвую кватэру. Потым выдзелілі агарод, дзе мы саджалі бульбу, буракі, моркву… Мама працавала на абутковай фабрыцы з невялікай зарплатай, ды яшчэ за бацьку дапамогу — 27 рублёў 50 капеек — атрымлівалі. Шмат пазней, калі пацвердзілася, што бацька загінуў пры “сутыкненні з ворагам”, маці стала атрымліваць дапамогу ў разы большую… Я хадзіў у школу, пасля сёмага класа паступіў у лётнае ву­чылішча ў Рогань. Чаму туды? Там апраналі і кармілі… Але, напэўна, не толькі гэта спрацавала, бо я, сын чырвонага афіцэра, дзіця вайны, чуў і пра подзвігі лётчыкаў. Ад цёткі Марусі, напрыклад, якая ў 22 гады ў пачатку вайны працавала ў 690-м батальёне аэрадромнага абслугоўвання. Тады ваенны аэрадром быў у Валуйках. Да таго ж зусім недалёка ад вуліцы Падгорнай у Ваўчанску быў аэрадром, куды мы з Юркам часта бегалі… Магчыма, і дзядзь­ка Міша, які быў мне за бацьку, даў параду ісці ў лётчыкі, не памятаю… Калі паступіў у вучылішча, маці з сястрой стала лягчэй жыць…


Ваўчанск зусім побач


Многія беларусы, з якімі мы сустракаліся, дагэтуль гавораць пра Белгарад як пра “прыфрантавы” горад. Бо побач — усходняя Украіна. А там, у тым ліку і ў Ваўчанску, горадзе майго дзяцінства і юнацтва, засталіся магілы родных, жывуць сябры і сваякі. Раней дабірацца туды з Белгарада можна было на цягніку, але ўжо больш за год “дызель” адмянілі. Аўтобус з расійскага Шабекіна да Харкава праз Ваўчанск праязджае, але людзі асцерагаюцца ехаць: маўляў, ці мала што. Не вельмі едуць і на асабістым транспарце. Мужчынам да 60 гадоў для ўезду на тэрыторыю Украіны трэба спецыяльнае запрашэнне. Таму пляменнік Юрый і не змог нас туды адвезці. Што ж рабіць, разважалі мы, як патрапіць у Ваўчанск? Бо зусім побач… З планам камандзіроўкі разабраліся: перанеслі сустрэчы з беларусамі на вячэрні час. І паехалі з Косцем Грубнікам, братам маёй сяброўкі дзя­цінства Алы Пышневай: яна жыве ў Белгарадзе з мужам, Мікалаем, заслужаным пілотам Расіі. Прызнаюся, было страшнавата: як сустрэне нас “рідна Україна”? У галаве круцілася фраза сябра школьнага юнацтва, які жыве ў Маскве: адтуль можаш і не вярнуцца…

Уранку, у 6.30, на старэнькай “Ніве” паехалі ў Ваўчанск. І ў хуткім часе ўжо апынуліся на прапускным пункце “Плецянёўка”.

Машын на расійска-ўкраінскай мяжы, як правіла, заўсёды шмат з абодвух бакоў. Украінцы ездзяць у Белгарад па паліва, падзарабляюць на розніцы ў цане, і ў той жа дзень назад. Сяброўка расказала, што асабіста ёй з мужам здаралася стаяць па 8-12 гадзін. Але нам пашанцавала: будны дзень. І прыбылі мы рана. Калі б не рэйсавы аўтобус Шабекіна-Харкаў, які прапусцілі па-за чаргой, не патрапілі б у перазменку і не за­трымаліся амаль на чатыры гадзіны. Назад жа працэдура пераезду заняла каля гадзіны.

Дарэчы, украінскія пагранічнікі і мытнікі аднесліся да нас паважліва. Правялі апытанне: хто, адкуль і чаго едзем у Ваўчанск. Такая сёння, растлумачылі, працэдура пропуску замежнікаў. Івану нават давялося ставіць пяць подпісаў у своеасаблівым пратаколе. Мы пацікавіліся: ці сапраўды расіян, маладзейшых за 60 гадоў, і ўкраінцаў, прапісаных у Расіі, на тэрыторыю Ваўчанска і далей, у Харкаў, не пускаюць. Так і аказалася. Бачылі мы і вялікія акопы, траншэі з боку ўкраінскай мяжы, і ўмацаваныя пазіцыі — мяшкі з пяском на даху тэрмінала з боку расіян. Там, гаварыла Ала, раней стаялі і кулямёты, негля­дзячы на тое, што ў гэтых мясцінах усё было спакойна…

Па Ваўчанску, які здаўся мне недагледжаным, непрывабным, пранесліся. На гадзіну заскочылі да маці маёй пляменніцы: пасёрбалі халадніку, паелі варэнікаў з тварагом, выклікалі таксі і, купіўшы па дарозе кветкі, паехалі на могілкі… Заскочылі і да маіх аднакласнікаў, з якімі шмат гадоў сябруем. Яны расказалі, што буйныя прадпрыемствы ў горадзе ўжо не працуюць, “памірае” агрэгатны завод. Людзі бяднеюць. У сем’ях не сціхаюць жорсткія дыскусіі і спрэчкі на палітычнай аснове па прынцыпе хто за каго… Нават разводы з-за гэтага здараюцца.

Дом аднакласнікаў — на выездзе на Белгарадскую трасу, непадалёк ад вуліцы Падгорнай, дзе дагэтуль стаіць дом майго дзяцінства і юнацтва. У той бок я, на жаль, нават не паглядзела… А ў 3 гадзіны папаўдні ад дома цёці Клавы, маці Алы і Косці, мы адчалілі ў Белгарад. На мяжы я расплакалася. Расійскі пагранічнік, убачыўшы, спытаў: “Хто пакрыўдзіў?” Мабыць, падумаў, што ўкраінцы, мае землякі. Але я сказала, што, наведаўшы магілы, думаю пра тленнасць нашага быцця. І пра тое, калі ж ва Украіне канчаткова наступіць мір, каб мы не баяліся, шануючы запаветы продкаў, наведваць родныя мясціны…

Рэха мінулай вайны і на самай справе — доўгае… У год 70-годдзя Перамогі мы памятаем, што тая жорсткая вайна была для ўсіх савецкіх людзей — адна. Як і Перамога — адна на ўсіх… Але калі б тады замыкаліся ў сваіх “нацыянальных” дамах бацькі нашы і дзяды — хіба змаглі б выстаяць паасобку, даць адпор фашызму? Прохараўка, Курская дуга, як і бітва пад Сянно, ды і многія іншыя знакавыя бітвы — гэта месца агульнай ратнай славы беларусаў, рускіх, украінцаў і людзей дзясяткаў іншых нацыянальнасцяў. І не памятаць пра гэта перад тварам новых выклікаў, канфліктаў нашага часу недаравальна.

Пабываўшы ў Белгарадзе, а таксама на Курскай дузе, у Прохараўцы, мы пераканаліся: жывая яшчэ там, ды і ў суседніх рэгіёнах Украіны памяць пра нашу агульную вайну. А гэта — як імунітэт у крыві, як здольнасць арганізма супрацьстаяць заразе, якая ў яго патрапіла. І, значыць, ёсць надзея: з расійскага Белгарада ва ўкраінскі Ваўчанск беларусы змогуць з часам ездзіць гэтак жа лёгка, як з Мінска — у Маскву альбо Кіеў… Мы верым, што родныя нам людзі па абодва бакі расійска-ўкраінскай мяжы здолеюць дамовіцца, пагадзіцца ды навесці новыя масты. У імя нашай агульнай памяці. У імя будучыні нашых дзяцей і ўнукаў.

P.S. Для нас, тых, хто пабываў у Белгарадзе, падпісанне Пагаднення аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве паміж Урадам Белгарадскай вобласці і Урадам Беларусі, якое адбылося на Другім міжнародным форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі 18 верасня ў Сочы — значная падзея. Бакі прынялі абавязацельствы па развіцці супрацоўніцтва ў галіне навукова-тэхнічнай дзейнасці, культуры, аховы здароўя, адукацыі, спорту і турызму, узаемадзеянні нацыянальна-культурных таварыстваў, маладзёжных ды іншых грамадскіх арганізацый. А гэта значыць, што цяпер для многіх беларусаў Белгарадчыны Радзіма стала больш блізкай.

Валянціна Ждановіч, Іван Ждановіч (фота)

Мінск-Белгарад-Мінск
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter