Породистые щенки, шакалы, енотовидные собаки и даже рысь: специалист рассказал о тонкостях судебной экспертизы животных

ДНК як неабвержны доказ

Нядаўна на Вiцебшчыне браканьеры застрэлiлi чатырох ласёў, уключаючы цяжарную самку. Неўзабаве злачынцаў знайшлi. Адзiн за адным яны прызналi вiну. Сума шкоды, нанесенай прыродзе, складзе больш за 26 тысяч рублёў. Часам у такiх гiсторыях выкрыць вiнаватых у незаконным паляваннi можна толькi з дапамогай ДНК-аналiзу жывёл. Такiя даследаваннi праводзiць Дзяржкамiтэт судовых экспертыз. Супрацоўнiкi камiтэта пачалi фармiраваць асобую базу дадзеных. У ёй ужо больш за чатыры тысячы бiялагiчных узораў i генатыпаў розных жывёл. Карэспандэнт «Р» даведалася аб падрабязнасцях.

Невялiкi аддзел даследавання аб’ектаў жывёльнага паходжання стварылi ў цэнтральным апараце ДКСЭ некалькi гадоў таму. 

Звярыны выскал

Невялiкi аддзел даследавання аб’ектаў жывёльнага паходжання стварылi ў цэнтральным апараце ДКСЭ некалькi гадоў таму. Яго спецыялiсты штогод праводзяць каля 300 экспертыз.

— Усе жывыя арганiзмы ўтрымлiваюць ДНК, але ва ўсiх яна розная. Ёсць адрозненнi на вiдавым узроўнi, ёсць адрозненнi памiж асобiнамi. Сучасная экспертная практыка дазваляе даследаваць генетычны матэрыял розных жывёл. Абсалютна ўсё тое самае, што i з даследаваннем ДНК чалавека, —
уводзiць у курс справы Канстанцiн Стаўроўскi, эксперт аддзела даследаванняў аб’ектаў жывёльнага паходжання цэнтральнага апарата ДКСЭ. — Сёння без вялiкiх намаганняў можна даказаць, напрыклад, дачыненне да браканьерства па слядах на зброi, вопратцы i абутку падазронага. Перавага генетычнай экспертызы ў тым, што для даследавання нам дастаткова невялiкай колькасцi бiялагiчнага матэрыялу.

Браканьеры звычайна да апошняга адмаўляюць вiну, нават калi iх халадзiльнiк забiты незаконнымi трафеямi. Аднак вось вам цiкавы факт. Нават пасля тэрмiчнай апрацоўкi ўзоры цалкам прыдатныя для даследавання. Таму аргумент, маўляў, гэта не дзiк, а хатняя свiння, не спрацуе. Салёны або высушаны мясны прадукт захоўвае ДНК дзесяцiгоддзямi. У пацвярджэнне гэтых слоў Канстанцiн Стаўроўскi прыводзiць прыклад з практыкi:

— У падазронага ў незаконным паляваннi дома канфiскавалi тушонку. Падчас судовай экспертызы мы дакладна ўстанавiлi, што тушонка прыгатавана з мяса дзiка i казулi. Выдзелены генатып гэтых жывёл дазволiў даказаць iдэнтычнасць з бiялагiчнымi слядамi, забранымi з месцаў незаконнага палявання.

Расследаваць факты браканьерства — няпростая задача, даводзiцца мець справу з вялiкiмi тэрыторыямi. Бо высачыць жывёлу можна ў адным месцы, здабыць у другiм, а разабраць у трэцiм... Асаблiва складана працаваць з вопытнымi паляўнiчымi, якiя частку жывёл здабываюць законна, а частку — не. Экспертам даводзiцца даследаваць кожнае падазронае плямка на канфiскаваных аб’ектах. Ёсць у Беларусi свайго роду рэкардсмены. На куртцы аднаго з такiх паляўнiчых эксперты выявiлi генатыпы 16 казуль.


Нават салёны або высушаны мясны прадукт захоўвае ДНК дзесяцiгоддзямi.

На валаску ад праўды

Доказы ў лабараторыю прывозяць розныя: сякеры, нажы, адзенне, абутак, фрагменты туш, шэрсць, глебу, траву. Па iх спецыялiсты не раз iдэнтыфiкавалi ласёў, казуль, дзiкоў, лiс, баброў i нават мядзведзяў.

— Праводзячы расследаванне па крымiнальнай справе, звязанай з незаконным паляваннем, на нажы падазронага выявiлi генатып рысi, — успамiнае яшчэ адзiн выпадак эксперт. — У Беларусi яна занесена ў Чырвоную кнiгу, адстрэл забаронены…

Генетычныя экспертызы — працэс працаёмкi i няпросты. Але iх правядзенне эканамiчна мэтазгодна. За незаконную здабычу дзiкай жывёлiны назначана немалая кампенсацыя. Напрыклад, за зубра — 400 базавых велiчынь, лася або аленя — 300 базавых, чырванакнiжнiкi яшчэ даражэй. Акрамя таго, прадугледжана i крымiнальная адказнасць.

Канстанцiн Стаўроўскi працягвае:

— Мы распрацоўваем базу ДНК жывёл, каб яна мела такi ж юрыдычны статус, як база ДНК чалавека. Назапашаны масiў дадзеных змяшчае некалькi тысяч узораў. У перспектыве па запыце следчага мы зможам правесцi параўнальны аналiз новых доказаў з ужо наяўнымi дадзенымi ў базе, каб прыцягнуць браканьераў да адказнасцi.

Калi размова зайшла пра рыбакоў-браканьераў, суразмоўца расказаў:

— Як часта бывае? Браканьер заўважыў iнспектараў i выкiнуў улоў у ваду. Каб даказаць факт рыбалкi, мы даследуем яго вопратку i прылады лоўлi на наяўнасць на iх слядоў рыбы, робiм змывы з рук... Напрыклад, па лусцы можам устанавiць вiд рыбы, яе ўзрост i нават у якiм вадаёме водзiцца.

...Экспертную дзейнасць i навуку нельга аддзялiць. Сумеснымi намаганнямi з Iнстытутам бiяарганiчнай хiмii Нацыянальнай акадэмii навук наладжваецца выпуск айчынных рэагентаў для ДНК-аналiзу аб’ектаў жывёльнага паходжання. У першую чаргу яны прымяняюцца пры справах аб браканьерстве. Наборы рэагентаў унiкальныя, паколькi пры iх распрацоўцы ўлiчвалiся асаблiвасцi генетычнай разнастайнасцi жывёл на тэрыторыi нашай краiны.


Эксперты не раз iдэнтыфiкавалi ласёў, казуль, кабаноў, лiс, баброў i нават мядзведзяў.

I такое бывае

У практыцы быў спецыфiчны запыт: наведвальнiк рэстарана хацеў даведацца, цi сапраўды яму падалi баранiну, паколькi засумняваўся ў гэтым. Генетычны аналiз паказаў, што гэта была сапраўды баранiна. Звярталiся па дапамогу да экспертаў i прадстаўнiкi Мiнскага заапарка. Яны хацелi пераканацца, што набытыя шчанюкi — дзiцяняты янотападобнага сабакi.

Яшчэ адно незвычайнае даследаванне праводзiлася ў 2018 годзе. Падчас палявання ў ваколiцах вёскi Хабовiчы Кобрынскага раёна паляўнiчыя сабакi задушылi звера, якога спачатку не маглi iдэнтыфiкаваць. 

I не воўк, i не лiсiца. Пралiць святло дапамаглi эксперты ДКСЭ. Яны зрабiлi дэталёвы аналiз ДНК, прычым скарысталiся дадзенымi мiжнароднай базы генетычных профiляў розных вiдаў жывёл. Аказалася, гэта дарослы самец залацiстага шакала. Так новы вiд з’явiўся ў афiцыйным спiсе млекакормячых Беларусi.

А што з нападамi жывёл? Аказваецца, параўнаўшы слiну на вопратцы i ранах ахвяры з ўзорамi канкрэтнага сабакi, можна высветлiць, цi ён гэта ўкусiў. У Вялiкабрытанii, напрыклад, распрацоўваецца спецыяльная база ДНК сабак. Па ёй можна будзе ўстанавiць уладальнiка i месца рэгiстрацыi жывёлы. У Беларусi такой базы пакуль няма. Аднак яе стварэнне дапамагло б вырашыць шэраг пытанняў. Па-першае, адсочваць бадзяжных сабак, бо па ДНК кiнутага гадаванца па базе лёгка можна знайсцi ўладальнiка i прыцягнуць да адказнасцi. Па-другое, закрыць пытанне з крадзяжом сабак, i не толькi пародзiстых. Па-трэцяе, аператыўна знаходзiць сабаку, якi ўкусiў прахожага.

Доказы ў лабараторыю прывозяць розныя: сякеры, нажы, адзенне, абутак, фрагменты туш, шэрсць, глебу, траву.

Часам ад дзеянняў агрэсiўнага сабакi пакутуюць не толькi людзi, але i машыны. Канстанцiн Стаўроўскi паказвае фота з месца здарэння ў Серабранцы. На здымках пашкоджаны жывёлай легкавiк. Хутчэй за ўсё, кот схаваўся ад сабакi пад машыну, а сабака спрабаваў яго дастаць i пагрыз пластыкавыя дэталi кузава. Эксперты параўналi сляды на аўтамабiлi з ДНК некалькiх сабак з таго двара i знайшлi чатырохногага вiноўнiка.

Пра пародзiстых сабак i катоў размова асобная. Цана на гадаванца з добрай радаслоўнай можа даходзiць да некалькiх тысяч долараў... Нядаўна эксперты дапамаглi вывесцi нядобрасумленнага заводчыка з Гродзенскай вобласцi на чыстую ваду, пацвердзiўшы, што не ўсе прададзеныя iм шчанюкi з’яўлялiся нашчадкамi пародзiстых бацькоў.

Калi сабаку нельга купiць, яго можна ўкрасцi. Такой логiкай кiруюцца некаторыя зламыснiкi. Так, у Мiнску мужчына ўкраў шпiца, пакiнутага каля крамы, каб падарыць жонцы на дзень нараджэння. Гаспадыня сабакi адразу звярнулася ў мiлiцыю — i выкрадальнiка знайшлi. Не ўсе падобныя гiсторыi заканчваюцца хэпi-эндам. Часта толькi дзякуючы экспертызе ДНК сабак атрымоўвалася вярнуць законным уладальнiкам.

gorbatenko@sb.by

Фота прадстаўлена ДКСЭ.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter