Ксёндз Кирилл Бардонов о католических особенностях празднования Пасхи

Дні цішыні напярэдадні Вялікадня

У бліжэйшую нядзелю вернікі Каталіцкага Касцёла адзначаць галоўнае хрысціянскае свята — Вялікдзень. Неўзабаве ў нашай краіне яго будуць святкаваць і праваслаўныя. Паразважаем над некаторымі адметнасцямі гэтай урачыстасці.

У заходняй хрысціянскай традыцыі Вялікадню папярэднічаюць Вялікі чацвер, Вялікая пятніца і Вялікая субота. У гэтыя дні ўзгадваюць апошнюю Вячэру Хрыста з апосталамі, Яго арышт, укрыжаванне і смерць.

У Евангеллі можна прачытаць, як перад смерцю Хрыста цемра ахінула Зямлю на тры гадзіны. Можна сказаць, што Сонца не магло больш свяціць, калі памірала іншае Сонца — Божы Сын. Крыжовая смерць паказала людзям сутнасць Бога — любоў. На крыжы Ён быў вельмі блізка да чалавека, хоць магло б здавацца, што місія Хрыста скончылася паразай і зло перамагло. Праз смерць на крыжы Хрыстос салідарызуецца з усімі, хто церпіць. Па прыкладзе Месіі мы запрошаны несці крыжы сваіх цяжкасцей і праблем. Як сказаў адзін французскі пісьменнік: «Свой крыж трэба несці, а не цягнуць. І прымаць яго як скарб, а не як цяжар. Толькі праз крыж мы можам стаць падобнымі да Хрыста».

Вялікая пятніца і Вялікая субота — дні цішыні і апошняй падрыхтоўкі да Вялікадня. У гэтыя дні гаспадыні завіхаюцца на кухнях, каб падрыхтаваць стравы на велікодны стол. У суботу ў храмах адбываецца асвячэнне страў, якія па традыцыі спажываюцца раніцай на Вялікдзень раней за іншую ежу. У нашай культуры асаблівым пасхальным сімвалам з’яўляецца пафарбаванае, найчасцей у чырвоны колер, яйка. Непажадана адлюстроўваць на іх шкарлупіне выявы Хрыста і святых, таму што потым гэтая шкарлупіна выкідваецца разам са святымі выявамі.

Вялікдзень — святкаванне ўваскрэсення Хрыста. І хаця няма доказаў гэтаму з пункту гледжання прыродазнаўчых навук, аднак ёсць важкія сведчанні шматлікіх сучаснікаў тых іерусалімскіх падзей. Першыя пісьмовыя біблейскія сведчанні пра ўваскрэсенне ўзніклі праз 20 год пасля смерці Хрыста. І сёння, як і дзве тысячы гадоў таму, мы кажам адзін аднаму: «Хрыстос Уваскрос!»

Ксёндз Кірыл Бардонаў
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter