Для розуму, сэрца i вольнай хвiлiны

Беларускае радыё, якому спаўняецца 85 гадоў, перажывае сапраўдны рэнесанс

Беларускае радыё, якому спаўняецца 85 гадоў, сёння перажывае сапраўдны рэнесанс

85 гадоў таму, каб паслухаць апошнiя навiны ў краiне, людзi збiралiся ў бiблiятэках, спецыяльных памяшканнях на прадпрыемствах. Радыё было як дзiва. Тады нiхто i марыць не мог, што праз некалькi дзесяцiгоддзяў прыёмнiкi з’явяцца амаль у кожнай хаце i голас дыктара будзе гучаць не адну-дзве гадзiны ў дзень, а кругласутачна. Сёння ж агульны аб’ём вяшчання некалькiх беларускiх каналаў складае амаль сто гадзiн, асобныя праграмы чуваць у самых розных кутках свету, нават на далёкiм востраве Фiджы.

Пра Фiджы — гэта не жарт. Галоўны дырэктар радыё­станцыi “Беларусь” Навум Гальпяровiч гаворыць, што ўжо некалькi разоў рэдакцыя атрымлi­вала лiсты ад радыёаматараў з далёкага вострава. Вядома ж, назваць гэтых лю­дзей прыхiль­нiкамi беларускага вяшчання нельга: яны ловяць сiгнал дзеля спартыўнага iнтарэсу. Але тых, хто амаль штодзённа ў пэўны час спецыяльна настройваецца на хвалю, каб пачуць прывiтанне з Беларусi, таксама нямала.

Яшчэ ў 2003 годзе “Беларусь” мела толькi тры гадзiны вяшчання на чатырох мовах. Невялiкiм быў i ахоп тэрыторыi. Iнтарэс замежнiкаў i нашых суайчыннiкаў, якiя па тых цi iншых прычынах апынулiся далёка ад радзiмы, садзей­нiчаў таму, што радыёстанцыя “раскiнула” свае сеткi на больш шырокую прастору. Сёння ўпэўненая зона прыёму толькi на кароткiх i сярэднiх хвалях ахоплiвае дваццаць краiн Еўропы. Наладжана i дзесяцiгадзiннае iнтэрнэт-вяшчанне на англiйскай мове. Нядаўна тэхнiчныя службы ўстанавiлi шэсць FM-перадатчыкаў у прыгранiчнай зоне. Такiм разгалiнаваным замежным вяшчаннем можа пахвалiцца не кожная краiна свету. Больш таго, пастаянна расце i колькасць моў, на якiх размаўляюць беларускiя журналiсты. Iх ужо сем.

Лiтаральна з першага верасня пачалося вяшчанне па-французску i па-iспанску. I адразу паляцелi водгукi з Аргенцiны, Iспанii, Кубы… Аказалася, людзi з нецярпеннем чакалi iнфармацыi з нашай краiны. Так атрымалася, што вельмi часта ў замежжы дзякуючы «добразычлiўцам» Беларусь прадстаўляюць неадэкватна. Таму многiя людзi хочуць пачуць i другое меркаванне.

— Амаль два гады таму да нас звярнулася кiраўнiцтва “Радыё 700”, якое працуе на нямецкай зямлi Паўночны Рэйн—Вестфалiя, з прапановай размяшчаць на iх хвалях нашы перадачы, — расказвае Навум Гальпяровiч. – I цяпер кожны дзень у прайм-тайм Германiя на нямецкай мове слухае радыёстанцыю “Беларусь”. Кiраўнiк “Радыё 700” Хрысцiян Мiлiнг стаў нашым сябрам. Ён прызнаўся, што наладзiць гэта вяшчанне было вельмi складана. Але немцы засталiся задаволены бела­рускiмi перадачамi. Мiлiнг вельмi хацеў блiжэй пазнаё­мiцца з краiнай. Ён расказваў, што, калi чуў нашы паштоўкi, заплюшчваў вочы i бачыў прыгожыя беларускiя края­вiды i гарады. У той жа час iмк­нуўся адшукаць “апош­нюю дыктатуру ў Еўропе”, пра якую так шмат чуў. Немец прыязджаў некалькi разоў, сустракаўся з роз­нымi людзьмi, але так яе i не знайшоў.

Супрацоўнiцтва з партнё­рамi кшталту “Радыё 700” – гэта вельмi перспектыўны накiрунак. Няблага было б мець такiя стасункi i з iншымi краiнамi. Але гэта няпросты працэс. Нядаўна радыёстанцыя “Беларусь” займела яшчэ аднаго надзейнага партнёра – польскую “Арта­док­сiю”. Кiраў­нiцтва праваслаўнага радыё з суседняй краiны таксама звярнулася з просьбай запаўняць iх эфiр нашымi пе­­ра­да­чамi, праўда, на беларускай мо­ве. Як вядома, у Поль­шчы вельмi вялi­кая беларуская дыяспара. Яе прад­стаўнiкi i з’яўляюцца ас­ноўнымi слуха­чамi. Дарэчы, не так даўно кiраў­нiцтва “Арта­доксii” паве­да­мiла, што збi­ра­ецца “выбiць” ва ўлад яшчэ адну гадзiну для беларускага вяшчання.

— Мы працуем не толькi для нашых былых суайчыннiкаў, — удакладняе Навум Якаўлевiч. — У замежжы вельмi шмат людзей хочуць ведаць пра нашу краiну. Мы атрымлiваем ад iх мноства лiстоў з рознымi просьбамi.

Што iх цiкавiць? Геапалi­тычнае становiшча Беларусi, яе iнтэграцыйныя працэсы, гандлёва-экана­мiчныя адно­сiны з краiнамi Еўропы, развiццё турыстычнай iндус­трыi i г.д.

— Цяжка пераканаць чалавека, калi яму дагэтуль расказвалi iншае? – пытаюся ў Навума Гальпя­ровiча.

— Прызнаюся, мы чакалi, што адмоўных водгукаў будзе больш. Незадаволеных — адзiнкi. Большасць жа пiша, што iм прыемна чуць свежы, незаангажаваны погляд на Беларусь. Iм сапраўды расказваюць шмат адмоўнага пра нашу краiну. Але мы часта гаворым вус­намi за­меж­нiкаў, якiя да нас прыязджаюць. Слухачы амаль стопрацэнтна давяраюць сваiм суай­чын­нiкам. Напрыклад, да нас на спабор­нiцтвы прыязджаюць хакеiсты з розных куткоў свету. Пра лiк сустрэчы мы расказваем мiж iншым, галоўнае — iх уражаннi ад Беларусi. Усе пад­крэс­­­лiваюць нашу гасцiн­насць, дабрыню, чыс­цiню на вулi­цах i ў сэрцах лю­дзей.

Цiкавiць замежных слухачоў i беларуская культура. Такiя перадачы займаюць трэцюю частку вяшчання.

— Мы асвятляем усе значныя культурныя падзеi, — расказвае загадчыца аддзела музычных i лiтаратурных праграм замежнага вяшчання Марына Драгiна. — Але слухачоў найбольш цiкавiць тэатральнае жыццё i акадэмiчная музыка, у прыватнасцi тыя калектывы, якiя раней часта выязджалi ў замежжа. Пытаюць пра оперу i балет. Вялiкi тэатр i зараз шмат гастралюе, таму людзi хочуць ведаць усе iх спектаклi, асаблiва прэм’еры. Расказваем пра фальклорнае мастацтва, аўтэнтыку – тое, што адрознiвае Беларусь у свеце. Кожны дзень у адзiн i той жа час у эфiры так званы лiнейны канцэрт: у асноўным гэта сучасная музыка, але толькi тая, якая атрымлiвае дабро на нашай мастацкай радзе.

Вядома ж, радыёстанцыя знаёмiць i з беларускай лiтаратурай, як класiчнай, так i сучаснай. Пастаянна гучаць творы Мележа, Купалы, Караткевiча, iншых пiсьмен­нiкаў i паэтаў. Апошнi, дарэчы, “быў” у эфiры на польскай i англiйскай мовах. “Новая зямля” Коласа таксама гучала па-польску. Але што цiкава? Нядаўна высвет­лiлася, што некаторыя замежнiкi хочуць вывучаць беларускую мову. Хутчэй за ўсё ў асноўным гэта дзецi эмiгрантаў, славiсты.

— У адной нашай су­працоўнiцы нарадзiлася iдэя – даваць урокi беларускай мовы па-англiйску, — расказвае Навум Гальпяровiч. – Падыходзiлi да гэтага з пэўнай асцярожнасцю. Але перадача хутка выклiкала шалёную папулярнасць. Хутка пачалi даваць “Урокi беларускага” i па-нямецку.

Як доўга яшчэ будзе жыць радыё? Сучасныя iн­фар­мацыйныя тэх­на­логii развi­ваюцца з хуткасцю святла, цi не паглынуць яны жы­вы голас? На думку галоўнага дырэктара выт­вор­час­цi праграм Беларускага радыё Пятра Раманчука, якраз тыя самыя тэхналогii i са­дзейнiчаюць яго развiццю – iнтэрнэт-вяшчанне, усё больш дасканалая студыйная i партатыўная тэхнiка... Ён лiчыць, што радыё зараз перажывае рэнесанс. Чаму? Той самы Iнтэрнэт, ды часта i тэлебачанне зараз “кiну­лiся” ў забавы, у бясконцыя серыялы. Грунтоўныя перадачы пабачыць на экране мож­на не так часта… Радыё ж захавала свае лепшыя традыцыi сур’ёзнага суразмоўцы, удалыя прапорцыi памiж перадачамi для розуму, для сэрца i для вольнай хвiлiны. Яно займае сваю нiшу i саступаць яе нiкому не збiраецца.

-------------------------------------

Дарэчы

Беларускае радыё сёння – гэта Першы нацыянальны канал, радыё­станцыi “Беларусь”, “Сталi­ца” i “Радыус-FM”, канал “Куль­тура”. Зараз у эфiры гучыць 473 праграмы, сутачны аб’ём вяшчання – 114 гадзiн. Штогод сеткi вяшчання абнаўля­юцца прыкладна на чвэрць.

-------------------------------------

На здымку: дыктар Беларускага радыё Маргарыта ЗАХАРЫЯ.

Фота: Валерый ХАРЧАНКА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter