Гомельчанин Руслан Шилов делает красочные диорамы со сценами боев Великой Отечественной войны

Дэталi баталiй

Снег з харчовай соды, дрэва з пасуднай губкi — гамяльчанiн Руслан ШЫЛАЎ робiць маляўнiчыя дыярамы са сцэнамi баёў Вялiкай Айчыннай вайны

У экспазiцыях ваенных музеяў асаблiвую ўвагу наведвальнiкаў прыцягваюць дыярамы, якiя адлюстроўваюць батальныя сцэны. Перад такiм экспанатам можна доўга стаяць i разглядваць дэталi ваеннай тэхнiкi, узбраення i амунiцыi, паглыбляючыся ў атмасферу падзей. Але яшчэ больш часу i сiл патрабуе выраб макетаў. Сакрэтамi майстэрства з «Р» падзялiўся гамяльчанiн Руслан Шылаў.

Руслан ШЫЛАЎ і яго дыярамы, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне.

Мадэлiраваннем макетаў ён займаецца крыху больш за два гады, хоць тэма Вялiкай Айчыннай вайны прыцягвала з дзяцiнства. Развiццю цiкавасцi спрыялi фiльмы, кнiгi, а таксама прадметнае вывучэнне падзей ВАВ у гады вучобы ў педагагiчным каледжы.

Пробай сiл стаў выраб макета роднага дома ў вёсцы Уборак Лоеўскага раёна.


— Сфатаграфаваў кожную дэталь, намаляваў план-схему i пачаў вырабляць, — Руслан апiсвае ход работ. — Стараўся перадаць як мага дакладней. Калi выставiў фота ў Instagram, многiя, не ведаючы маштабу, падумалi, што гэта сапраўдны дом. Вынiк парадаваў, вырашыў працягваць.

Для ўвасаблення аўтарскай задумкi ў ход iшлi падручныя матэрыялы. Сцены хаткi ўзводзiлiся з палачак-мяшалак для кавы i сапраўднай шпаклёўкi. Для iмiтацыi глебы выкарыстоўвалася сапраўдная зямля, прасеяная праз сiтца, змяшаная з чайнай заваркай i кавай для надання большай фактурнасцi.


Наогул, у справе мадэлiстаў дробязей не бывае. Дакладней, iм надаецца самая вялiкая ўвага. Бо акуратнасць прапрацоўкi i рэалiстычнасць дэталей — адзiн з галоўных крытэрыяў ацэнкi i паказчыкаў якасцi працы.

Фiгуркi людзей заказваюцца праз iнтэрнэт-магазiны i прыходзяць у разабраным выглядзе. На зборку iдзе не адна гадзiна. Кожны элемент трэба абястлусцiць, загрунтаваць, пафарбаваць, зафiксаваць у патрэбным становiшчы i прыляпiць. У арсенале — спецiнструмент для выканання мiкраскапiчных аперацый. Да прыкладу, мiнiяцюрны пэндзлiк неабходна ўтрымлiваць пiнцэтам. Калi раптам ён выпадае на падлогу, а такое здараецца, даводзiцца доўга шукаць. Нельга забываць i пра тэхнiку бяспекi. Пры працы з клеем акуляры прадухiляюць раздражненне слiзiстай вачэй. А пры высаджваннi «травы» з дапамогай спецыяльнага прыбора — флакатара — патрэбна медыцынская маска, якая абараняе ад дробнага пылку.


Некаторыя тэхналагiчныя моманты падказаў iнтэрнэт, але большасць асвоены доследным шляхам — метадам проб i памылак. Мадэлiраванне — хобi не з танных. Аднак кемлiвасць дазваляе iстотна знiзiць выдаткi. Напрыклад, штучны снег Руслан робiць з харчовай соды i клею ПВА. Вонкава нiчым не адрознiваецца ад пакупнога. Дрэва, калi ведаць як, можна зрабiць з пасуднай губкi. А калi пафарбаваць яе ў зялёны i працерцi на дробнай тарцы — гатова лiстота. Добра паказаў сябе i лак для валасоў. Па некаторых уласцiвасцях ён прыдатны нават больш, чым клей.


Сюжэты будучых сцэн выспяваюць паступова. Некаторыя з iх навеяны кiно. Адна з першых работ выканана па матывах вядомага фiльма «А зоры тут цiхiя» — эпiзод, дзе старшына Васкоў адчытвае дзяўчат за развешаную бялiзну, якая выдае пазiцыi варожай авiяцыi. На iншай кампазiцыi — мiзансцэна з кiнакарцiны «Мы з будучынi». Старшы лейтэнант Дзёмiн наводзiць стрэлкi наручнага гадзiннiка, а на стале ляжыць недапiсанае пiсьмо мацi. А вось легендарны снайпер Васiль Зайцаў у iнтэр’еры паўразбуранага дома сярод руiн Сталiнграда. На сцяне партрэт Сталiна, каля печкi качарга, пабiтыя вокны, падраныя шторы... Чым больш дэталей, тым цiкавей разглядаць мадэль. Таму адным з найскладанейшых у выкананнi аказаўся нямецкi матацыкл з мноствам дробных элементаў. Збiраць яго давялося тры днi.


На сёння ў калекцыi Руслана Шылава паўтара дзясятка работ. Творчы працэс працягваецца. У планах — змадэлiраваць не толькi франтавыя эпiзоды, але i сцэны са
стаўкi Галоўнакамандуючага. Вядома, з удзелам галоўнага персанажа — у нязменным шэрым фрэнчы i з люлькай у руках.

— Максiмальнае задавальненне мне дастаўляе сам працэс, — прызнаецца аўтар. — I вядома ж, цiкава ўбачыць вынiк — той, якога ты дабiваешся сваiмi рукамi. Гэта неверагодна зацягвае i захапляе.



Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter