Пятиметровый торт, рыцарский фест и фотозоны с отсылкой к истории: как украсят Минск к Дню города

Дэсерт «Сталiчны»

Імяніннік павінен уражваць гасцей прыгажосцю. Гэта датычыцца як чалавека, так і горада. Ка­рэспандэнт «Р» даведалася, як упрыгожваюць Мінск напярэдадні святкавання Дня горада.

У  работах  выкарыстаны  колеры, якiя  можна ўбачыць  у  геральдыцы Мiнска, i ўсеiх адценнi
Фота Аляксея ВЯЗМІЦІНАВА

У гэтым годзе маштабнае свята пройдзе пад дэвізам «Сустрэнемся ў Мінску». І невыпадкова, што новыя элементы ўпрыгажэння з’явяцца ў першую чаргу менавiта на чыгуначным вакзале.

— Рыхтуем да ўстаноўкі дзве фотазоны, — паказвае нам эскізы Сяргей Праляскоўскі, галоўны канструктар, начальнік канструктарска-тэхнічнага аддзела ДП «Мінскрэклама». – Яны складаюцца з дзвюх частак: элегантныя дама і кавалер у старажытных уборах, у якіх можа «ператварыцца» любы жадаючы,  на фоне размешчаных веерам фотаздымкаў горада — ад старадаўніх часоў да нашых дзён. Кампазіцыя называецца «Старонкі гісторыі любімага горада». Адна размесціцца каля чыгуначнага вакзала, другая, верагодна, – каля гарадскога Палаца культуры ў Лошыцы.

Не застануцца па-за ўвагай і аўтамабільныя ўезды ў горад з абласных цэнтраў – там аформяць прыгожыя ўязныя знакі.
Бігстэнды, якія ўжо традыцыйна выкарыстоўваюцца пры ўпрыгажэнні горада, на гэты раз стылізуюць пад вежы «Вароты Мінска», аздобленыя аб’ёмнымі літарамі, і ўстановяць каля стэлы «Мінск – горад герой».

На зялёнай зоне каля скрыжавання праспекта Пераможцаў і вулiцы Машэрава ўзводзіцца рыцарскі гарадок – пляцоўка для фестывалю гісторыі і культуры  «Мінск старажытны». Сяргей Баляслававіч заўважае, што гэта складаны аб’ект: крэпасць, рысталішча, вежы, таверна, не кажучы ўжо пра трыбуны, і ўсё гэта з бярвенняў – лічы, сапраўднае будаўніцтва!

А які ж дзень нараджэння без тор­та? Канструкцыя ў выглядзе трох’я­руснага салодкага пачастунку з’явіцца каля гарадской Ратушы на плошчы Свабоды. Каб ён цалкам змясціўся на памятным здым­ку, фатографу давядзецца адыхо­дзіць далей: дыяметр асновы торта больш за чатыры з паловай метры, а вышыня разам са свечкамі – каля пяці метраў. Праўда, 951 свечка на ім не змесціцца, але адпавед­ная лічба будзе выведзена электрыч­нымі агеньчыкамі, стылізаваны­мі пад свечкі. Упрыгожаць торт віньет­камі з відамі Мінска.

Пiлоны,  раздрукаваныя  на вялiзным  палотнiшчы,  неабходна  разрэзаць, а  потым сшыць у выглядзе«кiшэняў»
ФОТА АЛЯКСЕЯ ВЯЗМІЦІНАВА

ДП «Мінскрэклама» афармляе праспекты Незалежнасці і Пераможцаў, цэнтральныя, а таксама раённыя пляцоўкі, дзе праходзяць асноўныя мерапрыемствы і масавыя гулянні. Зараз падрыхтоўка ў разгары: супрацоўнікі прадпрыемства друкуюць пілоны, рыхтуюць да мантажу металічныя канструкцыі, займаюцца вязаннем тра­дыцыйнага пано на будынку педуніверсітэта.

— У работах выкарыстана 26 колераў, — працягвае Сяргей Баляслававіч. – За аснову бралі тыя, што можна ўбачыць на гербе Мінска: сіні, белы, жоўты, чырвоны і ўсе іх адценні.   

Нарыхтоўкі для пілонаў друкуюцца на спецыяльнай прагума­ванай тканіне машынай нак­шталт вялізнага прынтара. Потым па­лотнішчы разрэжуць, з іх сшыюць «кішэні», якія надзенуць на пілонатрымальнікі і ўмацуюць на слупах. Для горада іх патрэбна каля тысячы. Значна больш яркіх сцяжкоў са штучнага шоўку пойдзе на афармленне пано з выявай знакамітых месцаў Мінска на фасадзе педуніверсітэта – не менш за 7900 штук звяжуць на 66 модулях агульным памерам 720 квадратных метраў.

Мантаж упрыгажэнняў плануецца завяршыць 5—6 верасня.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter