Дэпазітная арыфметыка. Якія змены адбудуцца з укладамі і крэдытамі?

З заўтрашняга дня даходнасць многіх укладаў фізічных асоб павысіцца. Разам з гэтым вырастуць у цане і крэдыты. У такой сітуацыі, як раяць эксперты, лепш не пазычаць у банка грошы, калі ў гэтым няма пільнай патрэбы, а паспрабаваць самому сабраць неабходную суму, у тым ліку дзякуючы дэпазітнай “зарплаце”.

Рублёвая прыбаўка

Па выніках красавіка ўладальнікі рублёвых укладаў з пераменнай стаўкай, прывязанай да стаўкі рэфінансавання, атрымаюць прыемную прыбаўку. Напрыклад, той, у каго на дэпазіце ляжыць 3 мільёны рублёў, зможа штомесяц зарабляць звыш 50 тысяч рублёў. Гэта адбудзецца ў выніку павышэння з 20 красавіка стаўкі рэфінансавання Нацбанка з 12 да 13 працэнтаў гадавых, запланаванага.
Такое рашэнне ў галоўным банку краіны прынялі, каб павысіць прывабнасць зберажэнняў у рублях. Справа ў тым, што ў сакавіку банкаўскія ўклады фізічных асоб зменшыліся амаль на 1,2 трыльёна рублёў. Так адбылося, бо хтосьці вырашыў, напрыклад, набыць аўтамабіль, а іншыя — папоўніць свае інвалютныя зберажэнні ці проста пакласці рублі дома — “для надзейнасці”. Каб аднавіць прырост дэпазітаў, павышаюць працэнтную стаўку.

Плюс і мінус

У далейшым, як паведаміў намеснік старшыні праўлення Нацбанка Сяргей Дубкоў, стаўка рэфінансавання можа вырасці да 14 працэнтаў. Да гэтага вымушае рост спажывецкіх цэн, які з пачатку бягучага года атрымаўся вышэйшым, чым прагназавалася раней.
Разам з гэтым стаўкі па дэпазітах у рублях і замежнай валюце будуць павышаць і банкі. Прыкладна кожны пяты рубель, за лік якога банкі выдаюць крэдыты, бярэцца з укладаў. Таму, каб мець рэсурсы на крэдытаванне, яны мусяць дадаткова заахвочваць укладчыкаў, прыцягваць іх грошы.
“Па рублёвых дэпазітах ужо цяпер грамадзяне могуць атрымліваць даходнасць і 20 працэнтаў гадавых, калі яшчэ ў пачатку года, як правіла, ніхто не прапаноўваў больш за 16 працэнтаў”, — гаворыць аналітык партала www.infobank.by Кацярына Смірнова. Па ўкладах у замежнай валюце за апошні час стаўкі падраслі да 8—9 працэнтаў гадавых і, магчыма, паднімуцца яшчэ вышэй. “У якой валюце лепш зберагаць, кожны павінен вырашаць сам”, — адзначае яна. Напэўна, наўрад ці варта абменьваць тыя ж долары і страчваць на канвертацыі, каб папоўніць больш даходны рублёвы ўклад. А вось рублі, відаць, можна аднесці на дэпазіт, тым больш што замежная валюта ў дэфіцыце, а страчаны час на “дзяжурства” ля абменніка можна скарыстаць на іншыя важныя справы.
“Крэдыты ж цяпер браць рызыкоўна”, — засцерагае эксперт. Па-першае, таму, што дарагія. Мінімальныя працэнтныя стаўкі па тых жа спажывецкіх крэдытах ужо перавысілі 20 працэнтаў. Возьмеш, напрыклад, 6 мільёнаў рублёў, а потым за тры гады прыйдзецца вярнуць 8—9 мільёнаў. Па-другое, у многіх крэдытных дагаворах стаўкі нефіксаваныя. А гэта значыць, што праз пэўны час штомесячныя выплаты банк можа павялічыць.

Уверх і ўніз

Павышэнне і зніжэнне стаўкі рэфінансавання рэгулярна адбываецца амаль што ва ўсіх дзяржавах свету. Напрыклад, падчас сусветнага эканамічнага крызісу многія краіны зніжалі гэты паказчык амаль што да нуля, каб “разагрэць” эканоміку. Цяпер жа назіраецца адваротны працэс: каб стрымаць інфляцыю, стаўкі павышаюць. У выніку попыт на дарагія крэдыты зніжаецца, а дэпазіты прырастаюць. Так з эканомікі “забіраюць” “лішнія” грошы.
У перыяд такой дэпазітнай хвалі, як раяць эксперты, укладчыкам трэба быць асцярожнымі, не гнацца за надзвычай высокімі працэнтамі. Часам лепш атрымаць трохі менш, але не хвалявацца пра свае грошы.

Парада “НГ”
Калі прагназуецца, што стаўкі могуць расці, дэпазіт лепш выбіраць з “плаваючай” працэнтнай стаўкай, а крэдыт — з фіксаванай.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter