«Дажынкі» прайшлі, адноўлены горад застаўся

ДА ПРАЦЫ хлебароба ў нашай краіне асаблівае стаўленне. Гэта было відаць, як кажуць, на кожным кроку падчас святкавання фестывалю-кірмашу працаўнікоў сяла Брэстчыны «Дажынкі-2013», які днямі прайшоў у Ляхавічах. Сюды з усіх рэгіёнаў вобласці завіталі пераможцы абласнога спаборніцтва на ўборцы збожжа, папулярныя калектывы мастацкай самадзейнасці і прадстаўнікі арганізацый гандлю, многія іншыя ганаровыя госці.

За хлебны каравай Брэстчыны ў Ляхавічах ушанавалі герояў сёлетняга жніва

ДА ПРАЦЫ хлебароба ў нашай краіне асаблівае стаўленне. Гэта было відаць, як кажуць, на кожным кроку падчас святкавання фестывалю-кірмашу працаўнікоў сяла Брэстчыны «Дажынкі-2013», які днямі прайшоў у Ляхавічах. Сюды з усіх рэгіёнаў вобласці завіталі пераможцы абласнога спаборніцтва на ўборцы збожжа, папулярныя калектывы мастацкай самадзейнасці і прадстаўнікі арганізацый гандлю, многія іншыя ганаровыя госці.

На вуліцах райцэнтра з самага ранку працаваў святочны кірмаш. Ён быў сапраўды неабсяжны. Дастаткова сказаць, што гандлёвыя рады разгарнуліся болей чым на кіламетр. Усіх жадаючых гасцінна запрашалі звыш сотні з густам упрыгожаных павільёнаў і палатак ад арганізацый гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання, прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, індывідуальных прадпрымальнікаў. Тавары можна было набыць па зніжаных цэнах. Шмат удзельнікаў збіралі бяспройгрышныя латарэі, розныя конкурсы і акцыі.

А на плошчы Леніна ў Ляхавічах прайшло ўзнагароджанне пераможцаў абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх вынікаў на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур. Урачыстай цырымоніі папярэднічала святочнае шэсце дэлегацый раёнаў, якое атрымалася вельмі прадстаўнічым і масавым. Адметнай падзеяй абласных «Дажынак-2013» стала адкрыццё кінатэатра «Кастрычнік», які адпавядае самым сучасным патрабаванням.

Ну а затым распачалося ўшанаванне герояў сёлетняга жніва. З важнымі працоўнымі дасягненнямі ўсіх сардэчна павіншавалі старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар і намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Васіль Паўлоўскі. Кіраўнік вобласці адзначыў, што цяперашні вынік працы хлебаробаў стаў магчымы дзякуючы рэалізацыі на Брэстчыне мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла. Хлебны каравай у вобласці сёлета атрымаўся агульнай вагой 1 мільён 67 тысяч тон. Гэта стабільны паказчык, які на такім узроўні трымаецца ўжо шмат гадоў запар. А разам з зернем кукурузы Брэстчына штогод мае намер атрымліваць 1,5 мільёна тон збожжа.

Доўгачаканы момант узнагароджання пераможцаў быў асабліва хвалюючым. Лепшыя механізатары, вадзіцелі, занятыя на адвозцы збожжа, аператары зернесушыльных комплексаў і іншыя ўдзельнікі жніва атрымалі Ганаровыя дыпломы і грашовыя прэміі з рук Канстанціна Сумара. Імя старшага камбайнера Сяргея Рамановіча з ААТ «Вінец» Бярозаўскага раёна ўжо многім вядома па яго мінулых перамогах. Разам з ім на вышэйшую прыступку п’едэстала сёлета ўзняліся экіпажы Дзмітрыя Куліка з СВК «Імянінскі» Драгічынскага і Сяргея Калюціча з СВК «Дварэцкі» Лунінецкага раёнаў. Сярод вадзіцеляў пераможцамі прызнаны Васіль Сташэўскі з ААТ «Дружба» Баранавіцкага раёна, Мікалай Марыніч з СВК «Хмелева», што на Жабінкаўшчыне, Мікалай Кіндрук з СВК «Гарадоцкі» Лунінецкага раёна. Заслужаныя ўзнагароды атрымалі маладыя камбайнеры і вадзіцелі, аператары зернесушыльных комплексаў, галоўныя аграномы гаспадарак і іншыя ўдзельнікі ўборачнай кампаніі. Сярод раёнаў пераможцам абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур стала Пружаншчына, дзе валавы намалот склаў больш за 121 тысячу тон пры сярэдняй ураджайнасці 36,7 цэнтнера з гектара. На другім і трэцім месцах — адпаведна Баранавіцкі і Бярозаўскі раёны. Лепшыя гаспадаркі па вытворчасці збожжа — СВК «Дарапеевічы» Маларыцкага, СВК «Фядорскі» Столінскага і СВК «Ляхавіцкі» Ляхавіцкага раёнаў.

«Дажынкі-2013» адгулі, пакінуўшы жыхарам і гасцям Ляхавічаў цудоўныя ўражанні ад выступленняў артыстаў, спартыўных і забаўляльных мерапрыемстваў, багацця гандлёвых радоў і незабыўнай святочнай атмасферы. А ў падарунак ляхаўчанам застаўся прыгожы, добраўпарадкаваны горад, які стаў чарговай, вельмі ўтульнай кропкай на карце сінявокай Беларусі.

Аляксандр КУРЭЦ, «БН»

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter