Таямніцы і перспектывы тысячагадовага Давыд-Гарадка

Давыд-Гарадок: царства кветак і трываласць традыцый

Як рака Сена падзяляе Парыж на дзве часткі, так і палескі Давыд-Гарадок да канца мінулага стагоддзя перасякала хуткацечная Гарынь, якая бярэ пачатак з украінскага Прыкарпацця. У паводку большасць вуліц пераўтваралася ў венецыянскія каналы. Чатыры дзесяцігоддзі таму меліяратары праклалі ў абход горада новае рэчышча і пабудавалі бетонны мост. 


Паводле археалагічных даследаванняў Давыд-Гарадок узнік у пачатку ХII стагоддзя як горад Кіеўскай Русі. Магчыма, назва пайшла ад імя валынскага князя Давыда Ігаравіча, які атрымаў ва ўладанне Пагарынне. Існуюць і іншыя версіі ўзнікнення горада, які ўпершыню пісьмова ўзгадваецца ў ХIV cтагоддзі як горад Вялікага Княства Літоўскага. Праводзячы раскопкі ў навакольных мясцінах, археолагі выявілі значна ранейшае селішча і бескурганныя могільнікі зарубінецкай і мілаградскай культур.

Зведала мястэчка спусташальныя набегі ворагаў, пажары. Пяць стагоддзяў таму войска Вялікага Княства Літоўскага непадалёку разбіла крымскіх татар. Нашчадкі палонных захавалі татарскія прозвішчы і звыклыя для іх традыцыі і рамёствы.

Уладарыла ў мястэчку вялікая польская каралева Бона Сфорца, пры садзейнічанні якой сюды пераехалі з заходнееўрапейскіх краін яўрэйскія сем’і і пачалі займацца рамесніцтвам і гандлем. 

Стараста горада Іван ХАРАШУН

Адмысловыя мясныя і малочныя прысмакі, залатыя ювелірныя ўпрыгажэнні, абутак і адзенне, вырабленыя палескімі майстрамі, дастаўляліся ў Варшаву, Вільна, Львоў і іншыя буйныя гандлёвыя цэнтры. Атрымала мястэчка Магдэбургскае права і славілася кірмашамі, што ладзіліся па некалькі разоў на год.
На гарынскім беразе заснаваў ардынацыю віленскі ваявода Мікалай Радзівіл Чорны. Дзейнічала суднаверф, на якой амаль да сярэдзіны мінулага стагоддзя майстравалі баржы, паруснікі, сухагрузы рачнога кабатажу грузападымальнасцю да трохсот тон. 

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай Давыд-Гарадок стаў цэнтрам павета ў Расійскай імперыі. Згодна з Рыжскай мірнай дамоўленасцю адышоў да буржуазнай Польшчы і набыў статус гміны, а пры савецкай уладзе два дзесяцігоддзі быў райцэнтрам. У вайну ў навакольных лясах і балотах базіраваўся партызанскі атрад.

Дырэктар Палескага лясгаса Аляксей МАРЫНІЧ

Пасляваеннаму калгаснаму жыццю ўнікальнага палескага куточка прысвяціла раман “Глыбінь-гарадок” пісьменніца Лідзія Абухава. Услаўляюць землякоў сучасныя беларускія літаратары Леанід Дранько-Майсюк, Георгій Марчук, Уладзімір Глушакоў, Міхаіл Шэлехаў.

Старажытны Давыд-Гарадок рыхтуецца прымаць удзельнікаў і гасцей абласнога свята-кірмашу “Дажынкі”.

Кладаўшчыца ААТ “Давыд-Гарадоцкі электрамеханічны завод” Ніна ЖЫЛІНА

На пачатку лета мальвы, маргарыткі, незабудкі, званочкі, настурцыі і мноства іншых рознага колеру кветак палаюць у агародах і кветніках правінцыяльнага Давыд-Гарадка. Сярод гэтай прыгажосці пануе будаўнічы бум. Падрыхтоўкай старажытнага горада да фестывалю-кірмашу займаюцца рабочыя будаўнічых арганізацый Столінскага і суседніх раёнаў Брэстчыны. Абнаўляюцца пабудовы, укладваецца тратуарная плітка, асфальтуюцца вуліцы. З высокага пастамента на цэнтральнай плошчы велічна пазірае на кіпучую дзейнасць адліты ў бронзе князь Давыд, за спіной якога ўзвышаюцца купалы векавой мураванай царквы Маці Божай Казанскай.

Ураджайныя клубніцы ў пенсіянеркі Алены ГАПОН

Масты і мосцікі перакінуты праз старыя рэчышчы Гарыні, якія перасякаюць гарадскія кварталы. На парослым соснамі высокім беразе рачулкі Сежкі, каля старадаўняга цвінтара, падпірае неба крыжамі помнік драўлянага дойлідства XVIII стагоддзя — Георгіеўская царква. Пакроўскія вароты храма, вырабленыя два вякі таму мясцовымі ўмельцамі, узбагацілі фонд Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі. Змураваны на пачатку мінулага стагоддзя з чырвонай цэглы касцёл пасля вайны пераўтварылі ў гарадскі Дом культуры. Плануецца вярнуць яго мясцовай каталіцкай парафіі, а Домам культуры стане адрамантаваны кінатэатр. Цэнтральную плошчу ўпрыгожвае арыгінальны мур, дзе размешчаны краязнаўчы музей, які мяркуецца перасяліць у іншае памяшканне, а гэты будынак зойме гарадскі Савет народных дэпутатаў. Узначальвае гарадскую ўладу выпускнік сталічнага Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта (былы Інстытут народнай гаспадаркі) Вячаслаў Стаднік. Працаваў начальнікам цэха на электрамеханічным заводзе. Амаль 1200 рабочых было занята на вытворчасці. Цяпер толькі трэцяя частка засталася ў калектыве. Каб дапамагчы працаўладкавацца людзям, гарадскія ўлады падтрымліваюць развіццё прадпрымальніцтва, дапамагаюць знайсці занятак. 

Урач-траўматолаг Анатоль АЛЕКСЯЙЧУК з маленькай пацыенткай

— Многія сем’і па-ранейшаму вырошчваюць насенне кветак і гародніны, — адзначае старшыня гарсавета. — Кожную вясну адпраўляюцца гарадчукі з торбамі насення па базарах Расіі, Украіны, Прыбалтыкі. А хто застаецца дома, даглядаюць агароды. Ні аднаго пустуючага кавалачка зямлі тут не знайсці. 

Усё засеяна, дагледжана і на падворку аўдавелай пенсіянеркі Наталлі Гуні. Пасадкі сталовага бурака, цыбулі, салата, часнака, боба і іншых гароднін набіраюць моц на акуратных градах. Зацвіла ранняя бульба. І на вуліцы ўздоўж агароджы красуюцца розныя кветкі. Гаспадыня паспяхова спраўляецца падтрымліваць ідэальны парадак. Прыязджаюць дапамагаць тры дачкі, якія пасля заканчэння вышэйшых навучальных устаноў раз’ехаліся па гарадах.

Выпускніцы дзіцячай школы мастацтваў Валерыя СКРАБЕЦ, Наталля ЦУБЕР і Валерыя ШЭЛЕСТ

Святлана і Генадзь Басаўцы на заслужаным адпачынку, але яшчэ настаўнічаюць у сярэдняй школе № 2. Маюць вялікі агарод, які самі абрабляюць. Праца ім у радасць. Турбуе педагогаў, што мала хто з выпускнікоў застаецца дома. У пошуках працы пакідаюць маладыя родны гарадок. 

— Трэба, каб моладзь мела магчымасць тут працаўладкавацца, — заклапочаны Святлана і Генадзь Басаўцы. — За мінулыя трыццаць гадоў амаль на дзве тысячы жыхароў меней стала. Калі Давыд-Гарадок быў раённым цэнтрам, тут пражывала звыш дзесяці тысяч чалавек, а цяпер напалову менш. 

Футбалісты дзіцячай юнацка-спартыўнай школы—браты Мікалай і Міхаіл СВІРЫДЧУКІ, Мікалай БАГАТКА і Андрэй ШЧЭРБАЧ

Дзве сярэднія школы, два дзіцячыя садзікі перапоўнены выхаванцамі. У горадзе 82 шматдзетныя сям’і. Раней іх было значна больш. Вялікая цыганская абшчына, якою кіраваў барон. Некалькі гадоў яго не стала. Не ўсе дзеці цыган хочуць вучыцца, але ёсць і такія, што атрымалі вышэйшую адукацыю і вярнуліся дамоў, працуюць па спецыяльнасці. 

Багаты старажытны Давыд-Гарадок на традыцыі і звычаі. Мінулай зімою адзначылі стагоддзе святкавання “конікаў”. Стачатырохгадовая Вера Галавач памятае, як на пачатку мінулага стагоддзя з салдацкіх валёнкаў майстравалі галовы коней. Прымацоўвалі іх да драўлянага каркаса з альховых ці бярозавых гнуткіх палак, прывязаных да звычайнага лазовага кошыка. Валёнак абмотвалі белай анучай. Дзвюма шлейкамі змайстраваную канструкцыю замацоўвалі на плячах вершніка, які апранаўся ў даўгаполы шынель. Льняныя грыва і хвасты ўпрыгожвалі каня. Традыцыя пайшла ад рускіх салдат, што стаялі ў Давыд-Гарадку ў Першую сусветную вайну. Яны ў такім своеасаблівым убранні весялілі мяшчан у калядныя дні. У гады масавага атэізму святкаванне Каляд лічылася рэлігійным перажыткам, і мясцовымі ўладамі забаранялася. Але насельніцтва ўсяляк захоўвала традыцыю. Пасля святочнага набажэнства ў царкве прыхаджане ўдзельнічалі ў свяце. За пераапранутымі па вуліцах і завулках ганяліся вартавыя парадку, зрывалі маскарадныя маскі. 

Майстар цэха хлебазавода Марыя ЧАРНЮК

У гады незалежнай Беларусі карнавальны фэст атрымаў падтрымку ў дзяржаўных структурах і стаў народным. Напярэдадні гарадскі Дом культуры разам з гарвыканкамам абвяшчаюць план правядзення яго і аб’яўляюць конкурс на лепшае святочнае афармленне сядзіб і арганізацый, а таксама на лепшы гурт “конікаў”. Людзі розных узростаў аб’ядноўваюцца, шыюць касцюмы, развучваюць калядныя песні, чакаюць сваякоў і сяброў у госці. Запрашаюцца мастацкія калектывы з іншых мясцін, і ў дзень свята ладзяцца іх выступленні. Прыязджаюць замежныя госці павесяліцца.

Неаднаразова даводзілася бываць у Давыд-Гарадку і на святкаванні Купалля. На беразе Гарыні да світання палае вогнішча і не сціхаюць музыка і спевы. Да паўнаводнай Прыпяці нясе рачная плынь рознакаляровыя вянкі. 

Унікальны палескі куточак “бацька гісторыі”, старажытнагрэчаскі вучоны Герадот, які жыў у пятым стагоддзі да нашай эры, у кнізе “Мельпамена” назваў міфалагічнай краінай Неўрыдай. А кіеўскі летапісец Нестар мясцовых жыхароў у 1113 годзе ў “Аповесці мінулых гадоў” прадставіў дрыгавічамі.

Гаспадыня кветкавых плантацый Наталля ГУНЯ

Амаль тысячу гадоў таму падкупіў незвычайнай прыгажосцю палескі край аднаго з Рурыкавічаў — князя Давыда Ігаравіча, стрыечнага брата і свата слыннага рускага князя Уладзіміра Манамаха, унука Яраслава Мудрага, праўнука Уладзіміра Святога і Рагнеды Полацкай. Заснаваў ён на беразе Гарыні гарадок Давыдаў, які стаў на чатыры стагоддзі цэнтрам Пагарынскага княства.

Узвышаецца на правым беразе Замкавая гара, дзе стаяў палац каралевы і вялікай княгіні Боны Сфорцы д’Аргоны, жонкі вялікага польскага князя Жыгімонта I. Як сказаў паэт Леанід Дранько-Майсюк: “Бона любіла мёд са ста давыд-гарадоцкіх калод”. І не толькі мёдам паланілі яе прыгарынскія мясціны.

Амаль пяць стагоддзяў мінула. Хто ведае, можа, адзін з нашчадкаў самародка Навошы — таленавіты мастак Аляксандр Харашун, абразы якога заварожваюць незвычайнай прыгажосцю і ўпрыгожваюць многія храмы.

Школьныя настаўнікі Святлана і Генадзь БАСАЎЦЫ

— Залатыя вырабы, скураны абутак, дарагія адзенні давыд-гарадоцкіх майстроў цанілі ў Еўропе, — адзначае стараста горада Іван Харашун. — Мясцовымі ўмельцамі вырабляліся крыжы, надмагіллі, драўляныя і металічныя ўпрыгожванні, абразы, распісваліся праваслаўныя храмы. Толькі ў нашых мясцінах захаваўся звычай драўляныя дамы ўпрыгожваць сонечнымі промнямі. А якія цудоўныя прысмакі і цяпер умеюць гатаваць у нас! На рачную прыстань Гарыні заходзілі гандлёвыя судны, што курсіравалі па Прыпяці і Дняпры. 

У кнізе “Жывапісная Расія” акадэмік Сямёнаў-Цян-Шанскі адзначае, што “на астравах ракі Гарынь размешчана мястэчка Давыд-Гарадок, куды прыходзілі з навакольных мясцін жыхары, каб прадаць ці перадаць камісіянерам для развозу па іншых гарадах вяндліну, сушаную рыбу, дзічыну ў розных відах, грыбы, сушаныя слівы. Але галоўнае, чым славіліся шаўцы Давыд-Гарадка, — высокімі з доўгімі халявамі ботамі. Усё гэта прывозілася ў Вільну, Варшаву і іншыя гарады. Мясцовыя жыхары былі вядомыя таксама майстэрствам вырабляць плеценыя брычкі”.


У давыд-гарадоцкіх майстроў заказвалі ў даваенныя гады абутак для прэзідэнта Польшчы Ігнація Масціцкага. Гэту ганаровую місію даручалі вопытнаму майстру Якаву Матусевічу. 

Па спецыяльным рэцэпце выраблялі марожанае, сакрэт якога захаваўся, і ёсць намер аднавіць вытворчасць. Паўразбураным стаіць стары двухпавярховы мур, у якім яшчэ да вайны знаходзіўся каўбасны цэх. Доўгі час у будынку размяшчалася кантора Палескага лясгаса, аднаго з самых буйных у рэспубліцы. Плошча лясной гаспадаркі перавышае сто тысяч гектараў. Амаль два дзесяцігоддзі кіруе калектывам Аляксей Марыніч, які закончыў Ленінградскую лесатэхнічную акадэмію. Працаваў у Карэліі і вярнуўся ў родныя мясціны. Акрамя догляду за лесам і нарыхтоўкі драўніны, лясгас арганізуе для беларускіх і замежных аматараў паляванне і рыбалку. Для гэтага створаны шэсць гектараў кармавых палёў, 25 падкормачных пляцовак для кабаноў, 12 стралковых ліній, абсталяваных штандартамі для правядзення загоннага палявання. 

Цудоўныя ўмовы тут для аматараў спорту, музыкі, жывапісу. Дзейнічаюць юнацка-спартыўная школа, Цэнтр дзіцячай творчасці, дзіцячая школа мастацтваў. Арыгінальным музычным калектывам “Рытмы рамэн” кіруе цыган Руслан Базылевіч. Развіццё культуры падтрымліваюць кіраўніцтва электрамеханічнага завода, хлебазавода, Палескага лясгаса і іншых арганізацый, дзе працуюць гараджане. Але пры гэтым асноўная частка насельніцтва, як і ў былыя часы, поўніць свой бюджэт вырошчваннем насення кветак і гароднінных культур.

Фота аўтара

Столінскі раён

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter