Даволі часта ручнік называюць дарогай жыцця. Як зразумець такое параўнанне?

Ручнік — адзін з найбольш цікавых феноменаў традыцыйнай культуры беларусаў. Ён быў адвечным спадарожнікам чалавека. Жаночыя рукі ткалі ручнікі доўгімі зімовымі вечарамі, укладвалі ў яго таямніцу сваёй душы, напаўнялі глыбінным зместам гэтую “белую дарогу жыцця”, упрыгожваючы мудрагелістымі арнаментамі. Сакрэты светаўспрымання і светабудовы хаваліся і хаваюцца за крыжамі, ромбамі, палоскамі, елачкамі, раслінамі. Іх шматлікія і непаўторныя спалучэнні, сакральныя, свяшчэнныя веды перадаваліся ад бабулі да ўнучкі.

  • Ручнікі ткалі толькі ў пост, у той час, калі цела і душа ачышчаліся ад бруду, думкі напаўняліся дабром і спакоем, паводзіны характарызаваліся стрыманасцю і пачцівасцю, асвятляючыся жыццестваральнай энергіяй Космасу.
  • З ручніком ішлі ў сваты, на ручніку стаялі маладыя падчас шлюбу ў храме, ручнікамі перавязвалі сватоў падчас вяселля. З хлебам-соллю, якія былі на ручніку, праводзілі і сустракалі маладых на парозе роднай хаты.
  • На тонка браны ручнік прымала бабка-павітуха новую жывую істоту падчас родаў.
  • На ручніках выносілі з хаты, неслі да могілак і апускалі ў магілу труну з нябожчыкам. 
  • Ручнік, асабліва чырвоны, выкарыстоўвалі знахары пры лячэнні самых розных захворванняў чалавека, нават такіх цяжкіх, як эпілепсія і рожа. 
  • Заўсёды асноўнымі колерамі ручніка былі белы і чырвоны, прычым белае (вялікае) поле было пасярэдзіне, а па баках былі шырокія чырвоныя палосы арнаментальных узораў.
  • Як правіла, пасля мыцця звычайна “вафельныя” ручнікі (іх куплялі ў краме) складвалі, як бялізну, а вось саматканыя ручнікі, ручнікі, якія будуць  удзельнічаць у сямейна-родавых абрадах, скручвалі ў “трубы”, або “кацёлкі”. Магчыма, ручнік — гэта старажытны манускрыпт, пісьмовы скрутак, рукатворная “Галубіная кніга” нашай культуры, яе Біблія, у якой зашыфраваны генетычны код нашай духоўнасці, пазначаны пуцявіны гістарычных міграцый нашых продкаў, іх культурныя стасункі з суседзямі, узбагачэнне іх творчымі набыткамі і пашырэнне ўласных гарызонтаў.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter