Давайце чытаць!

Пазнаёміць з беларускай кнігай увесь свет дапамагае выстава-кірмаш, якая штогод праводзіцца ў Мінску. Колькасць яе ўдзельнікаў расце. Калі ў першай выставе прымалі ўдзел усяго 8 краін СНД і Балтыі, то сёлета, калі кірмаш святкуе свой 15-гадовы юбілей, у Мінск з’едуцца прадстаўнікі выдавецтваў з 17 краін свету — Беларусі, Расіі, Украіны, Славакіі, Польшчы, Германіі, Кітая, Індыі, Францыі, Арменіі, Швецыі, ЗША. Упершыню ўдзельнікамі кніжнага форуму стануць Італія, Казахстан, Венесуэла, Швейцарыя. Пачэсным госцем XV Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу “Кнігі Беларусі-2008”, якая пройдзе з 6 па 10 лютага ў Нацыянальным выставачным цэнтры “Бел-ЭКСПА”, сёлета стане Дзяржава Ізраіль.

Як расказаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь Зееў Бен-Ар’е, экспазіцыя прадставіць больш за 800 кніг ізраільскіх, беларускіх і расійскіх выдавецтваў — мастацкія творы, гістарычныя, рэлігійныя выданні. Экспазіцыя дзіцячай літаратуры будзе суправаджацца выставай ілюстрацый ізраільскіх мастакоў да дзіцячых кніг. Мы прэзентуем перакладзены з іўрыту на беларускую мову зборнік апавяданняў Этгарта Керэта “Кіроўца аўтобуса, які хацеў стаць Богам”, і адзіны пераклад з беларускай на іўрыт апавяданняў Васіля Быкава. Пазней экспазіцыя пабывае яшчэ ў Гродне, Магілёве, Брэсце. Ля стэнда пачэснага госця можна будзе сустрэцца з ізраільскімі паэтамі, пісьменнікамі, журналістамі, а таксама з беларускімі літаратарамі, якія пішуць на яўрэйскую тэматыку.
Увогуле, у праграме выставы-кірмашу больш за 120 мерапрыемстваў — семінары, “круглыя сталы”, кансультацыі, прэзентацыі кніг, сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі, выступленні прафесійных артыстаў.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter