Вялікае супрацьстаянне Марса і месячнае зацьмене стагоддзя: што можна будзе назіраць зараз у небе

Дацягнуцца да зорак

Вельмі незвычайны сённяшні дзень! Адначасова адбудуцца дзве значныя астранамічныя падзеі. Першая, якую вельмі чакаюць аматары вывучэння неба, — вялікае супрацьстаянне Марса. Другая — зацьменне стагоддзя. У мінскім планетарыі рыхтуюцца да іх, а таксама да дня нараджэння нашага планетарыя і самага яркага зарападу года — метэорнага патоку Персеіды. Карэспандэнт «Рэспублікі» даведалася пра ўсе падрабязнасці нябесных дзеянняў, якія кожны з вас можа пабачыць нават без тэлескопа.

Сонца, Зямля, Марс

Такое здараецца раз у 15 гадоў — Вялікае супрацьстаянне Марса. Гэта вельмі цікава: Сонца, Зямля і Марс выстройваюцца ў адну лінію, пры гэтым Марс максімальна падыходзіць да Зямлі.
Аляксандр МІКУЛІЧ.

— Усё гэта адбудзецца ўжо сёння, — расказвае загадчык мінскага планетарыя Аляксандр Мікуліч, да якога мы прыйшлі ў госці да пачатку сеансаў сферычных фільмаў пад купалам. — Увесь мінулы тыдзень Марс добра было бачна няўзброеным вокам: з-за таго, што так блізка падышоў да Зямлі, ён ззяе нават ярчэй, чым Юпітэр.

У нашых шыротах Аляксандр Мікуліч раіць шукаць Марс на мясцовасці з адкрытым гарызонтам у паўднёвым напрамку з 27 на 28 ліпеня бліжэй да гадзіны ночы.

— Чаму «супрацьстаянне» Марса? Гэта астранамічнае паняцце. Усе тры аб'екты, стоячы ў лінію, процістаяць адзін аднаму. Дык вось, калі мы сёння паглядзім на Марс, то ўбачым, што ён вельмі яркі, ярчэй за ўсе астатнія зоркі, чаго звычайна не бывае. Ведаеце, як адрозніць зорку ад планеты? Зоркі мігцяць за кошт сваёй атмасфернай турбулентнасці. Планеты ж звычайна больш выразныя, статычныя, і яўнага мігцення няма.

Што цікава: 31 ліпеня Марс стане яшчэ бліжэй! Нас будуць падзяляць 57,8 мільёна кіламетраў. Калі зямная атмасфера дазволіць, то ў тэлексоп убачым дыск гэтай планеты, цёмныя плямкі — марсіянскія пясчаныя буры, а таксама палярныя шапкі, светлыя плямкі на палюсах — гэта канцэнтрацыі льдоў на Марсе. Так, там, як і на нашай Зямлі, ёсць палярныя шапкі! Напэўна, усе будуць таксама шукаць і марсіян — гэта ж цяпер адзін з самых вялікіх інтарэсаў вучоных, якія даследуюць гэтую планету. Аляксандр Мікуліч дапаўняе:

— Шмат місій, экспедыцый накіраваны менавіта на пошук бактэрый, умоў, прыдатных для жыцця на Марсе. Навукоўцы NАSА заяўляюць, што вывучаны хімічны склад матэрыялаў, сабраных марсаходамі, сведчыць — у мінулым там, магчыма, было жыццё. На Марсе знойдзена вада ў цвёрдым стане, часам з'яўляецца яна і ў вадкай форме.


Як такое збліжэнне з Марсам паўплывае на чалавека — навуцы невядома. Але з астранамічнага пункту гледжання насамрэч ніяк, у адрозненне ад сонечных магнітных бур, якія маюць над усім на нашай планеце ўладу. Так, а што з зацьменнем?

Чырвоная планета

3 гадзіны 56 хвілін — столькі будзе доўжыцца поўнае месяцовае зацьменне стагоддзя. На небе сёння сапраўдная канкурэнцыя! Усе нашы погляды будуць скіраваныя таксама на Месяц, ад таго ён і пачырванее? Канечне, не. Спачатку натуральны спадарожнік Зямлі страціць яркасць, затым увойдзе ў цень Зямлі, з-за чаго і стане барвовым. Пачнецца гэта ў 21.24 і працягнецца да 01.20. Мінчане змогуць пабачыць не толькі працэс зацьмення, але кратары, горы на чырвоным Месяцы.

— Гэтае зацьменне — рэдкая з'ява, хоць і не такая, як вялікае супрацьстаянне Марса. Аднак у цэлым здараецца нячаста, каб такія падзеі выпадалі на адзін дзень, — Аляксандр адзначае, што сам такога яшчэ ніколі не назіраў. — У нашай абсерваторыі мы не зможам усё гэта ўбачыць, перашкодзяць дрэвы. Месяц і Марс будуць вельмі нізка над гарызонтам.

Сумаваць не варта — узброіўшыся біноклем або проста гледзячы на гарызонт, вы добра ўбачыце чырвоны спадарожнік Зямлі.

Тэлескоп не патрэбны: за нябеснымі з’явамі можна будзе назіраць няўзброеным вокам.
Фота з архіва герояў матэрыялу і з інтэрнэту 

Наступнай нябеснай падзеяй стане самы прыгожы зарапад года! Максімум метэорнага патоку Персеіды прыйдзецца на ноч з 12 па 13 жніўня. Аляксандр Мікуліч спадзяецца на бясхмарнае надвор'е, таму што відовішча будзе і сапраўды незвычайнае:

— Раю выязджаць за горад, класціся на раскладушку і загадваць жаданні на зоркі — будзе вельмі прыгожа!

Дарэчы, планетарыю 29 ліпеня спаўняецца 53 гады.

— Ён і абсерваторыя адкрыліся ў 1965 годзе. Канец 1950-х—1960-я гады — час росквіту касманаўтыкі ў СССР. У космас запусцілі спадарожнік, паляцеў Юрый Гагарын, у цэлым касмічныя тэхналогіі развіваліся. Тады адкрыцці планетарыяў прымяркоўваліся да дасягненняў у галіне касманаўтыкі, — знаёміць з гісторыяй мінскага планетарыя Аляксандр Мікуліч. — Дарэчы, у нас з тых часоў захаваліся старыя слайды лекцый пра розныя касмічныя місіі мінулага стагоддзя. Навука не стаіць на месцы? Дакладна. Усе апошнія навіны пра космас таксама асвятляюцца ў планетарыі, паказваюцца фільмы пра чорныя дзіркі, цёмную матэрыю і іншае.

Мышаняты на Месяцы

Да канца лета ў планетарыі праходзіць акцыя «Зорнае лета ў планетарыі». Кожнае трэцяе наведванне — бясплатна. Не толькі мінчане, але і турысты актыўна прыходзяць паслухаць лекцыі, паглядзець розныя поўнакупальныя фільмы пра бяздонны космас і тысячы зорак. У дзень нараджэння планетарый будзе працаваць у звычайным рэжыме.

— Кожны год нас наведваюць каля 50 тысяч чалавек. Турыстам асабліва цікава, таму што такога падыходу, як у нас, нават не бачылі. Справа ў тым, што ў многіх краінах з'явіліся планетарыі з лічбавай праекцыяй, якая не дазваляе паказаць рэалістычнае цёмнае зорнае неба. У цэлым яны ператвараюцца ў сучасныя кінатэатры. У нас жа засталіся класічныя лекцыі, сучасныя фільмы і купальнае зорнае неба, якое выглядае, як натуральнае, без пікселяў, — кажа Аляксандр Мікуліч. Дарэчы, для маленькіх гасцей планетарыя тут нядаўна стварылі мульцік «Мышаняты і Месяц». Ён ужо стаў лаўрэатам поўнакупальных фільмаў на фестывалі ў Яраслаўлі. Хутка тое, што глядзяць нашы малыя ў планетарыі, убачаць у Чэхіі, Японіі і Вялікабрытаніі!

У планетарыі, як вядома, праходзяць і заняткі для школьнікаў, ёсць таксама клуб аматараў астраноміі, які, дарэчы, у гэтыя выхадныя збярэцца на «БелАстрафэст-2018». У цэлым, мерапрыемстваў процьма, але ўсяму гэтаму павінна адпавядаць і тэхніка, згадзіцеся? Да пачатку навучальнага года і сустрэчы гасцей Міжнароднага касмічнага кангрэса, мінскі планетарый плануе тэхнічнае перааснашчэнне.

— Мы б хацелі набыць новую праекцыйную сістэму — гэта 4 праектары FullHD, якія палепшаць якасць малюнка, — тлумачыць Аляксандр Мікуліч. Гэта дарагое абсталяванне, таму аматарам астраноміі планетарый прапануе набыць запрашальныя сертыфікаты, абанементы і новыя рэкламныя магчымасці на краўдфандынгавай пляцоўцы. Такім чынам, наведаўшы планетарый, можна адначасова дапамагчы ў набыцці новай тэхнікі, якая, безумоўна, зробіць космас яшчэ бліжэй да нас.

kasel@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter