Дастоева раскрывае таямніцы

У Iванаўскім раёне скончыўся другі этап пошукаў сядзібы Дастаеўскіх...

У Iванаўскім раёне скончыўся другі этап пошукаў сядзібы Дастаеўскіх

Скончыўся, трэба сказаць, ашаламляльным поспехам. Бо археолагі ўскрылі, апроч сядзібнага дома і кухні, падмуркі яшчэ чатырох будынкаў, знайшоўшы больш за 10 тысяч артэфактаў. Пра падрабязнасці даследаванняў у вёсцы Дастоева на Іванаўшчыне карэспандэнту «Р» расказаў кіраўнік раскопак кандыдат гістарычных навук, дацэнт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандр Башкоў.

Яшчэ да пачатку раскопак археолагі сутыкнуліся з праблемай: ёсць сядзібныя дакументы, ёсць апісанне пабудоў і пакояў, але невядома, дзе ўсё гэта знаходзіцца.

— З дапамогай мясцовых жыхароў, асабліва дастоеўскага краязнаўца Анатолія Бурака, і ўласнага даследавання ўсё ж удалося высветліць, дзе стаяла сядзіба, — гаворыць Аляксандр Башкоў. — Гэта было летась. І менавіта тады мы таксама ўстанавілі прыкладныя межы маёнтка — каля 1 гектара.

У 2012-м на невялікай глыбіні археолагі адшукалі падмуркі адразу некалькіх аб’ектаў: дома Дастаеўскіх, кухні і гаспадарчых пабудоў. Тых самых, што з пачатку XVI і да другой паловы XVII стагоддзя насяляў шляхецкі род Ірцішчавых. Атрымаўшы ад пінскага князя вёску Дастоева, сям’я змяніла прозвішча на Дастаеўскія, што было для тых часоў стандартнай практыкай. Дакладна невядома, калі на-шчадкі канчаткова пакінулі дом, але гэта здарылася напрыканцы XVII стагоддзя. У сярэ-дзіне яго сядзіба вельмі пацярпела ад набегу казакоў, і сям’я ўжо не змагла аднавіць сядзібу. Набраўшы пазык і не здолеўшы з імі разлічыцца, Дастаеўскія пераязджаюць на Валынь, дзе пераходзяць у святарскае саслоўе. Нашчадкі роду становяцца праваслаўнымі святарамі, але адзін з іх — Міхаіл — не марыў аб духоўнай кар’еры і з’ехаў у Маскву. Тут ён скончыць хірургічную акадэмію, у яго народзяцца сем сыноў. Сярод іх будзе і Фёдар Міхайлавіч, які праславіў род на ўвесь свет.

— Сляды казацкага набегу мы змаглі ўбачыць вельмі яскрава сёлета, — тлумачыць Аляксандр Аляксандравіч. — Гэта перш за ўсё цэлыя свінцовыя кулі, якія, відаць, адліва-ліся для абароны. І кулі сплю-шчаныя, якімі стралялі па ся-дзібе. Акрамя таго, мы знайшлі некалькі ядраў — як звонку, так і ў сярэдзіне некаторых пабудоў. Відавочна, што маёнтак быў у аблозе, прычым даволі сур’ёзнай. Для казакоў рабаванне шляхты, незалежна ад веравызнання, і забойствы каталіцкіх святароў былі нармальнай практыкай. Але з дакументаў мы не ведаем, чым напад скончыўся для Дастаеўскіх. Маем толькі вынік: у 1754 годзе сядзіба, згодна з інвентаром, ужо здавалася ў арэнду.

Праз пэўны час ёй валодалі палескія шляхціцы — Чапліцы, Орды, Гедройцы. Невядома, якім чынам змяняўся маёнтак, але ўскрытыя сёлета падмуркі ўразілі даследчыкаў.

— Летась мы меркавалі, што памеры будынкаў былі значна меншыя, — тлумачыць Аляксандр Башкоў. — Але цяпер ведаем, што памеры сядзібнага дома ажно 20 на 16 метраў! Кухні — 8 на 10! Высветлілася, што сам дом меў яшчэ некалькі прыбудоў: ганак, веранду, капліцу і калідорчык.

Дарэчы, усё знойдзенае на сто працэнтаў супадае з апісанымі ў інвентары дэталямі: і пяць пазначаных у дакуменце печаў, і наяўнасць усіх перагародак. Таму, як гаворыць брэсцкі даследчык, з высокай доляй упэўненасці можна казаць, што знойдзена менавіта сядзіба Дастаеўскіх. У гэтым выпадку археалогія і архіўныя дакументы добра спрацавалі разам і далі нечаканы вынік.

— Падмуркі захаваліся вельмі добра: страчана толькі каля 20 працэнтаў. А ўсяго ў час раскопак мы знайшлі больш за 10 тысяч артэфактаў. У кухні гэта асколкі глінянага і іншага посуду, у сядзібным доме — манеты. Іх адшукана больш за 50, прычым усе даволі старыя — 1622-га і 1666 гадоў. Захавацца манетам дапамагла гідраізаляцыя з гліны пад дошкамі падлогі: калі яны падалі пад пала-віцу, адтуль іх ужо не даставалі, — расказвае Аляксандр Башкоў.

Паводле слоў дацэнта, археолагі маюць надзею на наступны этап даследаванняў, калі будуць вывучаныя ўсе аб’екты былой сядзібы Дастаеўскіх.

— Нам хацелася б, каб была інфармацыя па ўсіх пабудовах, — тлумачыць Аляксандр Аляксандравіч. — У будучыні гэта дазволіць аднавіць адразу ўвесь комплекс, як гэта зроблена ў Завоссі і Марачоўшчыне. Дарэчы, цяпер у Варацэвічах Іванаўскага раёна таксама вяртаецца да жыцця сядзіба Ордаў.

На працягу двух гадоў на ўзроўні двух урадаў — Беларусі і Расійскай Федэрацыі — існуе дамоўленасць аб аднаўленні сядзібы Дастаеўскіх за кошт Саюзнай дзяржавы. Цяпер вядзецца распрацоўка канцэпцыі яе адбудовы з наступнай музеефікацыяй. Мяркуецца, што на базе маёнтка будзе створаны літаратурна-краязнаўчы музей імя Дастаеўскага.

Пакуль жа ў Дастоеве пазнаёміцца з гісторыяй тутэйшых мясцін і продкамі расійскага пісьменніка можна ў музеі пры мясцовай школе. Але знойдзеныя ў час даследаванняў артэфакты даюць упэўненасць: неўзабаве маленькая палеская вёска можа стаць яшчэ адной Меккай для ўсіх аматараў творчасці Фёдара Міхайлавіча.

На здымку: пакрысе з-пад зямлі праступаюць рысы падмуркаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter