ТОП-темы

Даследчык роднага краю

21:00, 16 июля 2009
Споўнілася 195 гадоў з дня нараджэння Яўстафія Тышкевіча.

Яўстафій ТышкевічНаш зямляк, вядомы ў свеце археолаг, этнограф, краязнавец, нарадзіўся 6 (18) красавіка 1814 года ў Лагойску. Пачатковую адукацыю, як было прынята ў той час у дваранскіх сем’ях, ён атрымаў дома, у палацы, акружаным легендамі і паданнямі, пад наглядам маці. Багатая бібліятэка, хатняя калекцыя, у тым ліку старадаўніх рукапісаў і рэчаў, родавы архіў, расказы бацькоў спрыялі выхаванню будучага дзеяча навукі.

Пасля заканчэння мінскай гімназіі Яўстафій накіроўваецца ў Пецярбург, дзе працуе ў канцылярыі пры сенаце Расійскай імперыі. У 1835 годзе пераводзіцца ў канцылярыю Віленскага генерал-губернатара, а праз нейкі час — у Харкаў, дзе атрымоўвае чын губернскага сакратара. Там ён працуе ў архівах, бібліятэцы Харкаўскага універсітэта, наведвае Кіеў. А ў 1840 годзе выходзіць у адстаўку і вяртаецца ў Лагойск. Яўстафія Тышкевіча абіраюць ганаровым куратарам вучылішчаў і прадвадзіцелем дваранства Барысаўскага павета.

З маладых гадоў увагу Яўстафія Тышкевіча прыцягвалі помнікі даўніны Лагойшчыны. Свае археалагічныя пошукі ён пачаў з раскопак курганоў, надаючы ім значэнне крыніц у даследаваннях. Пошукавую дзейнасць праводзіў у Барысаўскiм павеце, па ўсёй Мінскай губерні, Падзвінні і ў іншых месцах, набываў вопыт у аналізе знаходак, іх класіфікацыі. Першым даў адказы на многія пытанні археалогіі, заклаў фундамент гэтай навукі ў Беларусі, актыўна прапагандаваў ідэю навуковых кантактаў з археолагамі іншых краін. У 1843 годзе ён падарожнічаў па краінах Скандынавіі, дзе працаваў у архівах і бібліятэках, пазнаёміўся з навукоўцамі, музеямі, адшукаў невядомыя звесткі аб дзеяннях Карла ХІІ на беларускіх землях. Усе свае знаходкі і адкрыцці, зробленыя падчас вандроўкі, апісаў у працы “Лісты са Швецыі” (1846).

Экспазіцыя Віленскага музея старажытнасцяў, якая была створана на аснове збораў Я. Тышкевіча ў Лагойску. Літаграфія сярэдзіны ХІХ ст.Адначасова з археалогіяй Яўстафій займаецца фалькларыстыкай. Як спрактыкаваны даследчык сляды жыцця даўніх плямён у краі ён бачыў у тапаніміцы, старадаўніх помнікаў фальклору, этнаграфіі. Вынікам дзесяцігадовых пошукаў стала праца “Апісанне Барысаўскага павета”, якую сучаснікі назвалі “выдатным здабыткам беларускай даследчыцкай думкі ХІХ стагоддзя”.

Тышкевіч ведаў пра стан навукі ў замежных краінах. У Вільні ж пасля закрыцця універсітэта навуковага цэнтра ўвогуле не было, што падштурхнула яго да думкі стварыць там навуковае таварыства, агульнадаступны музей, публічную бібліятэку, заняцца выдавецкай дзейнасцю. Ідэя стварэння музея стала ўвогуле мэтай яго жыцця. І першы з іх быў адкрыты ў 1842 годзе ў Лагойску, у родавым палацы, на падставе сямейных збораў і рэчаў, здабытых у час раскопак курганоў. Шмат сіл і часу, уласных калекцый і сродкаў спатрэбілася і на стварэнне музея ў Вільні. Настойлівасць і энтузіязм Яўстафія, падтрымка родных, сяброў, добраахвотныя ахвяраванні спрыялі таму, што Віленскі музей старажытнасцяў, узначалены Тышкевічам, быў урачыста адкрыты на Новы, 1856 год у будынку Віленскага універсітэта. Там жа была створана Археалагічная камісія, старшынёй якой аднагалосна абралі Яўстафія Тышкевіча.

Як вядомы навуковец Яўстафій быў абраны ганаровым членам Акадэмій навук у Пецярбургу, Стакгольме і навуковых таварыстваў у Капенгагене, Лондане, Рызе, Кракаве, Кіеве, Маскве. Скончыў свой век Яўстафій Піевіч Тышкевіч 20 жніўня 1873 года ў Вільні, пахаваны на Літаратурнай горцы могілак Роса.

Ганна Карпечанка

Андрей МУКОВОЗЧИК
Андрей МУКОВОЗЧИК
До конца