каля шасці тысяч мотааматараў адкрылі мотасезон H.O.G. Spring Challenge 2018

Дарогу байкам

Вуркатанне матора, бляск шлемаў і цяжкі рок з дынамікаў — у мінулую нядзелю па Мінску праехала незвычайная калона. “Ямахі”, “Кавасакі”, “Іж”, “Мінск”, але галоўная зорка заезду — легендарныя “Харлеі”: каля шасці тысяч мотааматараў адкрылі мотасезон H.O.G. Spring Challenge 2018. Каб трапіць на свята, многім давялося пераадолець па некалькі сотняў кіламетраў: на пляцоўку да Кургана Славы, адкуль стартавалі ўдзельнікі калоны, прыехалі байкеры з 12 краін. Але ім паездкі на далёкія дыстанцыі не ў навіну — наадварот, у гэтым уся соль: вецер, музыка, дарога...




Можна здзівіцца: а як жа драйв, адрэналін? Паддаць газу, падняцца на задняе кола, абыйсці паток як паласу перашкод? Трукі на свяце дэманстравалі прафесіяналы — зоркі сусветнага мотафрыстайла: на пляцоўцы каля Дома футбола гледачы маглі ўбачыць шоу лятаючых матацыклаў. А вось ліхачыць на дарозе — не пра байкераў. Як заўважыў міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч, які таксама праехаў у калоне, яны куды больш законапаслухмяныя за матацыклістаў:

— Гэта дзве розныя катэгорыі. На жаль, па віне матацыклістаў у мінулым годзе загінула 42 чалавекі і больш за 270 былі параненыя. Сумная статыстыка, хоць яна ідзе на змяншэнне, але нам каштоўна кожнае жыццё.




Свята атрымалася цікавым: госці маглі назіраць за захапляльнай тэатралізаванай спартыўнай эстафетай сярод мотаклубаў, ацаніць выставу матацыклаў Harley-Davidson, паслухаць рок-канцэрт. Ды і проста атрымаць асалоду ад атмасферы: тут былі і кастамізаваныя матацыклы, і байкеры, як з малюнкаў, — у антуражных касухах, скураных штанах, банданах. Але галоўнае — магчымасць пазнаёміцца і пагутарыць з аднадумцамі. Бо байкерства — не пра хуткасць, а пра лад жыцця.






Фота Аляксандра КУШНЕРА і БЕЛТА.

infong@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter