Праз Гомельшчыну зноў пройдзе шлях «з варагаў у грэкі».
Праект па стварэнні новага воднага турыстычнага маршруту разгледжаны на чарговым пасяджэнні Асацыяцыі гандлёва-прамысловых палат Прыдняпроўя.
— Маршрут па Дняпры ахопіць тэрыторыю прыгранічных абласцей трох краін — Беларусі, Расіі, Украіны і практычна паўторыць гістарычны гандлёвы шлях «з варагаў у грэкі», які ў VIII—XIII стагоддзях звязваў Балтыку, Паўднёва-Усходнюю Еўропу і Малую Азію, — расказвае Васіль Старавойтаў, генеральны дырэктар Гомельскага аддзялення БелГПП.
Удзельнікі абмеркавання канцэпцыі прыйшлі да высновы аб неабходнасці дэталёвай распрацоўкі праекта. Так, на тэрыторыі асобных рэгіёнаў, у прыватнасці ў Магілёўскай, Запарожскай і Чаркасскай абласцях, ужо сёння прапаноўваюцца водныя падарожжы па Дняпры. Добрую паслугу ў ажыццяўленні намечанага можа адыграць супрацоўніцтва з буйнымі тураператарамі. Паводле меркавання Васіля Старавойтава, такая магчымасць можа з’явіцца ў ліпені ў час правядзення ў Шклоўскім раёне фестывалю «Купалле», сярод удзельнікаў якога будуць і турыстычныя кампаніі з суседніх краін.