Дарогамі жыцця

Выстава ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры расказвае пра лёс пісьменніка Аляксандра Савіцкага
Выстава ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры расказвае пра лёс пісьменніка Аляксандра Савіцкага.

У экспазіцыі шмат здымкаў Экспазіцыя створана як частка сацыяльна-культурнага праекта “Чалавек нараджаецца, каб жыць...”, прысвечанага 65-годдзю вызвалення Беларусі і перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Літаратурна-дакументальная выстава “Дарогамі жыцця” падрыхтавана на аснове асабістага архіва празаіка, публіцыста, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, ганаровага грама-дзяніна Полацка Аляксандра Савіцкага і фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, удакладніла загадчыца навукова-экспазіцыйнага аддзела музея Святлана Паўлавіцкая.

У экспазіцыі прадстаўлены фатаграфіі з сямейнага архіва пісьменніка, які адзначае 85-гадовы юбілей, рукапісы яго твораў, выданні на замежных мовах.

Выстава тэматычна падзелена на тры часткі. Адна з іх — “Верай і праўдай” — прысвечана Вялікай Айчыннай вайне. Праз дзесяцігоддзі пасля Перамогі Аляксандр Савіцкі звярнуўся да гэтай хвалюючай тэмы, прапусціўшы яе праз сваё сэрца. Пра мужнасць воінаў Савецкай Арміі і беларускіх партызан у гады вайны, мужнасць тых, хто аддаў сваё жыццё за шчасце і волю Айчыны, напісаў былы салдат Аляксандр Савіцкі.

Раздзел “След пракладвае першы” асвятляе творчасць літаратара ў мірны час. У яго творах знайшлі адлюстраванне тэмы жыцця моладзі ў пасляваенныя гады, а таксама праблемы сучаснасці.

Аляксандр Савіцкі шмат піша для дзяцей. Яшчэ адзін бок шматграннага таленту аўтара высвятляе раздзел “Вернасць сваёй дарозе”. У 2002 годзе пісьменнік стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі ў галіне літаратуры за кнігу для дзяцей “Цуды Лысай гары”.

Жанна Катлярова
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter