Дарогамі і сцежкамі класіка

Фотавыстава “Спасцігаючы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча” прысвечана падзеям з жыцця драматурга
Фотавыстава “Спасцігаючы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча” прысвечана падзеям з жыцця драматурга.

Вінцэнт Дунін-МарцінкевічЭкспазіцыя разгорнута ў Магілёўскім абласным тэатры драмы і камедыі ў Бабруйску, яна падрыхтавана да Міжнароднага фестывалю нацыянальнай драматургіі імя В.Дуніна-Марцінкевіча. На выставе прадстаўлена больш за 50 фатаграфій вядомага магілёўскага фатографа Аляксандра Ліціна, зробленых у ліпені гэтага года ў міні-экспедыцыі па месцах жыцця і творчасці пісьменніка. Заўважым, падарожжа — толькі адзін з этапаў праекта магілёўскага клуба аматараў падарожжаў і гісторыі “Чароўны ўспамін”. Ён прысвечаны 200-годдзю з дня нараджэння класіка і называецца “Пуцявінамі перакананага Асветніка, адметнага Драматурга, таленавітага Актора...”.

Выстава складаецца з 10 раздзелаў, кожны з іх прысвечаны знакавым месцам і падзеям, звязаным з жыццём і творчасцю пісьменніка. Прычым тут выкарыстаны не толькі сучасныя здымкі, але і архіўныя матэрыялы, графіка. Мастацкае і камп’ютарнае афармленне зрабілі Васіль Камароў і Аляксей Кандакоў. Кожны раздзел суправаджаецца тэкстам, з якога можна даведацца пра розныя бакі жыцця і творчасці юбіляра, пра тое, што сёння нагадвае ў Беларусі пра нашага слыннага земляка.

Разам з адкрыццём выставы прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў абласной віктарыны, прысвечанай юбілею пісьменніка, і прэзентацыя турыстычнага маршруту па месцах яго жыцця і творчасці. Дарэчы, ідэя праекта ажыццёўлена пры садзеянні ўпраўленняў адукацыі і культуры Магілёўскага аблвыканкама, Магілёўскага аддзялення “Беларускага геаграфічнага таварыства” і пры інфармацыйнай падтрымцы абласной газеты “Могилевские ведомости”.
Пасля Бабруйска фотавыстаўку плануецца прэзентаваць ва ўсіх раёнах Магілёўшчыны, а таксама ў іншых абласных цэнтрах. А ў бліжэйшы час яе ўбачаць магіляўчане і жыхары Бялынічаў.

Сяргей Кулягін
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter