Дарога з Дзівіна да Кіева. І дадому...

Хоць вясковец з Кобрынскага раёна Віталь Курашык пачынаў працоўнае жыццё шахцёрам, ды заўсёды цікавіўся дыпламатыяй. І ўрэшце тыя веды, як і багаты досвед работы з людзьмі, вельмі яму спатрэбіліся. Нямногія з беларусаў замежжа зрабілі такую кар’еру. У 55-м Віталь Курашык, закончыўшы сярэднюю школу ў палескім мястэчку Дзівін, падаўся на Украіну, у індустрыяльны Данбас. Там працаваў у шахце “Качагарка” горада Горлаўка і адначасова вучыўся ў горным тэхнікуме. Завочна атрымаў вышэйшую адукацыю, працаваў тэхнолагам на заводзе. А з 82-га ён ужо — старшыня гарвыканкама крымскага горада Еўпаторыя. Далей былі розныя адказныя пасады ў Сімферопалі. У 89-м Віталь Уладзіміравіч на альтэрнатыўнай аснове абраны старшынёй Крымскага аблвыканкама, а ў 91-м — Старшынёй Савета Міністраў Крыма. Дарэчы, Віталь Курашык напісаў і выдаў ва Украіне ажно пяць дакументальных кніг, даслаў нядаўна ў рэдакцыю дзве з іх: “Я не жадаю іншай долі. Запіскі дыпламата” і “Жыві і помні”. І ў іх ёсць надзвычай цікавыя звесткі пра асаблівасці яго тагачаснай працы.
Хоць вясковец з Кобрынскага раёна Віталь Курашык пачынаў працоўнае жыццё шахцёрам, ды заўсёды цікавіўся дыпламатыяй. І ўрэшце тыя веды, як і багаты досвед работы з людзьмі, вельмі яму спатрэбіліся.
Віталь Курашык ля родных сценНямногія з беларусаў замежжа зрабілі такую кар’еру. У 55-м Віталь Курашык, закончыўшы сярэднюю школу ў палескім мястэчку Дзівін, падаўся на Украіну, у індустрыяльны Данбас. Там працаваў у шахце “Качагарка” горада Горлаўка і адначасова вучыўся ў горным тэхнікуме. Завочна атрымаў вышэйшую адукацыю, працаваў тэхнолагам на заводзе. А з 82-га ён ужо — старшыня гарвыканкама крымскага горада Еўпаторыя. Далей былі розныя адказныя пасады ў Сімферопалі. У 89-м Віталь Уладзіміравіч на альтэрнатыўнай аснове абраны старшынёй Крымскага аблвыканкама, а ў 91-м — Старшынёй Савета Міністраў Крыма. Дарэчы, Віталь Курашык напісаў і выдаў ва Украіне ажно пяць дакументальных кніг, даслаў нядаўна ў рэдакцыю дзве з іх: “Я не жадаю іншай долі. Запіскі дыпламата” і “Жыві і помні”. І ў іх ёсць надзвычай цікавыя звесткі пра асаблівасці яго тагачаснай працы.
Апісвае Віталь Уладзіміравіч і працу ў беларускім пасольстве: абставіны склаліся так, што яму прапанавалі высокую дыпламатычную пасаду, і ў маі 93-га ён быў прызначаны першым Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь ва Украіне. Прычым, што цікава, Курашык нават не з’яўляўся на момант прызначэння грамадзянінам Беларусі. Гэта, кажуць, рэдкі выпадак у сусветнай дыппрактыцы. Ганарыцца Віталь Уладзіміравіч і тым, што з 1999-га па 2001 год быў дуайенам, старэйшынай дыпкорпуса ва Украіне.
А як склалася жыццё першага пасла Беларусі ў братняй Украіне пасля таго, як ён дзесяць гадоў таму папрасіў пра адстаўку? Чым жыве сёння? На гэтыя пытанні я нядаўна атрымаў ад Віталя Уладзіміравіча адказы па электроннай пошце. “Пасля дыпслужбы працаваў першым віцэ-прэзідэнтам Міжрэгіянальнай Акадэміі кіравання персаналам, дарадцам прадстаўніка прэзідэнта ААТ “Лукойл” ва Украіне, а з 2004-га займаюся ў асноўным грамадскай работай, — напісаў ён. — А яе, дарэчы, вельмі шмат, бо я ж і ганаровы старшыня Усеўкраінскага саюза беларусаў”.
Ён ніколі не губляў сувязі з Бацькаўшчынай. Як не выпадала летам адпачыць у Беларусі, ехаў у беларускія санаторыі ў Сочы, Літву ці Крым — там “адводзіў душу” ў размовах з землякамі. Пад час працы паслом часцей бываў у Мінску і абавязкова вяртаўся ў Кіеў праз Дзівін. “Там жывуць па гэты час мае браты і сёстры, мае сябры і аднакласнікі, — піша В. Курашык. — І так часта, калі пара ўжо расставацца, ад’язджаць з роднай зямлі, у маёй душы гучаць шчымлівыя словы: “Взойдём на пригорок, и хочется стать на колени.../ Стихи, как молитвы, сквозь слезы читать наизусть.../ Родная земля! Всех тревог ты моих утоленье,/ К тебе прикоснулся — и чище душой становлюсь”.
Штогод у Дзень незалежнасці па запрашэнні кіраўніцтва Беларусі Віталь Курашык — у Мінску ў складзе дэлегацыі ветэранаў з Украіны прымае ўдзел у свяце. Піша, што дагэтуль пад вялікім уражаннем ад леташняй урачыстай цырымоніі перазахавання астанкаў воінаў, загінулых за Айчыну, у крыпце Усіхсвяцкага храма. Расказваючы пра гэта іншым, з гонарам заўважае: “Беларусы памятаюць мінулае, таму ў нас ёсць будучыня!” Пасля ўрачыстасцяў ён наведвае магілу бацькі, які пахаваны ў Мінску, едзе да сяброў і родных у Дзівін. Зрэшты, амаль штодзень размаўляе з землякамі па тэлефоне, з многімі — сувязь па электронной пошце. З інтэрнэтам былы пасол на ты. Нагадвае, што “актыўны беларус Аляксандр Драгун стварыў сайт Усеўкраінскага саюза беларусаў”, і якраз Віталь Уладзіміравіч — сярод тых, хто падбірае туды цікавую інфармацыю. Каардынатары атрымліваюць яе ад рэгіянальных суполак. “У тым ліку і дзякуючы сайту пра нас ведаюць у розных краінах, — з гонарам піша В. Курашык. — Я маю стасункі з беларусамі практычна ўсіх абласцей Украіны. Шматлікім украінцам, ды і землякам, скарыстоўваючы жыццёвы досвед і былыя сувязі, дапамагаю наладжваць, развіваць эканамічныя, гуманітарныя сувязі з Беларуссю. Яшчэ мы, беларусы Украіны, выдаём кнігі, газеты, вядзём перадачы на радыё, арганізуем розныя святы, фэсты — усяго не пералічыць! Да таго ж я актыўна працую ў Міжнароднай арганізацыі “Данеччына”, у зямляцтве “Крым”, уваходжу ў палітбюро партыі Грамадзянская Салідарнасць. І новыя кнігі пішу. Так што сумаваць няма калі!”
Такой актыўнасці чалавека, якому восьмы дзясятак, можна пазайздросціць. Як ён арганізуе дзень? “Раніцай — абавязкова зарадка, душ, потым сняданак, гэта звычайна беларускі тварог і кава са згушчаным малаком з горада Рагачова Гомельскай вобласці, — ахвотна адказвае зямляк. — Чытанне пошты, у тым ліку і электроннай. Знаёмлюся з навінамі: што адбываецца ў Беларусі, ва Украіне, у свеце? Далей пішу або чытаю. Пішу старамодна: ручка кітайская, чарніла, папера фінская. Затое ёсць рукапіс, які пацвярджае: гэта мая праца! Пасля абеду, як рабіў і некалі Рузвельт, — гадзіна адпачынку. І затым сустрэчы, мерапрыемствы, прыёмы ў пасольствах, іншых арганізацыях і ўстановах. А ўвечар — сямейны чай”.
Цяпер ён піша кнігу-даследаванне пра асаблівасці нацыянальнага характару беларусаў і ўкраінцаў. “Чым мы падобныя, а чым адрозніваемся? Думаю, гэта будзе цікава прааналізаваць! — разважае аўтар. — Я назіраю, як па-рознаму паводзяць сябе ўкраінцы і беларусы ў некаторых сітуацыях. Мой сын, Уладзімір, часта бываў са мной у Мінску, на Палессі, у Брэсцкай крэпасці, Белавежскай пушчы і ў шматлікіх гарадах і мястэчках. Ён ад Беларусі, беларусаў у захапленні! Згадвае, як ішоў неяк па Дзівіне — а малодшыя дзеці віталіся з ім, бачачы ўпершыню! І жонка мая, Ала Мікалаеўна, украінка, дагэтуль кажа: “Я хацела б жыць на тваёй Радзіме!” Ды ўжо надта моцна мы тут, ва Украіне, пусцілі карані за многія гады”.
Віталя Курашыка радуе, што Беларусь, пераадольваючы розныя цяжкасці, жыве і развіваецца. Што ён мае магчымасць і ў Кіеве купляць якасныя беларускія тавары, у тым ліку смачныя малочныя і мясныя вырабы. Засмучае ж яго, калі часам кажуць няпраўду пра Беларусь — тады ён абавязкова заступаецца за яе. Кажа: як сын за маці…
Хутка, праз месяц, ён зноў будзе ў Мінску. І жыве ўжо прадчуваннем цёплых і хвалюючых сустрэч з роднымі, са сваёй маладосцю.

Іван Ждановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter