Дарога да вытокаў

Мсціслаўская зямля багатая на помнікі архітэктуры і духоўнасці. Адрадзіць іх, вярнуць былую славу — клопат новых пакаленняў старажытнага краю Бясконцай стужкай сцелецца пад колы сучасная дарога. І адно толькі ўражвае ў ёй: то ўзнімаецца ўгару, то быццам падае са схілу. Нібы гушкае цябе ў калысцы гісторыі мсціслаўская зямля. Няпроста ўявіць, але варта самкнуць вейкі, і мроіцца, нібы па гэтых гарыстых прасторах скачуць латнікі старажытных мсціслаўскіх дружын на бітву з ворагамі, развяваюцца на ветры конскія грывы ды маленькія сцяжкі на востраканечных шаломах. Блішчаць на сонцы востра адточаным лязом бердышы ды коп’і, бразгае конская збруя па металу латаў. Грознае і ўмелае гэтае войска. Неаднойчы вымушала яно да ўцёкаў варожыя дружыны. А ў Грундвальскай бітве на чале з князем Сімяонам-Лугвеніем аказала ледзьве не рашаючы ўплыў на канчатковую перамогу.

Варта было ўспомніць пра правадыра дружыннікаў, як памяць паслужліва падказвае чытанае некалі ў гістарычных крыніцах прыгожае паданне аб цудоўным пазбаўленні яго ад слепаты. Сустрэў князь, які амаль нічога ўжо не бачыў, старца. І падказаў той ваяўніку ісці ў пустынь і шукаць гаючую крынічку, што непрыкметна прабілася на беразе невялічкай рачулкі Аслянкі. Калі гаючую крынічку знайшлі, то шэсць тыдняў піў Сімяон-Лугвеній ваду з яе і абмываў вадою вочы. І тады вярнуўся да мсціслаўскага князя зрок. У знак удзячнасці за цудоўнае выздараўленне загадаў ён заснаваць на гэтым месцы манастыр, які атрымаў назву Пустынскі Успенскі. Яго высокія сцены разам з манастырскімі пабудовамі ўзніклі ў 1380 годзе. З’яўленне яшчэ аднаго манастыра, Ануфрыеўскага, таксама звязана з імем Сімяона-Лугвенія. Пабудаваны ён у 1407 годзе. Як сведчыць яшчэ адно паданне, у знак удзячнасці Усявышняму, што паслаў старца Ануфрыя (адсюль і назва) вывесці з дрымучых лясоў княжацкага сына Юрыя, які блукаў па іх у пошуку дарогі сем дзён. Але гісторыкі схільныя меркаваць, што гэтыя святарскія ўстановы былі ўзведзены на межах княства як абарончыя фарпасты. Нездарма ж яны стаяць на розных кірунках. ...Зараз мы будуем дарогу да храма. Адраджаем веру, імкнёмся да “рэанімацыі” духоўнасці. Але ж варта, каб не толькі дарога да храма мела ўпарадкаваны выгляд, але і сам храм прывабліваў як гістарычнай значнасцю, так і знешнасцю. І калі з рэстаўрацыяй і аднаўленнем Пустынскага Успенскага манастыра існуе яснасць, урад выдзяляе на гэта сродкі, то з іншымі мсціслаўскімі гістарычнымі святынямі далёка не ўсё зразумела. Іх жа тут нават не сем — значна больш. І кожная — сапраўднае цуда. Гэта і Дзявочая гара, узнікненне якой навукоўцы датуюць І ст. да нашай эры. Легенда сцвярджае, што насыпалі яе на беразе хутка-плыннай Віхры дзяўчаты, прыносячы зямлю ў падолах як знак пакланення язычніцкай багіні Дзеве. Гэта і Замкавая гара — першапачатковы цэнтр старажытнага Мсціслава. А першае летапіснае ўпамінанне аб ім датуецца 1135 годам. І гэта азначае, што горад старэйшы за Маскву. Нямнога на Беларусі зараз знойдзецца паселішчаў з такой даўняй і слаўнай гісторыяй, з такімі архітэктурнымі і гістарычнымі каштоўнасцямі, як Мсціслаў. У ім дзівосна перапляліся і цэлыя эпохі, і розныя рэлігіі, і шматнацыянальнае насельніцтва. Побач з права-слаўнымі храмамі існавалі кармеліцкі касцёл Успенскай Боскай Маці, узведзены ў самым пачатку ХVII ст., езуіцкі кляштар. Пазней у горадзе з’явілася і сінагога, паколькі значную частку яго насельніцтва складалі яўрэі. Тут жа ў розныя часы паўсталі Тупічэўскі Свята-Духаўскі праваслаўны мужчынскі манастыр, царква Параскевы Пятніцы, потым Траецкая царква, царква Аляксандра Неўскага. А помнікаў больш позняй пары, потым савецкага перыяду нават не злічыць. Цікава, што ў Мсціславе можна ўбачыць “Парыж” і “Лондан”, “Берлін” і нават “Эрмітаж”. Так у дарэвалюцыйныя часы называлі гасцініцы, дзяржаўныя ўстановы, карцінныя галерэі. Мы наўмысна не прытрымліваемся гістарычнай храналогіі, бо не ставім на мэце праводзіць нейкае даследаванне, а імкнёмся толькі паказаць гістарычнае багацце гэтых мясцін. Таксама не прыводзім амаль ніякіх звестак наконт нагоды з’яўлення храмаў і іншых гістарычна-духоўных месцаў — на гэта спатрэбіцца не адзін артыкул. Больш важна іншае: разуменне таго, што з цягам часу ўсе гэтыя помнікі “даўніны глыбокай” няўмольна разбураюцца. І праз дзесяцігоддзе-два ўжо мала што ўдасца аднавіць, калі не заняцца гэтай справай зараз. Ад езуіцкага кляштара нават цяпер засталіся толькі фрагменты мураванай агароджы, брамы і капліц. У непрывабным стане і Ануфрыеўскі манастыр. Каб надаць гэтаму рэлігійнаму і архітэктурнаму помніку лічы ХIV ст. гістарычны выгляд, спатрэбяцца немалыя сродкі. Менавіта ў сродкі ды ў выканаўцаў рэстаўрацыйнах работ і ўпіраецца справа. Сенняшняя Мсціслаўшчына развіваецца дынамічна, ва ўмовах устойлівай пазітыўнай тэндэнцыі. З году ў год павялічваюцца аб’ёмы вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі, бо раён пераважна аграрны. Не падводзіць і прамысловы сектар эканомікі. Спраўляюцца з заданнямі і будаўнічыя арганізацыі. Аднак раённаму бюджэту яўна не па сіле справіцца з глабальнай мэтай ператварыць край у гістарычны пазумент. А пры вырашэнні гэтай задачы, трэба меркаваць, ён стаў бы самым прыкметным каштоўным каменем у беларускіх пацерках. Нават побач з Полацкам, Туравам, Нясвіжам. І па мсціслаўскай сцяжынцы, якая выводзіць на дарогу да храма, прайшло б нямала людзей, упітваючы дух продкаў, іх адданасць Радзіме, уменне абараніць і сябе, і сваю веру. Дарэчы, па ёй ужо зараз крочаць самыя цікаўныя. Ля Пустынскага Успенскага манастыра штодня можна бачыць машыны з нумарамі розных рэгіёнаў нашай краіны і Расіі, бо ён стаіць на памежжы. Экскурсанты, арганізаваныя, а больш — “дзікія”, з душэўным заміраннем аглядаюць святыя пакуль яшчэ ў большасці руіны, у любую пару года акунаюцца ў купель святой гаючай крыніцы, што б’е з-пад сцен царквы, слухаюць аповеды манахаў, якія пасяліліся ўжо тут і аднаўляюць манастырскую гаспадарку. А знаёмы экскурсавод неяк прызнаўся, што вельмі любіць суправаджаць турыстычныя групы менавіта на Мсціслаўшчыну. І растлумачыў гэта тым, што тут ён атрымлівае сапраўднае прафесійнае задавальненне, бо выкладае багацейшы гісторыка-краязнаўчы матэрыял. І экскурсанты ўспрымаюць яго з затоеным дыханнем. Пацвярджэння гэтых слоў доўга шукаць не давялося. Па залах мясцовага гісторыка-археалагічнага музея хадзіў яўна не тутэйшы чалавек, бо тлумачэнні дырэктара музея Уладзіміра Шылянкова яму перакладала перакладчыца. Аказалася, Барэлла Вікусіо прыехаў да краснапольскіх сяброў з далёкай італьянскай Ламбардзіі. І вельмі ім удзячны за такую экскурсію, бо ўсё, пра што даведаўся, лічыць “фантастыко”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter