Дарога да Бога праз сучасныя тэхналогіі. Трансляцыя богаслужэнняў з Будслава будзе весціся ў Інтэрнэце.

Свята ў гонар цудадзейнага абраза Маці Божай па традыцыі збярэ каталіцкіх вернікаў у Будславе Мядзельскага раёна 1—2 ліпеня. Сёлетнія ўрачыстасці пройдуць пад дэвізам “Марыя — выбраная дачка Айца Нябеснага”.
Першыя пілігрымы ўжо адправіліся ў вандроўку. Тыя ж, у каго не атрымаецца пабываць у Будславе, апынуцца там віртуальна.
— Сёлета ўпершыню будзе арганізавана прамая відэатрансляцыя ў Інтэрнэце на нашым сайце www.catholic.by. У сучасным грамадстве важна будаваць храмы не толькі з цэглы, але і ў інфармацыйнай прасторы, — перакананы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Дарэчы, праз тры гады будзе адзначацца 400-годдзе прабывання святога абраза Маці Божай у Будславе. Да гэтай падзеі гісторык Святлана Адамовіч стварае манаграфію пра нацыянальны санктуарый. Акрамя таго, збіраюцца сведчанні вернікаў, якім дапамаглі малітвы ў Будславе.
Тадэвуш Кандрусевіч расказаў і пра іншыя планы каталіцкай царквы. Так, неўзабаве ў Храме нацый у Іерусаліме будзе разме-шчана таблічка з надпісам галоўнай хрысціянскай малітвы па-беларуску.
— Зараз там ёсць тэксты “Ойча наш” на 63 мовах свету. Устаноўка таблічкі на нашай роднай мове абазначыць прысутнасць беларускай царквы на Святой зямлі, — падкрэсліў Тадэвуш Кандрусевіч.
Ён таксама паведаміў прыемную навіну: пасля аперацыі ідзе на папраўку кардынал, Апостальскі адміністратар Пінскай дыяцэзіі Казімір Свёнтэк, які зламаў шыйку сцягна яшчэ ў маі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter