Дарогі жыцця

У Брэсцкім аўтапарку працуе першая ў горадзе жанчына — вадзіцель аўтобуса...    

У Брэсцкім аўтапарку працуе першая ў горадзе жанчына — вадзіцель аўтобуса

Як толькі бачыш за рулём грамадскага транспарту жанчыну, па прывычцы думаеш, што гэта тралейбус. Да нядаўняга часу так было і ў Брэсце. Але толькі да моманту, калі ў аўтапарку з’явілася першая жанчына-ва­дзіцель. Чаму прадстаў­ніца прыгожай паловы чалавецтва можа закахацца ў дарогу і чаму праца на грамадскім транспарце — гэта адказнасць, карэспандэнт «Р» даведаўся ў Зоі Гулецкай (на здымку), якая і сёння здзіўляе сваіх пасажыраў.

— Я ніколі не зачыняю дзверы перад носам пасажыраў і заўсёды чакаю дзяцей, якія бягуць да аўтобуса, — гаворыць Зоя Гулецкая.

Унутры яе транспартнага сродку — аўтобуса па-жаночы ўтульна: вокны ўпрыгожаныя фіранкамі, а ў кабіне — некалькі цацак, якія робяць працу і дарогу весялейшымі.

23 гады Зоя Нікіфараўна ездзіць па вуліцах Брэста. Спачатку на тралейбусе, пасля — на аўтобусе. Апошняе месца працы — «Аўтапарк № 1» у Брэсце — знайшла шэсць месяцаў таму. І вось, прайшоўшы выпрабавальны тэрмін, засталася.

— «Рагатага» змяніла на аўтобус, шчыра кажучы, з фінансавых прычын, — прызнаецца яна. — Двое маіх хлопцаў — спартсмены. А значыць, хутка вырастаюць са старых рэчаў і абутку, дый харчаванне павінна быць якасным…

Любоў да дарогі ў сэрцы Зоі Нікіфараўны пасялілася літаральна з дзяцінства.

— Мой бацька працаваў на грузавым аўтамабілі, — расказвае яна. — І ва ўсе каман­дзіроўкі заўсёды браў мяне. Хто б мог падумаць, што дзяўчыне можа так глыбока ў сэрца запасці гэтая мужчынская прафесія. Але адбылося менавіта так. У дарозе мне ўсё было цікава, уначы я ніколі не спала, а толькі глядзела на дарогу.

Зоя Нікіфараўна і сёння не разумее, чаму бацькі не верылі ў яе мару аб уласным матацыкле і пасведчанні вадзіцеля. І можна ўявіць іх шок, калі дачка ў дзень атрымання правоў прыгнала да пад’езда новенькую «Яву», а пасля «рассякала» на ёй па начным Брэсце.

Пазней з любові да дарогі вырасла жаданне звязаць жыццё з транспартам. Так дзяўчына апынулася ў тралейбусным парку Брэста.

— У цяжкія часы даводзілася працаваць паралельна, але на лініі заўсёды была як штык, — гаворыць кіроўца. — Трошкі кавы, трошкі свежага паветра — і ў дарогу.

Больш за два дзесяцігоддзі вопыту зрабілі Зою Нікіфараўну асам у прафесіі. Таму пры прыёме ў аўтапарк пытанняў з прафесіяналізмам не ўзнікла. Але з’явіліся пытанні іншага кшталту.

— Кіраўніцтва пачало сумнявацца, ці дазволена ўвогуле прымаць жанчыну на пасаду вадзіцеля, — расказвае Зоя Гулецкая. — Працяглы час паднімаліся ўсе дакументы, але нічога «крымінальнага» ў маім жаданні не знайшлі.

Настала чарга здзіўляцца калектыву: чаму жанчына за рулём аўтобуса? Гэта ж толькі на тралейбусах можна ўбачыць! Але з першых дзён стала зразумела: Зоя Нікіфараўна можа працаваць нароўні з мужчынамі.

Вядома, розніца пры кіраванні аўтобусам адчуваецца. Бо тэхніка ўсё ж больш грувасткая, больш складаная. Калі здараецца паломка, напрыклад псуецца кола, без мужчынскай дапамогі не абысціся. Але пагарды да сябе Зоя Нікіфараўна не адчувае. Наадварот, цалкам мужчынскі калектыў паводзіць сябе па-джэнтльменску: то парадай дапаможа, то рамонтам. Дый у штодзённасці зносіны з калегам-жанчынай толькі нароўні.

Што да кіравання, то аўтобус, паводле слоў Зоі Гулецкай, куды больш цікавы, бо дае непараўнальную свабоду.

— Гэта ж амаль асабісты аўтамабіль, — гаворыць кіроўца. — На тралейбусе цябе абмяжоўвае лінія і амаль няма перашкод накшталт «ляжачых паліцэйскіх». А вось на аўтобусе часамі заязджаеш у такія месцы, што я нярэдка сама сябе пытаю: ці гэта мой Брэст?

Але, нягледзячы на пэўныя складанасці, Зоя Нікіфараўна атрымлівае ад сваёй працы толькі асалоду.

— Я гатовая не спаць — толькі дайце мне руль! — гаворыць у запале гутаркі яна. — У мяне з дырэктарам нават была размова, каб павялічыць маю змену, але ён адмовіў: маўляў, ты жанчына, цябе трэба берагчы.

Да сённяшняга часу Зоя Гулецкая застаецца адзінай у аўтапарку жанчынай, разам з тым на тралейбусных лініях яе калегі-жанчыны значна пераўзыходзяць мужчын па колькасці.

Зрэшты, гендэрныя стэрэатыпы хвалююць жанчыну-кіроўцу менш за ўсё. Яна па­просту робіць сваю справу, стараючыся ставіцца да пасажыраў сапраўды з жаночай увагай.

— Шкада толькі, што не ўсе разумеюць гэтае стаўленне, часам лаяцца, крычаць, — заўважае Зоя Нікіфараўна. — Але я не звяртаю ўвагі і працую далей. Так здараецца, што чалавеку трэба выгаварыцца. І добра, калі ён зробіць гэта тут, а не дома. — Трэба разумець, што мы працуем для людзей і менавіта мы павінны адказваць за іх бяспеку, бо ў салонах аўтобусаў і тралейбусаў едуць нашы дзеці, нашы бацькі і дзяды.

Калі ведаеш, што ў кабіне аўтобуса такі чалавек, то пакрысе пачынаеш разумець: жанчына за рулём — гэта цудоўна. Гэта, перш за ўсё, прафе­сійна. І як прыгожа!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter