Дарогі вядуць у Заслаўе

З Радашковічаў, Ракава і Мінска ў Заслаўе адправіўся хрэсны ход

Няўдалы замах на сваё жыццё хрысціцель Русі мудра дараваў і адаслаў Рагнеду разам са старэйшым сынам Iзяславам назад у полацкія землі

У шэрагу святочных мерапрыемстваў Міншчыны, прысвечаных 1025-годдзю Хрышчэння Русі, сённяшняе займае асаблівае месца. Адразу з трох накірункаў: Радашковічаў, Ракава і ад Свята-Петрапаўлаўскага сабора Мінска хрэсным ходам адправіліся ў Заслаўе ўдзельнікі фестывалю праваслаўнай моладзі.

Старажытны беларускі горад абраны цэнтрам урачыстасцей невыпадкова. Заслаўе — свайго роду калыска праваслаўя на Міншчыне.

...Са школьнай гісторыі мы ведаем пра прыгожую і гордую дачку полацкага князя Рагвалода Рагнеду, да якой сваталіся князі Яраполк і Уладзімір — будучы хрысціцель Русі. У вялікім каханні князёў можна і ўсумніцца: мэтай кожнага з іх на той час было ўмацаванне ўласнай магутнасці за кошт далучэння полацкіх земляў. А вось сэрца Рагнеды больш схілялася да Яраполка.

Непакорную княгіню Уладзімір узяў сілай, зруйнаваўшы дзеля гэтага Полацк. Рагнеда нарадзіла шасцёра дзяцей, але так і не даравала мужу таго, што ён зрабіў з яе радзімай. Роспач не пакідала Рагнеду і пасля прыняцця Уладзімірам Святога Хрышчэння, калі той адмовіўся ад мнагажонства па язычніцкаму звычаю, ажаніўся з сястрой візантыйскага імператара, а сваім былым абранніцам прапанаваў шукаць сабе іншых мужоў. «Княгіняю была, княгіняю і застануся!» — цвёрда выказалася на гэта Рагнеда, даўно выношваючы намер расправы над крыўдзіцелем свайго роду.

Чым скончылася помста? На гэты раз прызнаем велікадушнасць кіеўскага князя. Няўдалы замах на сваё жыццё ён мудра дараваў і адаслаў Рагнеду разам са старэйшым сынам Ізяславам назад у полацкія землі.

Згодна з паданнем, у імя сына Уладзімір заснаваў горад — сёння вядомы як Заслаўе пад Мінскам.

Ізяслаў душою прыняў святую праваслаўную веру, быў міласцівым і адукаваным правіцелем. А Рагнеда? З імем Анастасія яна прыняла манаскі пострыг, стала першаю інакіняй на тэрыторыі ўсходніх славян і пражыла да 1000 года.

Лічыцца, што пахавана Рагнеда на заслаўскім гарадзішчы, да якога і накіруецца фестывальны хрэсны ход. А ў нядзелю, калі адзначаецца памяць усіх святых зямлі беларускай, у Заслаўі адбудзецца літургія пад адкрытым небам. Богаслужэнне ўзначаліць епіскап Барысаўскі Веніямін, вікарый Мінскай епархіі.

У праграме фестывалю — прэзентацыі выстаў Цэнтра падтрымкі сям’і «Матуля» і Цэнтра экалагічных рашэнняў, паказальныя выступленні клуба гістарычнай рэканструкцыі і спецназа, канцэрты маладзёжных гуртоў з Беларусі і Расіі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter