З якімі вёскамі нашай краіны звязана імя знакамітага паэта Максіма Багдановіча

Дарагi мне «Вянок»

След знакамітага паэта Максіма Багдановіча захаваўся ў некалькіх беларускіх вёсках

След знакамітага паэта Максіма Багдановіча, 125-годдзе якога адзначаем усе разам, захаваўся ў некалькіх беларускіх вёсках


У ПУШКІНА 700 лірычных вершаў, у Янкі Купалы — каля 900, а ў Максіма Багдановіча — 250. Але сухая статыстыка не скажа нічога пра геніяльнасць паэта. Мала таго, што Багдановічу жыццё адмерала ўсяго 25 гадоў, большую частку вершаў на беларускай мове ён складаў далёка ад родных мясцін — у расійскім Яраслаўлі, на беразе Волгі. Тым самым “заклаў падмурак беларускай нацыянальнай эстэтыкі, унёс вялікі ўклад у фарміраванне літаратурнай мовы і станаўленне патрыятычнай свядомасці народа. Яго вытанчаныя, дасканалыя вершы, якія вызначаюцца майстэрскім выкарыстаннем вобразна-выяўленчых сродкаў, па праве прызнаны адной з вяршынь еўрапейскай паэзіі XX стагоддзя”, — адзначыў у сваім віншаванні ўдзельнікам урачыстасцей з нагоды 125-годдзя з дня нараджэння паэта Прэзідэнт. 

Мітынг “Паклонімся Максіму” прайшоў каля помніка Багдановічу ў Мінску. Яго ўдзельнікі запалілі лампады ў памяць аб паэце і ўсклалі кветкі да яго помніка. Першай да манумента была ўскладзена карзіна з кветкамі ад Прэзідэнта. Сярод удзельнікаў мітынгу намеснік старшыні Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Бузоўскі, міністр культуры Барыс Святлоў.

У Храме-помніку ў гонар Усіх Святых у Мінску ўчора заклалі капсулу з зямлёй з магілы паэта. 

Некаторыя месцы краіны могуць па праве ганарыцца — некалькі цыклаў твораў паэт ствараў у аддаленых вёсачках. Там зараз праходзяць тыдні творчасці песняра.

Фото Павла ЧУЙКО

ПАДЗЕЯ сапраўды знакавая, сімвалічная. Аб гэтым на цырымоніі “Вяртанне” казаў і міністр культуры Барыс Святлоў: “Паэт завяшчаў быць пахаваным у Беларусі. Узяцце зямлі з магілы і пахаванне капсулы на радзіме — выкананне волі Максіма Багдановіча”. Да юбілею песняра адрамантаваны будынак музея ў Мінску і падрыхтавана яго новая экспазіцыя, каля помніка класіку прайшла літаратурная акцыя “Расцём разам з Максімам”, а потым і мітынг “Пакланіся Максіму”. “І увогуле, ні адна ўстанова культуры не засталася ў баку ад святкавання 125-гадовага юбілею”, — падкрэсліў міністр. 

Сапраўды, дзень нараджэння стаў падзеяй. У гарадскім пасёлку Халопенічы Крупскага раёна, напрыклад, паэта ўспаміналі ўвесь тыдзень. Чаму? Аказваецца, бацька Максіма Адам правёў тут усё дзяцінства і юнацтва. З Халопенічамі звязаны і народныя казкі, якія прывілі будучаму паэту любоў да беларускай мовы. Іх запісваў бацька са словаў прабабкі Максіма Рузалі Казіміраўны Асьмак. Пазней у кнізе «Мае ўспаміны» Адам напіша: “Максіма як паэта выхавалі кнігі, казкі бабулі, беларускі фальклор”.


У Халопенічы тады Барысаўскага павета быў прывезены на панскую службу дзед Максіма Багдановіча — Юрый Лук’янавіч, які пазней сустрэў сваю жонку, Анэлю Асьмак. Тут у іх нарадзіўся сын Адам, якому наканавана было стаць этнографам і запісаць цудоўныя «бабіны казкі». Прабабка паэта свае казкі распавядала па-асабліваму, рытмічна і нараспеў, ператвараючы сам працэс у творчасць. Гэтую незвычайную манеру атрымала ў спадчыну і бабка паэта, Анэля. У сваіх успамінах Адам Багдановіч апісвае казкі так: “Колькі іх бабуля ведала? Цяпер цяжка падлічыць, але думаю, што каля двухсот, а можа быць, і больш. Гэта нашы радавыя казкі. Сярод іх было нямала такіх, якія я нідзе не сустракаў у шырокай казачнай літаратуры Беларусі, Украіны і Маскоўшчыны. Было нямала фантастычных казак”. 

Дом Багдановічаў у Халопенічах, які сям’я называла проста — «бабіна хата», стаяў на Замкавай вуліцы. Гэта была галоўная вуліца, па якой тавар ішоў на базар. На адным з такіх кірмашоў маці Адама купіла першую кнігу, якая паклала пачатак знакамітай бібліятэцы сям’і Багдановічаў — “Жыццяпіс святога Антонія Папы Рымскага”. Гэта была пяцікапеечная кніжка ў мяккай вокладцы.


У Халопенічах Адам Багдановіч правёў усё сваё дзяцінства, потым юнаком працаваў у школе. Але як ні дзіўна, зараз Халопенічская сярэдняя школа носіць імя сына Максіма. Настаўніца рускай мовы і літаратуры Наталля Буйвідовіч тлумачыць гэта так:

— Яшчэ ў 1972 годзе ў школе на другім паверсе ўстанавілі бюст знакамітага паэта. З гэтага часу наша ўстанова адукацыі і носіць яго імя. Пазней, у 1985 годзе, з’явіўся музей, у якім захоўваюцца цікавыя фотаздымкі знакамітай сям’і, артыкулы, дакументы. Усю гэту калекцыю, канечне, копіі, пазычыў нам у свае часы мінскі Літаратурны музей Максіма Багдановіча. 


Нягледзячы на тое, што сам Максім у Халопенічах ні разу не бываў, нават першакласнікі ведаюць песняра. Увесь тыдзень школьнікі ўдзельнічалі ў літаратурных вечарынах. Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ала Дзірко расказала, што распісаны падзеі былі на кожны дзень: “Дзеці ахвотна чыталі вершы класіка, удзельнічалі ў літаратурна-музычных гасцёўнях, пазнаёміліся з адноўленай экспазіцыяй жыцця і творчасці паэта, якая адкрылася да юбілею літаратара”. 


ГАНАРАЦЦА песняром і ў маладзечанскай Ракуцёўшчыне. Зараз тут знаходзіцца музейны комплекс, але да 1977 года вёска ніяк не значылася ў біяграфіі паэта. У 60-я гады даследчык Генадзь Каханоўскі ўзяўся за пошукі. І раскапаў: з архіўных дакументаў даведаўся, што менавіта ў Ракуцёўшчыне Максім Багдановіч правёў летнія вакацыі ў 1911 годзе. Тут ён напісаў і цыклы вершаў “Старая Беларусь” і “Месцы”, а таксама паэмы “У вёсцы” і “Вераніка”. Потым у 1977 годзе ў гонар паэта ўстанавілі памятны знак — два вялізныя валуны, якія былі зной- дзены на ракуцёўскай зямлі. У красавіку 1981 года быў закладзены і “Максімаў сад”. Пасадзіць 70 дрэў прыехалі вядомыя беларускія паэты Яўгенія Янішчыц, Ніл Гілевіч, Алесь Бачыла, Пятрусь Макаль. Па словах загадчыка філіяла “Фальварак Ракуцёўшчына” Анастасіі Сярболінай, зараз гэтыя дрэвы ўжо пусцілі парасткі.

Як святкуюць юбілей паэта? Анастасія Мікалаеўна паведаміла, што, каб скіраваць малодшых школьнікаў да паэзіі Багдановіча, вершы якога ў пачатковай школе амаль не вывучаюцца, спачатку вучням Красненскай сярэдняй школы пачыталі творы са зборніку “Вянок”: “Аднак літаратурнай гасцёўняй мы не абмежаваліся і прапанавалі дзецям намаляваць ілюстрацыі да вершаў. Перавагу навучэнцы аддалі міфічнай тэматыцы, якая таксама прысутнічала ў творчасці літаратара. Трэба сказаць, што ў такой форме паэзію Багдановіча зразумелі нават дзеці. Вось такая сіла слова”. 


МАЁ ЗНАЁМСТВА з паэтам пачалося яшчэ ў пятым класе. Настаўніца прапанавала паўдзельнічаць у конкурсе і напісаць верш пра паэта. Згадзілася, стала чытаць, напісала. Не верш, цэлую паэму. Тады мяне, звычайную вясковую дзяўчынку, запрасілі ў Мінск у музей. Аднак мяне уразіла не паездка ў сталіцу, а падарунак — зборнік “Вянок” маленькага фармату. Гэтую кнігу захоўваю і па сённяшні дзень. Як успамін аб першым літаратурным вопыце...

Фото: БЕЛТА

bizyk@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter