Дапаможа робат

Старэйшыя патрабавалі ад Аляксандра Дубавіцкага чысціні ў доме, а ён перадаверыў тыя абавязкі свайму інтэлектульнаму памочніку
Старэйшыя патрабавалі ад Аляксандра Дубавіцкага чысціні ў доме, а ён перадаверыў тыя абавязкі свайму інтэлектульнаму памочніку


Аляксандр Дубавіцкі ўдасканальвае сваіх робатаў
Ні для кога не сакрэт: многія вынаходствы з’яўляюцца дзякуючы… ляноце. Як быць, калі чалавеку нецікава рабіць аднастайную работу, а трэба? Ёсць такія, хто пачынае шукаць выйсце. І знаходзяць! Так адбылося і ў выпадку з мінскім гімназістам, з якім я пазнаёмілася. Зрэшты, пра ўсё па парадку.

Нядаўна СМІ пісалі пра цікавую выставу, фіналістаў конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “Таленты XXI стагоддзя” — ён праходзіў у Санкт-Пецярбурзе. У розных намінацыях тры першыя месцы заваявалі беларускія школьнікі, гімназісты, ліцэісты. У іх жа шэсць другіх, пяць трэціх месцаў і мноства іншых узнагарод. Прычым таленты ў нас, нібы грыбы, растуць па ўсёй краіне: Мінск, Орша, Гомель, Асіповічы, Гродна... Дыяпазон інтарэсаў? Дзейныя мадэлі рознай тэхнікі, радыёэлектронныя і энергазберагальныя прыборы і прылады, аўтаматызаваныя сістэмы і праграмныя комплексы, мультымедыйныя тэхналогіі, камп’ютарныя і праграмныя прадукты, а таксама многае іншае. І большасць работ былі ў Піцеры такога высокага ўзроўню, што і паверыць цяжка: талентам ад 14 да 18 гадоў.

Адзін з пераможцаў конкурсу — 17-гадовы навучэнец 29-й мінскай гімназіі Аляксандр Дубавіцкі з яго шматфункцыянальным робатам-пыласосам “Альтрон”. Ідэю стварэння тэхнічнага цуда міжволі падказалі дарослыя. “У мяне бывалі з імі праблемы: з-за недахопу часу, а можа і трошкі з-за ляноты, перастаў сачыць за парадкам у сваім пакоі, — з усмешкай прызнаўся Аляксандр. — А калі бацькі паставілі жорсткія ўмовы, задумаўся: дзе б знайсці памочніка па гаспадарцы? Вырашыў стварыць інтэлектуальнага робата”.

Робат — як цацка: маленькі! Складана паверыць, што ён з лёгкасцю спраўляецца з працай хатняй гаспадыні. А цуд-пыласос па загадзя ўведзеным раскладзе ці па камандзе і прыбірае памяшканне, і збірае раскіданыя дзецьмі цацкі, прыносіць тэпцікі, корміць катка. І размаўляе: можа пазначыць час, падказаць надвор’е, рэцэпт прыгатавання нейкай стравы. “Урэшце я набыў не толькі надзейнага памочніка, але і сапраўднага сябра, — бачу хітрынку ў вачах Аляксандра. — “Альтрон” можа папярэдзіць і пра небяспеку. Калі, скажам, я забыўся выключыць прас з разеткі, робат гэта зробіць за мяне: для таго яму трэба… патэлефанаваць. Калі ж мой сябар выявіць небяспечныя газы, дым ці ачаг агню, то сам патэлефануе не толькі мне, але і ў службу выратавання”. Так і хочацца ўсклікнуць: вось да чаго дайшоў тэхнічны прагрэс!

У свеце, вядома ж, ёсць робаты-памагатыя, але, запэўніў мяне Аляксандр, досыць грувасткія і не такія “гаваркія”. Вось распрацоўкай і зацікавіліся буйныя кампаніі: адны прапануюць супрацоўніцтва, другія — прадаць патэнт. Якім шляхам пойдзе вынаходнік? Час пакажа…

Цуд-пыласос — не адзіная распрацоўка Аляксандра. Дома ў шафе ў яго, напрыклад, жыве робат “Разумны дом”: кантралюе працу ўсёй кватэрнай электрасеткі. У стадыі распрацоўкі праекты “Паркоўка”, “Разумны мяч”, “Тэлефонны сэрвісны цэнтр”. Стварае вынаходнік і экаскелет для людзей з атрафаванымі нагамі. “Гэта, калі папросту, такія штаны, якія па камандзе падыдуць да чалавека, дапамогуць яму сесці на канапу, не-дзе падысці... — тлумачыць Аляксандр. — З дапамогаю такога робата ў людзей, прыкаваных да інваліднай каляскі, будзе шанец зрабіць першыя самастойныя крокі”.

Пра свае вынаходкі Аляксандр можа расказваць доўга: ну як бацькі, бывае, пра любімых дзяцей. З вялікай цікаўнасцю і асалодай слухала я таленавітага, разумнага, спагадлівага да чужога болю хлопца. І думала: дык вось якая яна, наша творчая моладзь! Арыгінальнае, крэатыўнае мысленне, свежыя ідэі, жаданне давесці задуманае да канкрэтных прыбораў, запусціць у вытворчасць — а не проста пацешыць нейкімі прыдумкамі сваё самалюбства. Крыху ведаючы свет навукі, згадваю “брюзжания” вучоных-тэарэтыкаў старой фармацыі: маўляў, я разумны — а мяне не разумеюць… Цяпер вось маладыя таленты не скардзяцца на аб’ектыўныя цяжкасці — шукаюць (і знаходзяць!), як іх пераадолець. І што можа быць у нашым свеце прыгажэйшае, чым увасабленне ўласных мараў, ідэй! Асабліва калі яны здзяйсняюцца дзякуючы тваім уласным намаганням, насуперак цяжкасцям, якія, паверце мне, у гэтым свеце паўсюль і заўсёды былі, ёсць і будуць.

Дарэчы. Прыемныя весткі прыйшлі нядаўна з расійскага Екацярынбурга: беларускія школьнікі выдатна паказалі сябе там на спаборніцтвах JuniorSkills Hi-Tech, заваявалі дзве ўзнагароды. Першае месца ў намінацыі “прататыпаванне” сярод талентаў ад 10 гадоў занялі Аляксандр Яфімчык і Макар Чыждэнка з Адукацыйнага цэнтра Парку высокіх тэхналогій (настаўнік Юры Альшанік). Наша трэцяе месца і ў “мабільнай робататэхніцы”: вызначыліся Ілья Лісіца і Арцемій Вахрамееў з Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай тэхнічнай творчасці (настаўнік Сяргей Кулакоў). У спаборніцтвах паўдзельнічала больш за сто школьнікаў (беларускія — упершыню) ад 10 да 17 гадоў з розных рэгіёнаў Беларусі ды Расіі. Аляксандр і Макар атрымалі пуцёўкі на летнюю спецзмену ва Усерасійскі дзіцячы цэнтр у Анапе.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter