Даніна павагі “белавалосаму пасланцу”

Па ініцыятыве ЮНЕСКА пачало адзначацца 200-годдзе з дня нараджэння Іосіфа ГашкевічаПапку для выразак з друку, дакументаў і перапіскі, звязаных з асобай Іосіфа Гашкевіча, першага консула Расійскай імперыі ў Японіі, я завёў у 1970-х. Гэта калі ўстанавіў, што апошнія гады жыцця ён правёў у маёнтку Малі (націск на першым складзе), на тэрыторыі цяперашняга Астравецкага раёна, маёй “малой радзімы”. У школьныя гады, часам ездзячы па дарозе Астравец—Варняны, я не раз прыглядаўся да густых прысад, якія на пад’ездзе да Маляў вялі кудысьці налева. Потым, прачытаўшы кніжку маскоўскага аўтара Віталя Гузанава “Адысей з Белай Русі”, даведаўся: маёнтак выкупіў пасля паўстання 1863 года адстаўны ўжо “белавалосы пасланец”, як называлі дыпламата ў Японіі — тым ён выразна адрозніваўся ад тамтэйшых жыхароў. А мясцовы педагог (здаецца, Лугоўскі) паказаў мне месца, дзе, паводле ўспамінаў старажылаў, Гашкевіч быў пахаваны — каля пачатку ўсходняй сцяны касцёла ў імя святых Казьмы і Дзям’яна (прыкладна ў 1866—1919 гадах то была праваслаўная царква). Як стацкі саветнік і вядомы вучоны ён меў права спачыць каля самой святыні. Праўда, супакой аказаўся не вячыстым: з прыходам польскай улады і аднаўленнем касцёла мясцовыя фанаты ноччу зраўнялі праваслаўныя магілы з зямлёй, надмагілле Гашкевіча знікла, а потым сышла і памяць пра яго.
Па ініцыятыве ЮНЕСКА пачало адзначацца 200-годдзе з дня нараджэння Іосіфа Гашкевіча

Мемарыяльны камень у МаляхПапку для выразак з друку, дакументаў і перапіскі, звязаных з асобай Іосіфа Гашкевіча, першага консула Расійскай імперыі ў Японіі, я завёў у 1970-х. Гэта калі ўстанавіў, што апошнія гады жыцця ён правёў у маёнтку Малі (націск на першым складзе), на тэрыторыі цяперашняга Астравецкага раёна, маёй “малой радзімы”. У школьныя гады, часам ездзячы па дарозе Астравец—Варняны, я не раз прыглядаўся да густых прысад, якія на пад’ездзе да Маляў вялі кудысьці налева. Потым, прачытаўшы кніжку маскоўскага аўтара Віталя Гузанава “Адысей з Белай Русі”, даведаўся: маёнтак выкупіў пасля паўстання 1863 года адстаўны ўжо “белавалосы пасланец”, як называлі дыпламата ў Японіі — тым ён выразна адрозніваўся ад тамтэйшых жыхароў. А мясцовы педагог (здаецца, Лугоўскі) паказаў мне месца, дзе, паводле ўспамінаў старажылаў, Гашкевіч быў пахаваны — каля пачатку ўсходняй сцяны касцёла ў імя святых Казьмы і Дзям’яна (прыкладна ў 1866—1919 гадах то была праваслаўная царква). Як стацкі саветнік і вядомы вучоны ён меў права спачыць каля самой святыні. Праўда, супакой аказаўся не вячыстым: з прыходам польскай улады і аднаўленнем касцёла мясцовыя фанаты ноччу зраўнялі праваслаўныя магілы з зямлёй, надмагілле Гашкевіча знікла, а потым сышла і памяць пра яго.
Бюст Іосіфа Гашкевіча ў АстраўцыЯк жа аднавіць тую памяць? Аблазіў я ў пошуках могілкі на выездзе з колішняга мястэчка, потым гарпасёлка, а цяпер горада Астраўца ў напрамку да станцыі Гудагай. І толькі з часам зразумеў, што яны закладзены значна пазней, чым адбылося пахаванне дыпламата. Потым шукаў некралог у віленскай прэсе, друкаваў артыкулы... Неяк мне пазванілі з аддзела культуры ЦК кампартыі Беларусі, паведамілі: з Японіі ў Беларусь прыязджае (праз Сібір і Урал!) цэлы аўтобус сяброў Таварыства імя Гашкевіча на чале з яго старшынёй прадпрымальнікам Такада Касічы. Яны, маўляў, жадаюць пабываць там, дзе лунае дух нябожчыка. Я расказаў усё, што ведаў. З Мінска паляцеў запыт у Астравец. Адтуль паведамілі: войны, разбурэнні... На месцы, дзе жыў у апошнія гады консул, — жывёлагадоўчая ферма, японцам запрапанавалі ехаць у Вільнюс: маўляў, там, на праваслаўных могілках Ліпаўка, пахаваны ці не той самы Гашкевіч.
І далёкія госці сапраўды знайшлі там магілу Гашкевіча. Але — Іосіфа Іосіфавіча, сына дыпламата, чалавека таксама заслужанага, аўтара кніжкі пра населеныя пункты Віленскай губерні. Той якраз жыў у Вільні і там быў пахаваны. А цела былога консула ці маглі ж везці за 50 вёрст з Маляў у Вільню? Ды і навошта, калі другая жонка (першая памерла ў Японіі: мне ўдалося адшукаць каля царквы ў Хакадатэ яе магілу) Кацярына Сямёнаўна і маленькі іх сын яшчэ жылі ў трох вярстах ад Астраўца з яго прыходскімі могілкамі. Дзе, дарэчы, яны былі? Пэўна ж, ля самой святыні, на ўсход ці на поўнач ад яе… Для канчатковага вываду трэба шукаць старыя планы мястэчка.
Што да Такада Касічы, то мы сустрэліся яшчэ ў Токіа ў кастрычніку 2001-га: тады я, дзякуючы Гашкевічу, стаў тыднёвым госцем Міністэрства замежных спраў Японіі. Такада-сан спачатку быў стрыманы, думаючы, што гэта я выступіў дэзінфарматарам у гісторыі з магілай дыпламата. Потым ахвотна пагадзіўся сустрэць мяне ў горадзе Хакадатэ на востраве Хакайда (гэта блізкая да Расіі поўнач Японіі), дзе была дыпмісія Гашкевіча. Там мы разам наведалі прыватны музей Такада Касічы, дзе я абвязаў сатканым на Астравеччыне дэкаратыўным рушніком бюст (не помнік, як пісалі ў мінскім друку!) Гашкевіча работы маскоўскага скульптара, народнага мастака СССР Алега Комава. Пабывалі мы і ў іншых мясцінах горада, звязаных з “белавалосым пасланцом”. Тое падрабязна апісана ў маім “Японскім дзённіку”, змешчаным у 2002 годзе ў штомесячніку “Кантакты і дыялогі”.
Такада Касічы ў кастрычніку 2002-га зноў наведваў Беларусь, прыняў у Мінску і Астраўцы ўдзел у другіх Міжнародных чытаннях у гонар Іосіфа Гашкевіча, прысутнічаў у Малях на адкрыцці трох каменяў-помнікаў дыпламату, устаноўленых лідскім скульптарам Рычардам Грушай. Матэрыялы чытанняў выйшлі ў зборніку “Беларусь—Японія” (з серыі “Беларусіка=Albaruthenica”).
Старонка календара з выявай І. ГашкевічаНядаўна з круглага стала “Беларусь і Японія: Міжнародны культурны дыялог” у Інстытуце культуры Беларусі пачалася падрыхтоўка да юбілею Іосіфа Гашкевіча. Тады Масако Тацумі, кіраўніца грамадскага Цэнтра японскай культуры ў Мінску, паведаміла: Такада Касічы, нашчадка таго самурая Кахея (яму ў Хакадатэ пастаўлены помнік), які спрыяў японска-расійскаму збліжэнню, раптоўна не стала. А яго дачка Нано рашыла ліквідаваць музей бацькі. І цяпер паміж Мінскам і Хакадатэ ідуць пісьмовыя перамовы, каб яго экспанаты, найперш бюст работы Комава, не зніклі, а былі прывезены спадчынніцай у час юбілею ў Мінск ці перададзены ў Нацыянальны гістарычны музей Беларусі: там ужо рыхтуецца юбілейная экспазіцыя.
Што яшчэ зроблена да 200-х угодкаў Іосіфа Гашкевіча, якое будзе ўрачыста адзначацца 14 сакавіка 2014 года? Дарэчы, раней у энцыклапедыях фігураваў год 1815-ы. У красавіку з Дзяржаўнага гістарычнага архіва Літвы атрымана копія метрычнага запісу Астравецкай царквы Шумскага дэканата аб смерці нашага суайчынніка, якая наступіла 15 мая 1875 года. Дакументам пацвярджаецца выказаная мной раней думка, што пахаваны І. Гашкевіч на “прыходскіх могілках”. Месца ж іх знаходжання яшчэ трэба знайсці. Пахаванне правялі мясцовыя святары Іаан Васілеўскі і Іаан Макарэўскі, выконваючы абавязкі псаломшчыка Іван Рабінскі, а таксама ключар Іаан Барчыкоўскі, які прыбыў, улічваючы заслугі нябожчыка, з Віленскага кафедральнага сабора. У перададзеным з Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА ў рэдакцыю “Голасу Радзімы” “Папярэднім пераліку” юбілейных мерапрыемстваў значацца правядзенне на базе факультэта міжнародных адносін БДУ навукова-практычнай канферэнцыі (“ІІІ Гашкевічаўскіх чытанняў”) і выданне яе матэрыялаў, адкрыццё памятнай дошкі (знака) у месцы пахавання І. Гашкевіча, правядзенне мерапрыемстваў, звязаных з яго імем у Астраўцы і Светлагорскім раёне на Гомельшчыне, дзе ён нарадзіўся (блізкім родзічам яго быў святы Іаан Кармянскі — гэта адзіны цудатворац сярод беларускіх святых), а таксама выпуск памятных манеты, маркі і канверта.
Гэты матыль названы ў гонар нашага землякаПерад юбілеем добра было б, на мой погляд, правесці дадатковыя пошукі ў архівах і музеях Пецярбурга, дзе павінны быць і матэрыялы аб плённай дзесяцігадовай рабоце І. Гашкевіча ў 12-й Рускай духоўнай місіі ў Пекіне (маюцца на ўвазе цыклы артыкулаў у яе “Працах”), і асабісты архіў дыпламата, перададзены яго сынам у расійскую сталіцу. Куды канкрэтна? У Санкт-Пецярбургскі інстытут усходазнаўства — тое адбылося пасля продажы маёнтка ў Малях, а ў Галоўную фізічную абсерваторыю былі накіраваныя астранамічныя і метэаралагічныя даследаванні нашага слыннага земляка. Шкада, што ў Пецярбургу ўжо няма таварыства “Беларусь—Японія”, якое заснавалі калісьці былыя маракі. Але я спадзяюся, што сябры былога таварыства змогуць працягнуць пошукі, калі перакажу ім месцазнаходжанні адпаведных крыніц.
Ну і, вядома ж, будуць ускладзены кветкі да бюста І. Гашкевіча (скульптар В. Янушкевіч, архітэктар Р. Груша), урачыста адкрытага ў цэнтры Астраўца ў 1994 годзе. Папоўняцца экспанатамі музеі вучонага і падарожніка ў 1-й астравецкай гімназіі і Мальскім сельскім доме культуры. А таксама, верыцца, на хвалі юбілею будзе вернута імя Іосіфа Гашкевіча мясцоваму кааператыву, якое згубілі пры ўзбуйненні гаспадаркі. І яшчэ: можа, нарэшце будзе мемарыялізавана тая Якімава Слабада ў цяперашнім Светлагорскім раёне Гомельшчыны, якая падаравала Беларусі, Японіі і Кітаю, усяму чалавецтву выдатнага філолага, які валодаў 13 мовамі, аўтара першага “Японска-рускага слоўніка”, адзначанага медалём Пецярбургскай АН і Дзямідаўскай прэміяй, а таксама фундаментальнага даследавання “Карані японскай мовы”.
З хадайніцтвам у ЮНЭСКА наконт юбілею Іосіфа Гашкевіча звярнуліся адразу тры краіны: Беларусь, Расія і Японія. Таму ёсць усе шанцы, што юбілей пройдзе на самым высокім міжнародным узроўні. Нам можна ганарыцца светлай постаццю Працаўніка і Творцы, па сутнасці, першага беларускага дыпламата. Яго шматгранная дзейнасць, яго спадчына пераканальна сведчаць аб даўняй прысутнасці Беларусі, яе слаўных сыноў і дачок на міжнароднай арэне.

Адам Мальдзіс

На здымках:
Мемарыяльны камень у Малях
Бюст Іосіфа Гашкевіча ў Астраўцы
Старонка календара з выявай І. Гашкевіча
Гэты матыль названы ў гонар нашага земляка
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter