Дамавічок з душой.

Дзе і за колькі можна купіць арыгінальны беларускі сувенір.

Упэўнена, што збіраючыся ў госці за мяжу, вы сутыкаліся з праблемай, дзе набыць сувенір, які добра прэзентаваў бы нашу краіну і ў той жа час не быў банальным, як саламяныя конікі ды шэрыя льняныя ручнікі, якія ўжо ўсім надакучылі-такі. Карэспандэнт “НГ” даведалася, дзе і за колькі можна купіць арыгінальны беларускі сувенір і, наогул, ці магчыма гэта зрабіць.

Падарунак з кіёска?!

Адразу скажу: найбольш складана набыць цікавы ці нават просценькі нацыянальны сувенір вяскоўцам і жыхарам невялікіх гарадоў. Таму што спецыялізаваных крамаў там, як правіла, няма. Праўда, можна звярнуцца ў любы кіёск Белсаюздруку: там і ляльку саламяную можна набыць, і магніцік на халадзільнік, і блакнот з беларускай сімволікай. Выбару не вельмі пазайздросціш, але хоць штосьці. Ёсць у правінцыялаў
яшчэ адзін шанц здзівіць сваіх замежных сяброў ды знаёмых — звярнуцца ў мясцовыя дамы рамеснікаў. Там абавязкова знойдуцца цікавыя сувеніры ручной работы. Ды і майстры не адмовяцца ад дадатковага заробку, тым больш што такія прадметы добра цэняцца.

Статуэтка цаной з аўтамабіль

Колькі ж каштуе беларускі сувенір? Ад тысячы да сарака мільёнаў беларускіх рублёў — такія цэны ўбачыла, калі прайшлася па мінскіх крамах і галерэях. Самымі даступнымі аказаліся памятныя значкі з выявамі Хатыні, герба і сцяга Беларусі, яны каштуюць ад адной да дзвюх тысяч беларускіх рублёў. Самымі дарагімі — выявы зуброў. Калі керамічная статуэтка цара беларускіх лясоў каштуе каля васьмі тысяч рублёў, драўляная — ад некалькіх соцен да паўтара мільёна, то бронзавая скульптура зубра даўжынёй каля трыццаці сантыметраў — больш за сорак мільёнаў беларускіх рублёў!

Магніцік з Кітая

Да больш-менш бюджэтных варыянтаў беларускіх сувеніраў адносяцца званочкі (ад 10 000), наборы паштовак з выявамі гарадоў (каля 9000), бірулькі і магніты, якія, аказваецца, выпускаюцца не толькі ў Беларусі.
— Вось расійскія — керамічныя, драўляныя, — паказвае на вітрыну з сувенірамі прадавец мінскага ЦУМа Таццяна Кендыш. — А вось гэтыя яркія — з Кітая, — наогул здзіўляе супрацоўніца крамы.
Гэта ж трэба — беларускія сувеніры выпускаюць у Кітаі! Можна падумаць, у нас сваіх майстроў не хапае. Вунь адных рамеснікаў толькі больш за пяць тысяч. Ды і не адлюстроўваюць кітайскія сувеніры нашу культуру. Па цане яны значна адрозніваюцца ад айчынных. Калі нашы магніты каштуюць 5000 і вышэй, то кітайскія — каля 25 000 беларускіх рублёў. За такую цану можна набыць саламяную ці льняную ляльку.

Лялька ці ручнік?

Калі вашы знаёмыя не аматары прадметаў, што будуць проста стаяць на паліцы, варта звярнуцца да так званых практычных сувеніраў. Цікавы варыянт — блакноты ў скураной вокладцы, аформленай на тэму беларускіх матываў (150—200 тысяч рублёў), інкруставаныя саломкай шкатулачкі і куфэрачкі (50—200 тысяч), саламяныя вазы і сподачкі (30—50 тысяч), ільняныя ручнікі (ад 32 да 100 тысяч і вышэй), абрусы (50 тысяч і вышэй), чайныя і сталовыя камплекты (120—700 тысяч), наборы тканых сурвэтак (50—100 тысяч), кам-плекты бялізны з ільну ад 180 да 400 тысяч і вышэй.
Папулярны апошнім часам посуд з над-пісамі і малюнкамі, якія сім-валізуюць Беларусь. Гэта фарфоравыя талеркі з выявамі карт, гербаў беларускіх гарадоў і вядомых архітэктурных аб’ектаў краіны (ад 50 да 200 тысяч), гліняныя і драўляныя кубкі (ад 25 да 80 тысяч і вышэй ). Ёсць нават цэлыя сервізы з беларускімі матывамі. Чайны сервіз на шэсць персон з выявамі славутых мясцін Мінска можна набыць за 450 000, з выявамі жывёл Белавежскай пушчы — за 600 000.

Сувенір-эксклюзіў

Але ўсё вышэй пералічанае, як правіла, сувеніры масавай вытворчасці. Апошнім жа часам усё большай папулярнасцю карыстаюцца вырабы ручной работы. Так званы hаnd made. Толькі ўявіце сабе, як павінны здзівіць вашых знаёмых замежнікаў арыгінальныя лялькі, скульптуры, шахматы, нарды, пано, якія сустракаюцца толькі ў адзінкавым экзэмпляры. Такія рэчы можна знайсці ў спецыялізаваных крамах. У краіне адкрыта 60 салонаў па рэалізацыі рамесных вырабаў, а таксама на сайтах майстроў, дзе гэтыя рэчы можна паглядзець і заказаць.
Так, трох’ярусная разная скарбонка, напрыклад, каштуе 650 тысяч, драўляны падсвечнік — каля 100 тысяч, пано з бяросты з краявідамі беларускай вёскі, азёр, бусламі — ад аднаго да шасці мільёнаў у залежнасці ад памераў, карціны з салёнага цеста — ад 300 да 600 тысяч, талерка, выразаная з дубу, — 640—740 тысяч рублёў. Асабіста мяне зацікавілі пашытыя з тканіны лялькі-дамавікі, нібы з мультфільма пра дамавічка Кузю, коштам ад 90 да 130 тысяч — яны падаліся вельмі хатнімі і цёплымі.

7 найбольш арыгінальных беларускіх сувеніраў

  • Магніцік у выглядзе запалкавай пушкі з выявамі беларускіх гарадоў. Сувенір не толькі арыгінальны, але і танны — 2000—3400 беларускіх рублёў.
  • Лялька-дамавічок ручной работы — ад 90 да 130 тысяч. Добры падарунак для дзіцяці і дарослага.
  • Арыгінальнае пано ручной работы з элементамі беларускага жыцця —1 мільён і вышэй.
  • Дыск з беларускай музыкай, народнымі казкамі, легендамі і паданнямі — 15 000.
  • Фотаальбом або блакнот у скураной вокладцы — ад 150 тысяч і больш. Звычайна майстры дабаўляюць у афармленне цікавыя надпісы і беларускія матывы.
  • Вязаныя пантофлі — каля 30 000 беларускіх рублёў. Суседзі пазайздросцяць такой знаходцы.
  • Хлебніца з лазы — каля 100 тысяч. Не толькі цікавы, але і карысны падарунак.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter