Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Пра тое, што ў Якуба Коласа за акіянам жыве родны брат Міхась Міцкевіч, раней не пісалі ні ў школьных падручніках, ні ў савецкіх СМІ

Далёкі родны брат

Сямейную таямніцу Коласаўскага роду прыадкрыла мне на пачатку 90-х гадоў, здаецца, Вера Міцкевіч — унучка Якуба Коласа, дачка ягонага сына Данілы. Часопіс “Роднае слова”, у якім я тады працаваў, да чарговага юбілею Песняра публікаваў шэраг цікавых матэрыялаў: каб іх маглі выкарыстаць настаўнікі на ўроках беларускай мовы і літаратуры. Мы з тагачасным рэдактарам Міхасём Шавыркіным прыдумалі рубрыку “Дзе льецца Нёман срэбраводны”, акрэслілі вялікі план тэматычных публікацый на год. Тады ж пры дапамозе супрацоўнікаў Коласаўскага музея, падтрымцы ягонай дырэктаркі Зінаіды Камароўскай шмат удалося зрабіць. І Вера Данілаўна, тады супрацоўніца музея, была ў праекце. У прыватнасці, была зроблена частка радаводу Канстанціна Міцкевіча. Па ёй бачна, што не ўсе дзеці ў вялікай сям’і, дзе нарадзіўся будучы Пясняр, выжылі — некаторыя памерлі малымі. Быў пазначаны ў радаводзе і Коласаў малодшы брат Міхась, які жыў у Злучаных Штатах Амерыкі.

Міхась Міцкевіч з дзецьмі Юрыя Прускага, г. Дэтройт, 1968 г.

Пра тое згадалася, калі з Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, што месціцца ў Мінску па вул. Кірылы і Мяфодзія, 4, прыйшоў прэс-рэліз: ладзіцца Літаратурны вечар да 120-годдзя з дня нараджэння малодшага брата Якуба Коласа Міхася Міцкевіча (Антося Галіны). Да справы далучыўся і Дзіцячы фонд духоўнага і культурнага адраджэння “САКАВІК”, у якім актыўна працуе Марыя Міцкевіч, яшчэ адна з унучак Якуба Коласа. Дарэчы, Марыя Міхайлаўна і была ініцыятаркай вечарыны, пра што сказала мне, калі 14 ліпеня ў мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” адкрывалася выстава “Зора і Вітаўт”, прымеркаваная да 90-х угодкаў беларускіх дзеячаў у ЗША Зоры і Вітаўта Кіпеляў.

Міхась Міцкевіч услед за вядомым братам узяў сабе літаратурны псеўданім: Антось Галіна. Ён, як і Якуб Колас, быў пісьменнікам, перакладчыкам, педагогам і грамадскім дзеячам. Ён адзіны з чатырох братоў класіка па ягоным жа шляху паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. “Мой Міхаіл”, “мой брат, таксама настаўнік”, — такія радкі ёсць у лістах Якуба Коласа: ён сачыў за выхаваннем і адукацыяй малодшага брата, выпісваў для яго газету “Наша ніва”, дапамагаў кніжкамі, падручнікамі.

Яшчэ ў семінарыі Міхась далучыўся да літаратурнай творчасці, падпісваўся: Міхась Мяцёлка, М.М-ч. Гэта былі публіцыстычныя артыкулы пра ролю настаўнікаў, інтэлігенцыі ў нацыянальным адраджэнні, пра беларускую мову і культуру, пра жыццё сялян, настаўнікаў, семінарыстаў. Свае ж аповесці, апавяданні Міхась часцей падпісваў: Антось Галіна. Бачачы два кірункі творчасці Міхася Міцкевіча, Максім Гарэцкі адзначаў: ён “вельмі спадзейны малады бэлетрыст і паважаны публіцыст”. Творы Міхася Міцкевіча друкаваліся ў выданнях “Вольная Беларусь”, “Звон”, “Беларусь” ды іншых.

Ён добра ведаў тое, пра што пісаў, бо пісанне спалучаў з працай настаўніка Мінскай Беларускай Гімназіі, а потым і з працай на полі ў родных мясцінах: на Стаўпеччыне. Падзел Беларусі на Заходнюю (увайшла ў склад Польшчы) і Усходнюю ў 1921-м надоўга разлучыў братоў. У 1939 годзе, калі Заходняя Беларусь была далучана да БССР, вясковец зноў пайшоў у народную асвету. Працаваў настаўнікам, дырэктарам школы, школьным інспектарам.

У 1950 годзе Міхась Міцкевіч пераехаў у ЗША. Быў намеснікам старшыні Галоўнай управы Беларуска-Амерыканскага задзі­но­чання, старшынёй выдавецкага фонду “Беларус”,  некаторы час — рэдактарам газеты “Беларус”. Якубу Коласу Міхась прысвяціў некалькі артыкулаў, якія друкаваліся ў эміграцыйных выданнях, найбольш грунтоўны — “Кароткі ўспамін” у часопісе “Беларускі Сьвет”. Шмат гадоў Міхась Міцкевіч выдаваў часопіс “Голас Царквы”, быў апекуном Сабора Святога Кірылы Тураўскага ў Ню-Ёрку. Падрыхтаваў беларускі царкоўны каляндар, пераклаў на беларускую мову Напрастольнае і Паспалітае Евангелле, іншыя богаслужбовыя тэксты. “Дзядзька Міхась быў чалавекам добрым, самаўпэўненым і веруючым, — пісаў вядомы дзеяч беларускай эміграцыі Мікола Прускі. — Гэта быў дабрадушны й цудоўны чалавек, вялікі патрыёт, і любіў ён сваю Бацькаўшчыну як нешта святое”.

Спецыяльна да юбілею Міхася Міцкевіча падрыхтавана невялічкая выстава з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, з прыватнага архіва нашчадкаў Якуба Коласа. Экспануюцца лісты юбіляра, беларускія і эміграцыйныя выданні, рукапісныя творы Міхася Міцкевіча, пераклады рэлігійных тэкстаў ды іншыя. Дарэчы, як патлумачыла супрацоўніца музея Наталля Гардзіенка, здымкаў юбіляра ў ягоных фондах вельмі мала. На нашу просьбу даслала тры — фактычна толькі яны і ёсць. На адным з іх, зробленым у Дэтройце ў 1968 годзе, мы бачым Міхася Міцкевіча, якому ўжо за 70, з дзецьмі Юрыя Прускага.

Голас Радзімы № 30 (3534), чацвер, 10 жніўня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter