Далёкія, але вельмі блізкія

Бываюць лісты, якія трывожаць душу. Задаеш сабе пытанне: “Як такое магло здарыцца?” І не знаходзіш на яго адказу... Пісьмо ад расіянкі Любові Юрковай з такіх. Трагічная гісторыя, расказаная з выкарыстаннем беларускіх слоў, як напамін пра невядомую радзіму. Шчаслівы канец яе можаце напісаць вы.

Бываюць лісты, якія трывожаць душу. Задаеш сабе пытанне: “Як такое магло здарыцца?” І не знаходзіш на яго адказу... Пісьмо ад расіянкі Любові Юрковай з такіх. Трагічная гісторыя, расказаная з выкарыстаннем беларускіх слоў, як напамін пра невядомую радзіму. Шчаслівы канец яе можаце напісаць вы. Але пра ўсё па парадку.

“Мая маці, Лілія Аляксееўна, у 1937 годзе чатырохгадовай дзяўчынкай трапіла ў дзіцячы дом горада Змейнагорска Алтайскага краю, — паведамляе Любоў Анатольеўна. — Пра родных яна нічога не ведала. Пасведчанне аб нараджэнні прыбавіла таямніц: у графе “звесткі пра маці” стаяла толькі прозвішча Вяльчынская. У час вайны асірацелая дзяўчынка выхоўвалася ў чужой сям’і, потым скончыла пяць класаў. Працавала на калгаснай ферме. Сустрэла сваё каханне. З маім бацькам, Анатолем Уладзіміравічам Ягоравым, царства яму нябеснае, мама пражыла 49 гадоў. Выхавала дваіх дзяцей, мяне і брата Аляксандра. Мы атрымалі вышэйшую адукацыю, нармальна ўладкаваліся ў жыцці.

Здавалася б, у мамы ўсё склалася добра. Але ж... Яна многія гады чакала вестачкі ад сваіх родных, вельмі хацела з імі сустрэцца. Але мы нічога ні пра каго не ведалі. А чалавеку так балюча лічыць сябе перакаці-полем. І таму наша сям’я не спынялася ў пошуку.

Некалькі гадоў таму ўдалося крыху прыадкрыць покрыва таямнічасці. У інтэрнэце ў “Кнізе памяці ахвяр палітычных рэпрэсій Алтайскага краю” я знайшла інфармацыю пра аднаго чалавека. Вяльчынскі (Вільчынскі) Аляксандр Сцяпанавіч нарадзіўся 15 лютага 1900 года ў мястэчку Мір Навагрудскага ўезда Мінскай губерні, настаўнік сярэдняй школы. Пражываў у вёсцы Рабрыха Рабрыхінскага раёна. Быў арыштаваны 18 снежня 1937 года, затым асуджаны па артыкуле 58. Расстраляны 27 сакавіка 1938 года і пахаваны ў Барнауле. А 29 красавіка 1958 года... рэабілітаваны ў сувязі з адсутнасцю складу злачынства.

Сэрца адразу забілася: гэта ж мой дзед! Супадаюць прозвішчы, па ўзросце ён мог быць бацькам маёй мамы. Яна трапіла ў дзіцячы дом у 1937-м, і ў гэтым жа годзе Аляксандр Сцяпанавіч быў арыштаваны. Супадаюць месца нараджэння маёй маці і месца жыхарства дзядулі. Праўда, не супадаюць імя і імя па бацьку — Аляксей Іванавіч і Аляксандр Сцяпанавіч, але ж у дзяцей рэпрэсіраваных любымі спосабамі стараліся сцерці памяць пра родных, здаралася, што ў дакументы ўносілі фальшывыя запісы.

Праз пэўны час я звярнулася ў дзяржаўны архіў Алтайскага краю і атрымала дадатковыя звесткі. Аказваецца, Аляксандр Сцяпанавіч Вяльчынскі (Вільчынскі) скончыў у Растове-на-Доне рэальнае вучылішча. Быў арыштаваны за тое, што займаўся шпіянажам на карысць адной з замежных дзяржаў. Сёння гэта здаецца жартам: настаўнік з далёкай вёскі — нейкі шпіён. Але ў той час было інакш...

Асабліва ж мяне зацікавіла, які на допыце бацька назваў склад сваёй сям’і: жонка Таццяна Аляксандраўна, дзявочае прозвішча Юхновіч, 32 гады, і трохгадовая дачка Лілія Вільчынская. Таксама ўпаміналася сястра Антаніна Сцяпанаўна Бельская, настаўніца з Нова-Барысава. Бацька Сцяпан Мартынавіч, маці Алена Георгіеўна, браты Мікалай і Георгій — усе на той час жылі ў мястэчку Мір. Даведка развеяла сумненні. Мая мама і ёсць дачка гэтага чалавека!

Звяртаюся да журналістаў “Народнай газеты” з надзеяй: можа,  дапаможаце адшукаць сляды Вільчынскіх з гарадскога пасёлка Мір ці іх нашчадкаў, а таксама Антаніны Сцяпанаўны Бельскай ці кагосьці з яе сям’і. Спадзяюся, што на Барысаўшчыне ведаюць гэты род. Якія б мы былі шчаслівыя, калі б хтосьці з родных адгукнуўся”.

Ад рэдакцыі. Паведамляем адрас Любові Анатольеўны Юрковай: вёска Гладкова, Саянскі раён, Краснаярскі край, Расійская Федэрацыя, 663594. Чакаем вестачак ад тых, хто штосьці ведае пра ўзгаданых людзей. Святая справа дапамагчы гэтай жанчыне...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter