«Далонi цёплыя зямлi»

У Гомелi выйшаў калектыўны зборнiк вершаў чачэрскiх аўтараў

Упэўнiцца, што ўнутранае iмкненне перадаць шматгранную палiтру жыцця праз вобразныя паэтычныя радкi — справа не толькi вартая, але i надзвычай патрэбная людзям, для аўтара-першапачаткоўца, а тым больш якi жыве на перыферыi, надзвычай важна. Але ўбачыць свае творы надрукаванымi, каб акрылiцца на новы творчы ўзлёт, паказвае тое ж жыццё, шчасцiць далёка не ўсiм.

У гэтым кантэксце выхад у гомельскай друкарнi «Палес­друк» калектыўнага зборнiка вершаў чачэрскiх аўтараў выглядае прыкметнай падзеяй у лiтаратурным жыццi Гомельшчыны. Прэзентацыя кнiгi «Далонi цёплыя зямлi» прайшла днямi ў гарадской бiблiятэцы iмя Герцэна. Творы 31 аўтара, што нарадзiлiся або жывуць на чачэрскай зямлi, сабраны пад адной вокладкай на 176 старонках с густам аформленага зборнiка. Сярод вартасцей — i даволi зручны кiшэн­ны фармат кнiжкi. Выданне прымеркавана да двух гiстарычных дат — 850-годдзя з часу заснавання Чачэрска i 65-й гадавiны Перамогi ў Вялiкай Айчыннай вайне. Дарэчы, сярод аўтараў — тры непасрэдныя ўдзельнiкi вогненных ваенных падзей. Таленавiты паэт Леанiд Гаўрылаў сустрэў вайну механi­кам-вадзiцелем танка, загiнуў у баi з гiтлераўцамi ў лiпенi 1941-га. З плеяды ветэранаў — таксама кавалер ордэнаў Славы, Айчыннай вайны, узнагароджаны шматлiкiмi медалямi член Саюза пiсьменнiкаў Беларусi Васiль Карпечанка, а таксама яшчэ адзiн з аўтараў кнiгi — Уладзiмiр Масюкоў.

— Сiмвалiчна, што побач са сталымi аўтарамi, паэтамi-франтавiкамi да цёплых жыва­творных далоняў зямлi (высокасiмвалiчны кантэкст!) прыхiну­лiся ў раздзеле «Пробны ўзлёт» тыя, хто толькi спрабуе свае сiлы ў лiтаратуры, — адзначыў на прэзентацыi доктар навук прафесар Беларускага дзяржаўнага унiверсiтэта транспарту Леанiд Сасноўскi, пад чыiм патранатам, па сутнасцi, i ажыцця­вiлася ўдзячная задума.

Нямала старанняў прыклаў для адшуквання мясцовых талентаў, што ўрэшце сталi аўтарамi выдання, i зямляк вядомага навукоўцы, ураджэнец Чачэршчыны, член Саюза пiсьменнiкаў Мiхась Болсун, якi ў сваiх кнiгах таксама прысвяцiў не адзiн радок гэтаму гераiчнаму i непаўторнаму па прыгажосцi куточку беларускай зямлi.

— Рыхтаваць выданне падобных кнiг, — заўважыў на прэзентацыi вядомы гомельскi драматург Васiль Ткачоў, — справа надзвычай карпатлiвая. А таму надзвычай прыемна, калi такая няпростая праца прыносiць плённы вынiк, як гэта атрымалася ва ўдзельнiкаў праекта пад назвай «Далонi цёплыя зямлi».

З такой думкай калегi па пяры пагадзiлiся паэткi, члены пiсь­меннiцкай арганiзацыi Гомельшчыны Нiна Шклярава, Эма Усцiновiч, а таксама чачэрская аўтарка Галiна Карповiч i арганiзатары прэзентацыi — бiблiятэчныя работнiкi.

Вянцом жа лiтаратурнай падзеi ў бiблiятэцы Герцэна сталi цудоўныя вершы, якiя чыталi перад прысутнымi масцiтыя i маладыя творцы...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter