Дакрануцца да нябёсаў

А ці лёгка потым знайсці сваё месца на зямлі? Дванаццаць гадоў таму настаўніца гісторыі з Ашмянаў Валянціна ГІНЧУК адправіла ў дарослае жыццё свой першы выпуск і стала першай у краіне жанчынай — пераможцай рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”. Карацей, раніцай пасля конкурсу былая выпускніца і настаўніца сярэдняй школы № 2 Ашмянаў прачнулася знакамітай.

А ці лёгка потым знайсці сваё месца на зямлі?

Дванаццаць гадоў таму настаўніца гісторыі з Ашмянаў Валянціна ГІНЧУК адправіла ў дарослае жыццё свой першы выпуск і стала першай у краіне жанчынай — пераможцай рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”. Карацей, раніцай пасля конкурсу былая выпускніца і настаўніца сярэдняй школы № 2 Ашмянаў прачнулася знакамітай.

— Мой стан у той момант найлепш характарызуе выраз — дакрануцца да нябёсаў, — гаворыць сённяшняя Валянціна Гінчук — начальнік упраўлення маніторынгу якасці адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі, кандыдат педагагічных навук. — Калі ты ставіў мэту і дасягнуў яе — а ў маім выпадку вынік пераўзышоў усе чаканні, — з’яўляецца пачуццё свята і крылаў за спіной.
Конкурс, па прызнанні суразмоўцы, дапамог пераадолець шэраг псіхалагічных страхаў (гэта зусім не проста аказалася — выносіць на суд іншых свой педагагічны вопыт) і ўзняцца на чарговую прыступку прафесійнай самарэалізацыі. Праз два гады пасля перамогі ўладальніца “Крыштальнага жураўля” паступіла ў аспірантуру Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя М. Танка.
— Калегі перасцерагалі, што развітацца са школай будзе цяжка, — кажа Валянціна Гінчук. — І яны мелі рацыю. Амаль з першых дзён я стала сумяшчаць вучобу ў аспірантуры з выкладаннем гісторыі і грамадазнаўства старшакласнікам сталічнай школы № 30. Магчыма, гэта прагучыць занадта ўпэўнена, аднак я лічу, што за 18 гадоў работы ў школе я рэалізавала ўсе свае магчымасці як настаўнік. Я паспрабавала сябе ў многіх ролях: была выкладчыкам гісторыі і грамадазнаўства, класным кіраўніком, намеснікам дырэктара па выхаваўчай і вучэбна-выхаваўчай рабоце, кіраўніком інтэлектуальнага клуба “Што? Дзе? Калі?”.
***
Пытанне, у якой з роляў яна адчувала сябе найбольш арганічна, вымушае суразмоўцу задумацца:
— Кожная з іх была па-свойму цяжкай і патрабавала шмат сіл і працы... Аднак цяжкасць і цікавасць, так атрымліваецца ў маім жыцці, увесь час ідуць побач. Мне было цікава працаваць у школе. Калі я сёння ўспамінаю школьны перыяд свайго прафесійнага жыцця, то чамусьці самым моцным уражаннем застаецца пачуццё адказнасці за клас, дзе я на працягу 7 гадоў была класным кіраўніком. 25 хлопчыкаў і дзяўчынак, якіх мне даверылі... Меў рацыю нехта з вялікіх, калі сцвярджаў, што быць адказным за чалавецтва ўвогуле лягчэй, чым за асобнага чалавека.
Сёння я з прыемнасцю ўспамінаю работу ў школе, былых калег — добразычлівых прафесіяналаў, у якіх заўсёды было чаму павучыцца, вучняў — дапытлівых, разважлівых, інтэлектуалаў, з якімі было аднолькава цікава працаваць на ўроку, арганізоўваць школьныя вечарыны, інтэлектуальныя турніры, спартыўныя мерапрыемствы, хадзіць у паходы па Ашмяншчыне. Нават калі я ўжо вучылася ў аспірантуры, нам удавалася сабрацца разам з былымі вучнямі, удзельнікамі клуба “Што? Дзе? Калі?”, і на некалькі дзён пайсці ў паход.
— Якім чынам педагагічны вопыт пераможцы конкурсу “Настаўнік года-1997” рэалізуецца сёння?
— Апасродкавана, але ён працуе. Назапашаныя падчас работы ў школе веды і вопыт рэалізуюцца пры распрацоўцы метадычных рэкамендацый па выкладанні гісторыі і грамадазнаўства, каляндарна-тэматычнага планавання, метадычнага апарату падручнікаў, рабочых сшыткаў для вучняў, праграм факультатыўных заняткаў, дыдактычных матэрыялаў і рэкамендацый для іх правядзення. Так, распрацоўваючы метадычны апарат вучэбнага дапаможніка па гісторыі Беларусі для 11-га класа (пытанні і заданні да параграфаў і ўрокаў абагульнення, памяткі “Як вывучаць гісторыю”), я выкарыстоўвала заданні, якія выконвалі ў свой час мае вучні, і таму магу з упэўненасцю гаварыць пра іх даступнасць.
Мару напісаць падручнік па методыцы навучання гісторыі. Гэта будзе методыка навучання гісторыі ў інфармацыйным грамадстве, дзе школьныя веды не з’яўляюцца нечым завершаным і разлічаным на ўсё жыццё. Сучасны чалавек павінен вучыцца, перавучвацца, папаўняць свае веды, асвойваць тое, што патрэбна на новым этапе прафесійнага развіцця. На сучасным уроку гісторыі трэба вучыць школьнікаў вучыцца, атрымліваць гістарычныя веды з розных крыніц інфармацыі.
***
— Сёння часта даводзіцца чуць папрок: беларусы не ведаюць гісторыі сваёй краіны і не прывыклі ганарыцца ёй...
— Не магу пагадзіцца з такой катэгарычнай ацэнкай. Па-першае, не трэба абагульняць. Сярод нас шмат людзей, якія цікавяцца гісторыяй і культурай Беларусі, музыкай, мастацтвам, тэатрам. Паглядзіце, у Купалаўскім тэатры заўсёды аншлагі. Па-другое, гісторыю сваёй краіны як асобны вучэбны прадмет мы пачалі вывучаць у школе толькі з 1993 года. 16 гадоў — гэта зусім малы тэрмін і з гістарычнага, і з сацыялагічнага пункту гледжання. Гэта нават менш чым адно пакаленне, за якое ў сацыялогіі прымаецца 30 гадоў. Але мы шмат паспелі зрабіць за гэты час: распрацаваны вучэбныя праграмы і падручнікі, з’явіліся праграмы на тэлебачанні, прысвечаныя гісторыі айчыны, вядзецца актыўная краязнаўчая работа. І вынік абавязкова будзе, асабліва калі свае намаганні ў гэтым кірунку аб’яднаюць школа, установы культуры, грамадскія арганізацыі і іншыя.
Падчас нашай сустрэчы Валянціна Гінчук паставіла пад сумнеў яшчэ адно ходкае меркаванне: нібыта ўзровень ведаў выпускнікоў нашых школ паступова зніжаецца:
— Мне хочацца спытаць, зыходзячы з якіх фактаў робіцца гэтая выснова. Кім праводзілася даследаванне, якія дыягнастычныя матэрыялы пры гэтым скарыстоўваліся? Ва ўсякім выпадку, аналіз выніковых адзнак вучняў
9-га і 11-га класаў па беларускай і рускай мовах, матэматыцы, фізіцы і хіміі, праведзены ў 32 агульнаадукацыйных школах рэспублікі, гэтую спрэчную выснову не пацвярджае.
Я ўпэўнена, што стан сённяшняй школы і якасць навучання вызначае ў першую чаргу настаўнік. І вельмі шкадую, калі маладыя людзі прыходзяць у педагагічныя універсітэты па астаткавым прынцыпе: паглядзелі, што не праходзяць па балах у БДУ, БДЭУ ці БНТУ, і вырашылі атрымаць дыплом настаўніка. Праз пяць гадоў такія выпускнікі, магчыма, і паедуць адпрацоўваць свае два гады, але ці затрымаюцца яны ў школах потым?
Аднойчы падчас размовы са студэнтам выпускнога курса педагагічнага універсітэта давялося пачуць наступныя разважанні: атрымаю дыплом, пайду на мытню. Калі не возьмуць, паспрабую ў міліцыю. Калі і там не выгарыць, паспрабую ўладкавацца ў якую-небудзь камерцыйную структуру. Хіба ўжо зусім не пашанцуе, тады ў школу...
Уявіце сабе настаўніка з псіхалогіяй няўдачніка: яму ж “не пашанцавала”. Дзеці такіх не любяць, яны цягнуцца да паспяховых, рэалізаваных у прафесіі дарослых людзей. Задачы сучаснай беларускай школы можа вырашыць настаўнік-прафесіянал, які любіць сваю справу, — педагог па прызванню. Мне вельмі падабаецца ідэя конкурснага адбору ў педагагічныя навучальныя ўстановы не толькі па выніках цэнтралізаванага тэставання, але і па прафесійных якасцях. Калі абітурыенту, які вырашыў звязаць свой лёс з педагогікай, на сумоўі прапанаваць рашыць некалькі сітуацый, гэта дазволіць яму праявіць свае асабістыя якасці, а прыёмнай камісіі — вызначыць, будучы калега перад імі ці чалавек, якому лепш шукаць іншую сферу прафесійнай дзейнасці.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter